На фестывале вучэбнай кнігі адбыліся майстар-класы па ўсіх вучэбных прадметах агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама па дашкольнай і пачатковай адукацыі. Тэматыка ўключала ўсе аспекты выкарыстання вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах у адукацыйным працэсе. Праводзілі майстар-класы вядомыя навукоўцы, метадысты і педагогі краіны — аўтары вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Рабочай пляцоўкай стаў Ліцэй БДУ.
Цэнтральным звяном майстар-класа з’яўляецца дэманстрацыя эфектыўных метадаў засваення вучэбнага матэрыялу пры актыўнай ролі ўсіх яго ўдзельнікаў. Галоўнае ў тэхналогіі правядзення майстар-класа — не столькі паведаміць новую вучэбную інфармацыю, колькі авалодаць прадукцыйнымі прыёмамі, метадамі, методыкамі дзейнасці.
Цікавым стаў майстар-клас па рускай мове і літаратуры, на якім з педагогамі-практыкамі сваім досведам дзялілася заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар, аўтар падручнікаў па рускай мове Ларыса Аляксандраўна Мурына.
Як кіраўнік аўтарскіх калектываў па распрацоўцы нарматыўнага, вучэбнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння па вучэбным прадмеце “Руская мова” Л.А.Мурына раскрыла канцэптуальныя, метадалагічныя асновы навучання рускай мове ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія знайшлі адлюстраванне ў сучасных вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможніках па рускай мове для 5—11 класаў, падзялілася з педагогамі сваімі перспектыўнымі ідэямі, што будуць рэалізаваны ў вучэбных праграмах і падручніках новага пакалення. З новымі прадметнымі тэхналогіямі, накіраванымі на маўленчае, лінгвакультуралагічнае і сацыякультурнае развіццё вучняў у працэсе навучання рускай мове, пазнаёміла настаўнікаў дацэнт БДУ, кандыдат педагагічных навук, настаўнік-метадыст Ліцэя БДУ Т.У.Ігнатовіч.
А настаўнікі беларускай мовы і літаратуры сталі актыўнымі ўдзельнікамі майстар-класа, вядучымі якога былі распрацоўшчыкі навукова-метадычнага і вучэбна-метадычнага забеспячэння па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Загадчык лабараторыі гуманітарнай адукацыі НІА, доктар педагагічных навук, дацэнт Ганна Міхайлаўна Валочка расказала настаўнікам пра асаблівасці рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу пры навучанні беларускай мове на базавым і павышаным узроўнях, акцэнтавала ўвагу педагогаў на ўзаемасувязі паміж кампанентамі сучасных вучэбна-метадычных комплексаў.
Арыгінальна і нестандартна прайшоў майстар-клас аўтараў падручнікаў па фізіцы, які правялі вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі матэматычнай і прыродазнаўчай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ларыса Арцёмаўна Ісачанкава і настаўнік фізікі Мiнскага сувораўскага ваеннага вучылішча Уладзімір Уладзіміравіч Дарафейчык. Удзельнікі майстар-класа паспрабавалі сябе ў ролі вучняў, што не толькі падарыла ім пазітыўны настрой, але і стымулявала да культуратворчасці ў педагагічнай справе.
“Улічваючы асаблівасці “геаграфіі” ўдзельнікаў нашага майстар-класа — а гэта былі ў асноўным настаўнікі з раённых сельскіх школ, — нам хацелася паказаць ім у дзеянні сучасны вучэбна-метадычны комплекс па фізіцы для 9 класа”, — адзначыла Ларыса Арцёмаўна.
У прыватнасці, вядучыя майстар-класа прадэманстравалі настаўнікам, як у вучэбна-метадычным комплексе рэалізаваны псіхадыдактыка і кампетэнтнасны падыход пры вывучэнні фізікі. Майстар-клас складаўся з некалькіх частак. У першай разглядалася выкарыстанне метадалагічнага дыскрэтнага падыходу пры вывучэнні тэмы “Нераўнамерны рух”. Тут у ролі педагога выступіла Л.А.Ісачанкава. Кожны настаўнік (удзельнік семінара) на сабе адчуў усе перавагі дыскрэтнага падыходу пры вывучэнні фізікі, а таксама азнаёміўся з рознымі спосабамі рэалізацыі кампетэнтнаснага (дзейнаснага) падыходу. Затым настаўнік фізікі Мінскага сувораўскага вучылішча У.У.Дарафейчык звярнуўся да інтэрактыўных мадэлей пры вывучэнні тэмы. Па роўнапераменным прамалінейным руху ён прадставіў інтэрактыўныя мадэлі, якія выконваюць функцыі не толькі віртуальнага дэманстрацыйнага эксперымента, але і ролю дыдактычнага матэрыялу, на аснове якога можна дыягнаставаць і кантраляваць веды навучэнцаў, праводзіць віртуальныя даследаванні, вывучаць графічныя залежнасці кінематычных велічынь, арганізоўваць трэнінгі.
Акрамя інфармацыі пра вучэбныя выданні на ўсіх майстар-класах было паказана, як можна выкарыстоўваць электронныя адукацыйныя сродкі ў вучэбным працэсе. Удзельнікі майстар-класаў пазнаёміліся з працэдурай аўтэнтыфікацыі карыстальнікаў на дыстанцыйным рэсурсе Moodle Нацыянальнага інстытута адукацыі, складнікамі электронных адукацыйных рэсурсаў, іх асаблівасцямі і методыкай прымянення.
У такім жа кантэксце праходзілі майстар-класы па іншых вучэбных прадметах (матэматыцы, біялогіі, хіміі, замежнай мове і інш.), а таксама па дашкольнай і пачатковай адукацыі.
Ці карыснымі былі майстар-класы для ўдзельнікаў фестывалю? Безумоўна, так. Як адзначылі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, у далейшым варта працягнуць практыку правядзення майстар-класаў і больш актыўна задзейнічаць у іх вядучых спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук, настаўнікаў, выкладчыкаў ВНУ, аўтараў падручнікаў і вучэбна-метадычных комплексаў. Прамыя зносіны будуць карысным і для ўсіх удзельнікаў семінара.
* * *
Заключным мерапрыемствам фестывалю стаў круглы стол “Сучасны школьны падручнік”, дзе аўтары вучэбных дапаможнікаў, педагагічныя работнікі, спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, прадстаўнікі выдавецтваў абмеркавалі найбольш актуальныя праблемы вучэбнага кнігавыдання: падыходы да распрацоўкі сучасных вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні афармлення школьнага падручніка. Дызайн сучаснага падручніка павінен быць такім, каб ён мог выклікаць інтарэс вучняў да вучэбнага прадмета, каб вучню хацелася звяртацца да яго як да крыніцы ведаў. Ілюстрацыйны матэрыял у падручніку павінен быць сучасным, якасным, метадычна мэтазгодным. Неабходна, каб ілюстрацыі ўспрымаліся не толькі як упрыгажэнне падручніка, а былі крыніцай інфармацыі, з якой неабходна працаваць.
Аўтарамі было паднята пытанне аб новым фармаце вучэбнага дапаможніка. Аналіз сучасных еўрапейскіх падручнікаў паказвае, што там многія школьныя падручнікі выдаюцца фарматам А4. У нас таксама ёсць аўтарскія калектывы, якія прытрымліваюцца думкі, што такі фармат вельмі зручны, бо дазваляе матэрыял аднаго параграфа размясціць на адным развароце вучэбнага выдання.
Сёння гэтае пытанне абмяркоўваецца ў Нацыянальным інстытуце адукацыі. Як заўважыла намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце кандыдат педагагічных навук Валянціна Васільеўна Гінчук, у вырашэнні гэтага пытання ўсе зацікаўленыя звязаны шматлікімі рэгламентамі і інструкцыйнымі матэрыяламі, якія рэгулююць вучэбнае кнігавыданне. Прынцыпова важным з’яўляецца дакумент аб санітарна-гігіенічных нормах, які рэгулюе аб’ём і вагу падручніка. “Сёння пытанне аб іншым фармаце школьнага падручніка вывучаецца ў сукупнасці з пытаннем аб аблегчанай (інтэгральнай) вокладцы”, — адзначыла В.В.Гінчук.
Выдаўцы, у прыватнасці галоўны рэдактар “Аверсэв” Аляксандр Мікалаевіч Таранда, адзначылі, што перавод школьных падручнікаў у фармат А4 неабходна вывучаць не толькі з боку дызайну і інструктыўных дакументаў, але і зыходзячы з тэхнічных магчымасцей паліграфкамбіната.
Акрамя таго, размова ішла пра тыя праблемы ўзаемадзеяння аўтараў і выдавецтваў, якія сустракаюцца ў рэальнай практыцы і якія трэба вырашаць разам, каб ва ўстаноўленыя тэрміны выпусціць якасны падручнік.
Удзельнікі круглага стала ўздымалі актуальнае пытанне данясення выніку сумеснай работы аўтарскіх калектываў, спецыялістаў НІА і выдавецтваў да педагогаў, да самай глыбінкі, да самых аддаленых сельскіх школ. Было б выдатна, каб работу ў гэтым напрамку актывізаваў не толькі Нацыянальны інстытут адукаці, але і выдавецтвы.
* * *
Фестываль вучэбнай кнігі ўключаў у сябе мерапрыемствы метадычнага і інфармацыйнага характару. Адным з іх была выстава вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, якая на сёння распрацавана па ўсіх прадметах і адукацыйных галінах для дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
“Для нас было прынцыпова важна паказаць, што вучэбна-метадычнае забеспячэнне распрацоўваецца комплексна па кожным прадмеце. Акрамя вучэбнага дапаможніка, з якім працуе вучань, ёсць вучэбна-метадычны дапаможнік для педагога, сцэнарыі і планы-канспекты ўрокаў. У нас ёсць таксама вучэбна-метадычныя комплексы па факультатыўных занятках. Яны прадстаўлены трыма кампанентамі: вучэбнай праграмай, дыдактычнымі матэрыяламі для навучэнцаў, метадычнымі рэкамендацыямі для педагогаў, якія выдадзены ў выглядзе вучэбных дапаможнікаў.
Сёння вучэбна-метадычныя комплексы выдадзеныя на друкаванай аснове, дапаўняюцца электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, якія распрацаваны па ўсіх вучэбных прадметах для 1—11 класаў. Асобным блокам ідуць электронныя адукацыйныя рэсурсы па праблемах выхавання асобы”, — адзначыла Валянціна Васільеўна.
Электронныя адукацыйныя рэсурсы ўключаюць у сябе даведачна-інфармацыйныя модулі (напрыклад, хрэстаматыі, даведнікі, наборы мультымедыйных рэсурсаў, якія дапаўняюць вучэбны дапаможнік), кантрольна-дыягнастычныя матэрыялы (у асноўным прадстаўлены тэставымі заданнямі для праверкі засвоенага вучэбнага матэрыялу) і інтэрактыўныя заданні, якія на этапе засваення матэрыялу дазваляюць адпрацаваць пэўныя ўменні, навыкі і кампетэнцыі.
Такім чынам, вучэбна-метадычны комплекс па вучэбным прадмеце ўключае ў сябе цэлы шэраг вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў на друкаванай аснове плюс электронны адукацыйны рэсурс. “Дарэчы, тыя новыя вучэбныя дапаможнікі, якія мы распрацоўваем у адпаведнасці з канцэпцыяй базавага падручніка, змяшчаюць спасылкі на розныя кампаненты ВМК. Сам вучэбны дапаможнік выконвае навігацыйную ролю. Паколькі гэта базавы падручнік, то ў ім выкладзены мінімальна неабходны, але ў той жа час дастатковы для якаснай адукацыі змест вучэбнага прадмета.
Усе аўтарскія калектывы імкнуліся выкласці вучэбны матэрыял даступна, з улікам узроставых пазнавальных здольнасцей навучэнцаў. Але калі браць пад увагу, што дзеці ў класе розныя, то для больш матываваных дыферэнцыяцыя забяспечваецца за кошт спасылак. Напрыклад, па гісторыі спасылкі будуць на дзеючыя атлас, хрэстаматыю, якая ёсць як у друкаваным выглядзе, так і ў электронным, а таксама на электронныя адукацыйныя рэсурсы (размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале). Мяркую, што ў такім выглядзе нашы базавыя падручнікі будуць задавальняць адукацыйныя запыты самай шырокай школьнай аўдыторыі.
На выставе былі прадстаўлены вучэбна-метадычныя комплексы па ўсіх напрамках: гуманітарным (беларуская, руская, замежныя мовы, беларуская і руская літаратуры), прыродазнаўча-навуковым (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, геаграфія, інфарматыка), сацыякультурным (гісторыя, грамадазнаўства, працоўнае навучанне, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка, асновы бяспекі жыццядзейнасці), а таксама для пачатковай школы і ўстаноў дашкольнай адукацыі. У нас вялікія напрацоўкі, і на сёння вельмі важным лічым данесці інфармацыю да педагогаў-практыкаў пра вучэбна-метадычнае забеспячэнне вучэбных прадметаў і методыку іх эфектыўнага выкарыстання ў адукацыйным працэсе”, — працягвала намеснік дырэктара інстытута па навукова-метадычнай рабоце.
На жаль, як паказаў аналіз (восенню спецыялісты НІА і аўтары вучэбных дапаможнікаў выязджалі ва ўсе рэгіёны краіны для правядзення метадычных семінараў па пытаннях профільнага навучання), не ўсе педагогі і не ва ўсіх выпадках ведаюць пра наяўнасць вучэбна-метадычнага забеспячэння. Здавалася б, жывём у час інфармацыйных тэхналогій і ўся інфармацыя размешчана на нацыянальным адукацыйным партале, але ў НІА прыйшлі да высновы, што інфармаваць неабходна не толькі праз партал, але і пры асабістым кантакце, таму ў інстытуце аўтарамі ВМК праводзяцца індывідуальныя кансультацыі для педагогаў (па іх запытах).
Фестываль вучэбнай кнігі задумваўся як адзін са спосабаў папулярызацыі вучэбна-метадычных дапаможнікаў сярод педагогаў. Нацыянальным інстытутам адукацыі мерапрыемства падобнага фармату было арганізавана ўпершыню, аднак яго поспех і станоўчыя водгукі з боку педагагічнай грамадскасці ўмацоўваюць думку пра тое, што правядзенне фестывалю вучэбнай кнігі стане добрай традыцыяй.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.