Вучыцца — значыць задаваць пытанні

- 13:47Метадычная скарбонка

На II Форуме педагогаў дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці “Арыенціры дзяцінства” ў рамках анлайн-майстэрні прайшлі майстар-класы лепшых педагогаў вобласці, падчас якіх яны прадставілі свой вопыт работы ў кірунках дзіцячай журналістыкі, даследчай дзейнасці выхаванцаў і тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Дзіцячая журналістыка — гэта рэальнасць

“Адукацыйныя магчымасці дзіцячай журналістыкі ў развіцці выхаванцаў” — так гучала тэма майстар-класа Вікторыі Пятроўны Гяч, намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 19 Слуцка, пераможцы конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020” у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. Вікторыя Пятроўна прапанавала калегам падзяліцца на тры групы, уявіць, што яны журналісты, і задаць ёй па тры пытанні (ад кожнай групы).

“Што такое журналістыка? Хто такі журналіст? — звярнулася да калег Вікторыя Пятроўна. — Журналістыка — гэта грамадская дзейнасць па зборы, апрацоўцы, інтэрпрэтацыі і распаўсюджванні масавай інфармацыі. А што пра гэта думаюць дзеці? Прапаную паглядзець відэаінтэрв’ю з маімі выхаванцамі і паразважаць над тым, ці могуц­ь дзеці стаць журналістамі”.

У працэсе абмеркавання тэмы Вікторыя Гяч зрабіла выснову: “Дзіцячая журналістыка — гэта рэальнасць, якую кожны педагог можа ўвасобіць у сваёй педагагічнай практыцы”. Разам з удзельнікамі майстар-класа яго вядучая шукала адказы на пытанні: “Якія элементы ўключае ў сябе дзіцячая журналістыка?”, “Хто з’яўляецца стваральнікам інфармацыі?”, “Што і для каго ствараюць дзеці?”, “З дапамогай якіх каналаў перадачы інфармацыі інфармацыйны прадукт можа трапіць да свайго спажыўца?”.

“Актуальнае для педагогаў пытанне: якія адукацыйныя галіны вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі можна рэалізавац­ь, займаючыся дзіцячай журналістыкай? — гаворыц­ь Вікторыя Пятроўна. — Найперш гэта галіна “Дзіця і грамадства”. І тут у журналістыкі шырокія магчымасці для пазнавальнага і асобаснага развіцця выхаванцаў. Што тычыцца адукацыйнай галіны “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, то максімальныя магчымасці для яе рэалізацыі існуюць на этапе стварэння дзецьмі інфармацыйнага прадукту — нататак, інтэрв’ю, што развівае іх дыя­лагічнае і маналагічнае маўленне і г.д. З чаго пачынаецца стварэнне інфармацыйнага прадукту? З выбару тэмы і збору інфармацыі па ёй. Далей адбываюцца асэнсаванне і аналіз інфармацыі і ствараецца тэкст”.

Вікторыя Пятроўна прапанавала абмеркаваць і скласці структурную схему “дзіцячай журналістыкі” і пазнаёміла калег з аўтарскай мадэллю выкарыстання адукацыйных магчымасцей дзіцячай журналістыкі для развіцця маўлення дашкольнікаў. Педагогі суадносілі задачы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі па развіцці маўленчых уменняў з этапамі стварэння інфармацыйнага прадукту. Напрыклад, на этапе выбару тэмы вырашаюцца такія задачы па развіцці маўлення, як уменне выкарыстоўваць элементы разважання, тлумачэння пры выбары тэмы, уменне выконвац­ь правілы вядзення дыялогу пры сумесным абмеркаванні. На этапе збору інфармацыі вырашаюцца такія задачы па развіцці маўлення, як уменне задаваць пытанні, цікавіцца меркаваннем іншых, распытваць суразмоўцу пра падзеі яго жыцця, уменне выконваць асноўныя правілы маўленчага этыкету пры прывітанні, развітанні, знаёмстве.

Вікторыя Пятроўна заклікала выхавальнікаў паспрабаваць стварыць інфармацыйны прадукт, які адпавядае канкрэтнаму жанру журналістыкі. У якасці раздатачнага матэрыялу прапанавала алгарытмы стварэння відэаблога, выпуску навін і інтэрв’ю. Тэма будучага матэрыялу — “Заложнікі сітуацыі”. Крыніца інфармацыі — сюжэт, у якім ідзе гаворка пра тое, што вясной 2020 года цырк “Антрэ” не змог працягнуць гастролі і застаўся недалёка ад Слуцка. З-за каранавіруса паказы не праводзіліся. Артысты засталіся без работы, а жывёлы без ежы. Доўгі час цырку дапамагалі сябры артыстаў і проста неабыякавыя людзі. Сітуацыя была блізкая да крытычнай — гаспадары мядзведзіцы Машы гатовы былі расстацца з ёй. Уладальнікі шапіто чакалі прапаноў ад стацыянарных заапаркаў. Дырэктар цырка звярнулася да гараджан па дапамогу ў падкормцы жывёл.

Кожная група прадэманстравала створаныя інфармацыйныя прадукты і зрабіла высновы аб адукацыйных магчымасцях дзіцячай журналістыкі ў развіцці маўлення выхаванцаў. У сваю чаргу, Вікторыя Пятроўна падзялілася прыкладамі са сваёй педагагічнай практыкі, прадэманстраваўшы відэасюжэты пра сваю дзейнасць з выхаванцамі па асваенні журналісцкіх навыкаў. Такім чынам, удзельнікі майстар-класа даведаліся, што такое дзіцячая журналістыка і як заняткі ёй дапамагаюць развіваць маўленне выхаванцаў, навучыліся вырашаць задачы маўленчага развіцця дзяцей у працэсе стварэння журналісцкіх тэкстаў, атрымалі матывацыю на ўкараненне дзіцячай журналістыкі ў адукацыйны працэс.

Я — сапраўдны даследчык

Майстар-клас Паліны Аляксандраўны Сарокінай, выхавальніцы ясляў-сада № 35 Маладзечна, прысвечаны даследчай дзейнасці як сродку развіцця пазнавальнай актыўнасці дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Педагог з’яўляецца кіраўніком даследчай работы выхаванкі Кацярыны Монід па тэме “Чаму кнігу пра жывёл і расліны назвалі “чырвонай?”, якая перамагла на рэспубліканскім конкурсе “Я — даследчык” у 2019 годзе.

“Я звярнула ўвагу на тое, што дзеці не заў­сёды ўмеюць разважаць, думаць, заўважац­ь простыя рэчы, якія адбываюцца навокал, — адзначае Паліна Аляксандраўна. — Цяпер любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце, многае дзеці даведваюцца з развіццёвых мультфільмаў, і ў іх часта губляецца патрэба ў пазнавальнай актыўнасці. Усё радзей яны падымаюць вочы ўверх, каб задаць пытанне, менш цікавяцца тым, што адбываецца навокал. Але ж дашкольнік па сваёй прыродзе даследчык. Педагогам варта арганізавац­ь яго дзейнасць так, каб у яго з’явілася цікавасц­ь спазнаваць новае. Бо самае лепшае адкрыццё — тое, якое дзіця робіць само. Часта праблема заключаецца ў тым, што дарослыя даюць дзіцяці гатовыя ісціны замест таго, каб даць магчымасць самому абследаваць, назіраць, эксперыментаваць, параўноўваць, ствараць, атрымлівац­ь вынік”.

Што такое даследаванне? Гэта пошук і тлумачэнне прычын невядомага і незразумелага. Перадумовы даследчай дзейнасці фарміруюцца з трохгадовага ўзросту. Яна ўключае наступныя этапы: фармулёўка тэмы, пастаноўка мэты, вылучэнне гіпотэзы (для гэтага неабходныя ўменні і навыкі даваць азначэнне паняццям, класіфікаваць, эксперыментаваць, структураваць матэрыял), фіксацыя вынікаў, фармулёўка высновы (неабходна ўмець тлумачыць, даказваць і абараняць свае ідэі).

“З чаго пачынаецца даследаванне? — задае пытанне педагог. — Даследаванне не можа з’явіцца з ніадкуль. Павінен быць пасыл (прычына) яго ўзнікнення. Сутыкненне з чымсьці новым, дзіўным, невядомым, незразумелым для дзіцяці, маўляў “не можа быць!”, “ух, ты!”, “нічога сабе!”, “чаму?”. Тэма даследавання змяшчае пытанне, уключае праблему, апісвае супярэчнасць. Для таго каб развівац­ь уменне бачыць праблемы і задаваць пытанні, ёсць наступны спосаб: паглядзець на свет (аб’ект даследавання) чужымі вачыма (з розных бакоў). Тады можна ўбачыць тое, што адрозніваецца ад традыцыйнага погляду. Можна пакласці на стол які-небудзь прадмет і прапанаваць дзецям задаць пытанні і даведацца аб прадмеце як мага больш. Напрыклад лялька. Дзеці могуц­ь спытаць, хто яе гаспадыня, дзе яна цяпер, чаму пакінула ляльку на стале, старая або новая гэта лялька. Можна прапанаваць ім рэч, якую яны бачаць упершыню”.

Мэта даследавання — адказаць на пытанні, для чаго і навошта я праводжу даследаванне, паспрабаваць зразумець прычыну дзіўнага, новага, незнаёмага. Гіпотэза — гэта здагадка, якая вылучаецца для тлумачэння фактараў, з’яў і працэсаў, якія трэба пацвердзіць або абвергнуць. Гіпотэзы даюць магчымасць убачыць праблему ў іншым святле, паглядзець на сітуацыю збоку. Правяраюцца гіпотэзы наступным чынам: дзіця можа падумаць самастойна, паглядзець (прачытаць) у кнігах, спытаць у дарослага, спецыяліста, паглядзець у інтэрнэце, правесці эксперыменты і паназіраць.

“Пры прэзентацыі даследавання дзіця расказвае не завучаны тэкст, а пераказвае яго з дапамогай нагляднасці (фота, схемы, карцінкі), — заўважае Паліна Аляксандраўна. — Педагогу неабходна зрабіць так, каб у працэсе даследавання цікавасць дзіцяці не згасла, не знік энтузіязм, які быў у пачатку. Пахвалы для гэтага недастаткова. Неабходна, каб дзіця расказала аднагодкам пра тое, як яно даведалася пра новае. Іншыя дзеці з задавальненнем паслухаюць і зададуць свае пытанні. У даследчай дзейнасці важная роля адводзіцца рабоце з бацькамі. Гэта могуц­ь быць размовы і кансультацыі з імі, паказ вынікаў даследчай дзейнасці іх дзіцяці, сумесная работа над афармленнем даследавання і далучэнне да адукацыйнага працэсу (экскурсіі, назіранне). Даследчая дзейнасць дазваляе дзецям свабодна думаць і выказваць свае меркаванні. У іх няма стэрэатыпу “рабі (гавары), як усе”, з’яўляецца імкненне спазнаваць свет, радасць за свае адкрыцці. Часта можна пачуць, як дзіця з гордасцю гаворыць: “Я — сапраўдны даследчык”. Важна толькі рабіць гэта пры ўмелым кіраўніцтве дарослага, які накіроўвае, падказвае, прапануе, а не прымушае ці навязвае свае ідэі”.

“Рамонак пытанняў і адказаў”

“Прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення як сродак павышэння пазнавальнай актыўнасці выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту” — тэма майстар-класа Надзеі Сямёнаўны Радзівановіч, выхавальніцы дзіцячага сада № 8 Стоўбцаў, дыпламанта абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020”. Педагог падзялілася вопытам работы па развіцці маўленчай актыўнасці выхаванцаў пры рабоце з мастацкім тэкстам.

“Для чаго мы вызначаем мэту і задачы адукацыйнай дзейнасці? Як прыйсці да таго, каб дзіця прымяняла атрыманыя веды? — цікавіцца Надзея Сямёнаўна. — Тут многія педагогі трапляюць у пастку: іх пытанні і заданні зводзяцца да таго, каб дашкольнік ведаў і разумеў матэрыял. Сёння ж актуальным з’яўляецца не столькі працэс перадачы ведаў ад педагога да дашкольніка, колькі выхаванне матываванай, ініцыятыўнай асобы, арыентаванай на поспех. Я заўважыла, што цяжкасці ў дашкольнікаў выклікаюць перадача зместу літаратурных твораў (адназначныя адказы на пытанні), фармулёўка ўласных выказванняў, перадача эмацыянальнай ацэнкі ў слоўнай форме. Якія метады і прыёмы можна выкарыстоўваць для развіцця звязнага маўлення дзяцей? Гэта размовы, чытанне і пераказ мастацкіх твораў, завучванне вершаў, драматызацыя, аповед літаратурных твораў з выкарыстаннем цацак, карцін, з апорай на ўласны вопыт, творчы аповед, звязныя выказванні накшталт разваг. Шукаючы сродкі, якія б не толькі дапамаглі мне развіць маўленне выхаванцаў, але і далі ім магчымасц­ь асэнсаваць і прымяніць у жыцці атрыманую інфармацыю, я адаптавала для работы з дашкольнікамі прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення”.

З адным з такіх прыёмаў педагогі пазнаёміліся ў пачатку майстар-класа. На­дзея Сямёнаўна папрасіла калег адгадаць, што знаходзіцца ў яе ў скрынцы, выкарыстоўваючы пытанні, на якія яна магла адказаць толькі “так” ці “не” (у скрынцы знаходзіўся папяровы рамонак). Пры выкананні дадзенага задання былі задзейнічаны мысленне і маўленне — асноўныя псіхічныя працэсы, якія ўзаемазвязаны паміж сабой, бо без развіцця мыслення нельга развіваць маўленне.

“Уменне думаць крытычна — гэта не вышукванне недахопаў, а здольнасць ставіць новыя пытанні, выпрацоўваць аргументы, што развіваюць маўленне дзяцей, — гаворыц­ь педагог. — Выкарыстоўваючы прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, пры дапамозе пытанняў я не толькі дапамагаю дзецям усвядоміць і зразумець змест твора, але і стымулюю іх самастойна разважаць над тэкстам, шукаць адказы, прыдумваць працяг сюжэту, фармірую ўменне самастойна прыдумваць і задаваць пытанні. Арыентуюся на класіфікацыю ўзроўняў пазнання амерыканскага псіхолага Б.Блюма: веданне, разуменне, прымяненне, аналіз, сінтэз, ацэнка. У аснове піраміды знаходзяцца веды”.

Надзея Сямёнаўна прапанавала ўдзельнікам майстар-класа папрацаваць у падгрупах. На лісточках, што знаходзіліся ў іх на сталах, з левага боку пазначаны ўзроўні пазнання, з правага — дадзены азначэнні да іх. Візуалізацыяй піраміды з’яўляецца “рамонак Блюма” або “рамонак пытанняў і адказаў”, які складаецца з шасці пялёсткаў, кожны з якіх змяшчае пэўны тып пытання, што адпавядае пэўнаму ўзроўню пазнання. Узроўню “веданне” адпавядаюць простыя пытанні: “Што?”, “Калі?”, “Дзе?”, “Як?”. Узроўню “разуменне” — больш складаныя пытанні: “Гэта значыць, ты гаворыш, што…”, “Калі я правільна зразумеў, то…”, “Я магу памыляцца, але, па-мойму, вы сказалі пра…”. Для ўзроўню “прымяненне” прапануюцца практычныя пытанні: “Як можна ўжыць…”, “Што можна зрабіць з…”, “Дзе вы ў звычайным жыцці можаце назіраць…”, “Як бы вы зрабілі на месцы героя апавядання?”. Узроўню “аналіз” адпавядаюць інтэрпрэтацыйныя (якія тлумачаць) пытанні, што звычайна пачынаюцца са слова “чаму” і накіраваны на ўстанаўленне прычынна-выніковых сувязей. Да ўзроўню “сінтэз” можна аднесці творчыя пытанні, якія змяшчаюць элемент умоўнасці, здагадкі, прагнозу: “Што змянілася б…”, “Што будзе, калі… ”, “Як вы думаеце, як бу­дзе развівацца сюжэт у апавяданні пасля…”. Да ўзроўню “ацэнка” належаць пытанні, накіраваныя на высвятленне крытэрыяў ацэнкі тых ці іншых падзей, з’яў, фактаў: “Чаму нешта добра, а нешта дрэнна?”, “Як вы ставіцеся да ўчынку галоўнага героя?” і г.д.

Выкарыстоўваючы прыём “Рамонак пытанняў”, Надзея Сямёнаўна арганізуе індывідуальную, парную або групавую работу з выхаванцамі. На прыкладзе казкі “Калабок” яна прапанавала калегам знайсці і размеркавац­ь пытанні па тыпах. На сталах былі памяткі па рабоце з “рамонкам Блюма” і канверты з пытаннямі, якія неабходна было размеркаваць у адпаведнасці з іх тыпамі. Пры гэтым адаптаваць пытанні і заданні трэба было з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей і ўзроўню іх развіцця.

“Першая група атрымлівае апавяданне В.Асеевай “Пячэнне”, другая — апавяданне Л.Талстога “Костачка”, — працягнула Надзея Сямёнаўна. — Ваша задача — сфармулявац­ь па адным пытанні кожнага тыпу і запісаць яго на пялёстку. На выкананне задання даецца 5—7 хвілін. Пасля абмеркавання прадстаўнік групы зачытвае апавяданне, а затым пытанні”.

Падчас рэфлексіі Надзея Сямёнаўна выкарыстала яшчэ адзін прыём тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення — “Сінквейн”, які педагогі склалі ў адпаведнасці з тэмай майстар-класа. Развіталася з калегамі Надзея Сямёнаўна словамі Джона Холта: “Вучыцца — значыць задаваць пытанні. Каб задаваць пытанні, дзіцяці патрэбна вера ў сябе, а педагогу — уменне яе падтрымаць”.

Надзея ЦЕРАХАВА.