Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на новай пасадзе 19 студзеня правяла першы прыём грамадзян.
Разгледжаны звароты ў галіне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, маёмасных адносін, сацыяльнай сферы. У прыватнасці, размова ішла аб магчымасці пракладкі цэнтралізаванага водаправода на адной з вуліц вёскі Святляны Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, вырашэнні зямельнай спрэчкі і рэгістрацыі жылля ў Бабруйску, парушэнні будаўнічых норм пры ўзвядзенні жылога дома на суседніх зямельных участках у Мінскім раёне.
Перад пачаткам прыёму грамадзян кіраўнік Адміністрацыі паабяцала ўважліва выслухаць праблемы ўсіх людзей, якія звярнуліся. “Хачу пачуць кожнага”, — падкрэсліла Наталля Качанава.
Адной з першых выслухалі жыхарку Мінска Тамару Асташкевіч, якая звярнулася з просьбай вырашыць праблему працякання сцяны ў яе кватэры па вуліцы Чычурына. Прычына — у будаўнічых дэфектах у знадворнай сцяне дома. “З моманту здачы дома (2013 год) у міжсезонны перыяд у двух пакоях і ваннай капае са столі, зімой сцены прамярзаюць, з’яўляецца цвіль. Пісала заявы ў адпаведныя службы з просьбамі выправіць сітуацыю. Прыходзяць, паглядзяць і кажуць: “Штосьці зробім”. Але праблема не знікае”, — расказала яна. Як растлумачыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў, які прысутнічаў на прыёме, камунальныя службы горада рабілі пэўныя дзеянні, каб выправіць сітуацыю, але пакуль праблему не вырашылі.
Наталля Качанава даручыла разабрацца ў сітуацыі і высветліць прычыну: “Павінны папрацаваць прафесіяналы — спецыялізаваныя арганізацыі і даць адзіна правільны адказ. Мы гэтае пытанне ставім на кантроль”. Пры гэтым прычыну мясцовыя органы ўлады павінны знайсці на працягу месяца, а вось устараненне праблемы можа быць адкладзена да надыходу больш спрыяльных умоў надвор’я.
Як падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Рыгор Шлык, з улікам апошніх патрабаванняў кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці вывесці работу са зваротамі грамадзян на якасна новы ўзровень Адміністрацыя прэзідэнта засяродзіць свае намаганні на вырашэнні дзвюх асноўных задач.
“Па-першае, дасягнуць істотнага зніжэння колькасці зваротаў, якія паступаюць у Адміністрацыю прэзідэнта. Для гэтага будуць кардынальна зменены падыходы да першаснага разгляду зваротаў на месцах, — расказаў ён. — Пастаянна, на сістэмнай аснове будуць ажыццяўляцца выезды ў рэгіёны ў мэтах аб’ектыўнай ацэнкі мер, якія прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па канкрэтных зваротах або абгрунтаванасці адмоў у вырашэнні тых ці іншых праблем грамадзян”.
Работнікі галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзідэнта пачалі ўжо выязджаць у рэгіёны для вывучэння і далейшага вырашэння найбольш вострых пытанняў, якія хвалююць грамадзян.
“Другая задача заключаецца ў тым, што пытанні, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні Адміністрацыі, усебакова будуць разглядацца ў ходзе мэтавых візітаў у рэгіёны з удзелам як работнікаў Адміністрацыі прэзідэнта, так і прадстаўнікоў зацікаўленых рэспубліканскіх дзяржорганаў”, — адзначыў Рыгор Шлык.
Таксама, паводле яго слоў, Адміністрацыя прэзідэнта ўзмоцніць кантроль за вырашэннем найбольш вострых пытанняў, якія ўзнімаюць грамадзяне ў сваіх зваротах. “Такія звароты будуць разглядацца да іх поўнага вырашэння”, — запэўніў ён.
У 2016 годзе ў Адміністрацыю прэзідэнта паступіў 24 291 пісьмовы, электронны і вусны зварот, што на 3504 (12,6 працэнта) менш, чым у 2015 годзе. Найменшая колькасць на 10 тысяч насельніцтва прыпадала на Гродзенскую вобласць (17 зваротаў), найбольшая — у Мінску (32 звароты). Аналіз пададзеных зваротаў паказаў, што 70 працэнтаў закранаюць сацыяльна значныя праблемы, найбольш актуальныя з якіх — ЖКГ, пытанні працы і сацыяльнай абароны, будаўніцтва жылля, адукацыі, жыццезабеспячэння сельскіх грамадзян, аховы здароўя, дзейнасці судоў і праваахоўных органаў.
Самыя шматлікія нараканні (21,2 працэнта ад агульнай колькасці зваротаў) паступілі на дзейнасць арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Не менш востра ўзнімалася грамадзянамі пытанне прыватызацыі жылля. Цэнтральнае месца ў зваротах грамадзян па пытаннях працы і сацабароны насельніцтва займае праблема занятасці і працаўладкавання.