Дзяржава высока цэніць карпатлівую працу і высокія дасягненні ў любой сферы дзейнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у Палацы Незалежнасці.
“Сёння мы прадаўжаем узнагароджанне дастойных людзей Беларусі, якія дасягнулі значных поспехаў у мінулым пяцігоддзі. Гэта ўрачыстае мерапрыемства невыпадкова праходзіць напярэдадні Новага года, калі кожны з нас разважае аб тым, чаго ўдалося дасягнуць, а што яшчэ трэба зрабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наша дзяржава высока цэніць шматгадовую карпатлівую працу і высокія дасягненні ў любой галіне і сферы дзейнасці. Тут прысутнічаюць прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, але ўсіх вас аб’ядноўвае адданасць любімай справе, адказнасць і выключная працавітасць. Думаю, гэтыя якасці з’яўляюцца залогам поспеху ў любым пачынанні”.
Ордэнаў і ганаровых званняў удастоены 25 чалавек за шматгадовую плённую работу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў у прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, ажыццяўленне міжнароднай дабрачыннай і гуманітарнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у развіццё сферы адукацыі, аховы здароўя, мастацтва і культуры.
“Для нас вельмі важна, каб прафесійныя веды і навыкі чалавека заўсёды знаходзілі прымяненне і прыносілі карысць краіне і людзям. Таму з асаблівай удзячнасцю мы адзначаем заслугі работнікаў вытворчага сектара, дзе на першы план выходзяць майстэрства, вопыт і валоданне самымі сучаснымі тэхналогіямі”, — адзначыў прэзідэнт.
Сярод прадстаўнікоў гэтай сферы — дырэктар Аршанскага станкабудаўнічага завода “Чырвоны барацьбіт” Аляксандр Шульгін, якому прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь”. Прадпрыемства прызнана адным з лідараў у вытворчасці тэхналагічнага абсталявання не толькі ў краіне, але і за яе межамі.
Лёгкую прамысловасць прадставіў дырэктар прадпрыемства “Ніць” Беларускага таварыства глухіх Сяргей Кузняцоў. Ён удастоены ордэна Пашаны. “За апошнія гады гэтае прадпрыемства змагло нарасціць прыбытак і пашырыць асартымент прадукцыі, а таксама дасягнула высокіх паказчыкаў па энергазберажэнні”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Цёплыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў нафтавікам.
Асабліва адзначаны былі і дасягненні беларускіх будаўнікоў.
Прэзідэнт асобна падкрэсліў поспехі аграрыяў, узнагародзіўшы дырэктара ААТ “Нарачанскія зоры” Генадзя Кучко і трактарыста-машыніста ААТ “Прудзінкі” Уладзіміра Лапкоўскага ордэнам Пашаны.
На цырымоніі таксама прысутнічала вялікая група прадстаўнікоў сілавых структур, сярод якіх ваеннаслужачыя і супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны ўдастоены ордэна “За службу Радзіме” III ступені.
За значны ўклад у рэалізацыю духоўна-асветных і сацыяльных праектаў, а таксама захаванне і ўзвядзенне праваслаўных храмаў на беларускай зямлі ордэнам Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў прэзідэнта расійскага дабрачыннага фонду святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены Настассю Асіціс. “Глыбокай павагай у нашай краіне карыстаюцца людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё справе міласэрнасці і дапамогі бліжняму”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Узнагарод таксама былі ўдастоены прадстаўнікі сфер дзяржаўнага кантролю, адукацыі і аховы здароўя. “Рады бачыць у гэтай зале ўрачоў. Кваліфікаваная медыцынская дапамога для грамадзян з любога кутка краіны, ахова мацярынства і дзяцінства, павелічэнне працягласці жыцця людзей — гэта прыярытэты сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы”, — заявіў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама ўзнагародзіў рэктара Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Вітольда Песціса ордэнам Пашаны. Дырэктару Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Леаніду Мінаву прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
“Тое, што Беларусь пазіцыянуе сябе як спартыўная дзяржава, красамоўна пацвярджае прысутнасць тут вялікай групы атлетаў, трэнераў і спецыялістаў, якія ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Гэта прызнанне іх заслуг у развіцці фізічнай культуры і спорту, а таксама поспехаў на апошніх Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
За дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра, вялікі асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ордэнаў, медалёў і ганаровых званняў удастоены 27 чалавек.
Залатыя прызёры летніх Параалімпійскіх гульняў Андрэй Праневіч, Уладзімір Ізотаў і Ігар Бокі, а таксама залаты прызёр летніх Алімпійскіх гульняў Уладзіслаў Ганчароў і шэраг трэнераў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені. Ордэна Пашаны ўдастоены бронзавыя прызёры летніх Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, Марына Літвінчук, Надзея Ляпешка і Вольга Худзенка, сярэбраныя прызёры летняй Алімпіяды Дар’я Навумава і Марыя Мамашук.
Трэнер-урач нацыянальнай каманды па кулявой стральбе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па прыкладных відах спорту Валерый Белан і галоўны трэнер нацыянальнай каманды па інваспорце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту Марыя Грыгаран узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
За асаблівыя заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Леаніда Гейштара і Сяргея Макаранку. “Асаблівы гонар нашым першым алімпійскім чэмпіёнам, якія заваявалі “золата” на Алімпіядзе ў Італіі 1960 года ў веславанні на байдарках і каноэ. Няхай ваша працавітасць, стойкасць і мэтанакіраванасць стануць прыкладам для сённяшніх маладых спартсменаў”, — сказаў прэзідэнт.
Усяго на цырымоніі прысутнічала больш за 50 работнікаў розных сфер дзейнасці.
“Напэўна, за бягучы год гэта самае масавае, прадстаўнічае ўзнагароджанне. Яшчэ раз хачу павіншаваць вас з гэтымі вялікімі дасягненнямі. Але галоўнае, можа, нават не гэтая ваша сённяшняя ўзнагарода. Галоўнае, каб гэта быў першы або чарговы крок да атрымання новых узнагарод. Я быў бы шчаслівы, калі б мне ўдалося сустрэцца няхай не з кожным з вас (а лепш з кожным), хаця б з некаторымі ў гэтай зале і ўручыць вам заслужаныя высокія ўзнагароды нашай дзяржавы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт шчыра павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым Новым годам і светлым святам Нараджэння Хрыстова, пажадаў, каб высокая ацэнка іх заслуг прыносіла радасць напярэдадні гэтых цудоўных свят і стала стымулам для новых здзяйсненняў у будучыні.