У гонар прафесійнага свята

- 11:37Навука і інавацыі

Учора ў Нацыянальнай акадэміі навук прайшла вялікая выстава дасягненняў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці беларускіх вучоных. 78 арганізацый краіны прадставілі больш за 500 новых распрацовак.

Свае навуковыя дасягненні дэманстравалі арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, Міністэрства абароны, а таксама інавацыйныя прадпрыемствы і тэхнапаркі. Асобна былі прадстаўлены маладзёжныя праекты.

Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прапанаваў наведвальнікам азнаёміцца з самымі цікавымі распрацоўкамі сваіх навукоўцаў, сярод іх як ужо вядомыя распрацоўкі, так і новыя, што яшчэ чакаюць укаранення ў серыйную вытворчасць. Так, на выставе быў прадстаўлены апаратна-праграмны комплекс “Каліброўка”, які дазваляе праводзіць каліброўку спадарожнікавых здымачных сістэм, а таксама выпрабаванні і паверку новай тэхнікі дыстанцыйнага зандзіравання зямлі. Дэманстраваліся лекавыя прэпараты, якія паспяхова прайшлі клінічныя выпрабаванні, і іншыя распрацоўкі.

А ўвечары ў Нацыянальнай акадэміі навук адбыўся рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі і Году навукі, дзе лепшым вучоным краіны ўручылі ўзнагароды.

Сваё віншаванне беларускім калегам даслаў лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы, замежны член НАН Беларусі, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Жарэс Іванавіч Алфёраў. Відэапрывітанне з белага кантынента даслалі калегам і беларускія палярнікі. У гонар прафесійнага свята і Года навукі на флагштоках беларускай даследчай станцыі ў Антарктыдзе падняты сцягі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.