Карабельных спраў майстар

- 12:37Дадатковая адукацыя

Кажуць, чым вышэйшая мэта, тым вышэйшы вынік. Мабыць, таму і пакідаюць дзеці секцыі і гурткі, бо проста не ставяць перад сабой высокіх мэт. Думаю, для ўсіх дзяцей, якія шукаюць сябе ў тэхнічнай творчасці, вышыні, дасягнутыя нашым сённяшнім героем, могуць стаць добрым стымулам для руху наперад.

Сам сабе настаўнік

Імя Дзмітрыя Калмыкова стала сімвалам беларускага стэндавага суднамадэлізму. Дзмітрый Іванавіч — сяміразовы чэмпіён свету і пяціразовы чэмпіён Еўропы, неаднаразовы чэмпіён Беларусі ў класах стэндавых мадэлей, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Па выніках міжнародных чэмпіянатаў ён заваяваў шмат узна-гарод, сярод якіх — 30 залатых медалёў, 12 сярэбраных і 5 бронзавых. На сённяшні дзень гэта найвышэйшае дасягненне сярод беларускіх суднамадэлістаў.

Зараз Д.І.Калмыкоў — галоўны трэнер нацыянальных каманд Рэспублікі Беларусь па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту, кіраўнік стэндавай секцыі Беларускай федэрацыі суднамадэльнага спорту, суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, суддзя вышэйшай міжнароднай катэгорыі, майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Другі год Дзмітрый Іванавіч гэтыя пасады сумяшчае з пасадай віцэ-прэзідэнта самай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі суднамадэлізму і суднамадэльнага спорту NAVIGA. Такога высокага ўзроўню не дасягаў яшчэ ні адзін беларускі суднамадэліст ні ў савецкі час, ні за час існавання суверэннай Беларусі.

Цікава тое, што ўсяму ён вучыўся самастойна, без гурткоў і кіраўнікоў. (Затое пазней, ужо з’яўляючыся студэнтам і ў першыя гады пасля ўніверсітэта, ён стаў кіраўніком секцыі па суднамадэлізму ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці.)

— А пачалося ўсё з таго, калі мне, тады яшчэ сямікласніку, у рукі трапіла кніга “Ад дракара да трэйсера” з простымі чарцяжамі мадэлей караблёў і рэкамендацыямі да іх пабудовы. І мне вельмі спадабаўся там паруснік Фрэнсіса Дрэйка “Залатая лань”. Я любіў працаваць рукамі — рэзаць, пілаваць, стругаць — і вырашыў паспрабаваць, — успамінае Дзмітрый. — Вопыту і ведаў не хапала, бо, каб зрабіць мадэль паруснага карабля, трэба было мець звесткі па праводцы такелажу, пра назначэнне снасці (у чарцяжах жа гэтага няма). Тады я зрабіў толькі падабенства мадэлі карабля.

Хоць гэты першы блін, можа, і быў камяком, але стаў папярэднікам больш як дваццаці сапраўдных шэдэўраў. Ужо наступная работа — мадэль карабля “Хемскерк” Тасмана, які абышоў Аўстралію і адкрыў Тасманію, адразу трапіў на ВДНГ БССР, а потым — СССР. Тады, у 80-я гады, Д.І.Калмыкоў і атрымаў свой першы бронзавы медаль юнага ўдзельніка ВДНГ СССР. Мноства перамог было на ўсесаюзных конкурсах стэндавага мадэлізму. У той час Дзмітрый Іванавіч ужо скончыў інстытут і працаваў у НДІ інжынерам-радыётэхнікам. У 1993 годзе атрымаў свой першы медаль на чэмпіянаце свету па суднамадэльным спорце, і гэта быў першы выезд зборнай Беларусі на чэмпіянат свету. Такі імклівы старт толькі павышаў цікавасць Дзмітрыя.

Ён працаваў у некалькіх кірунках. Былі мадэлі і парусных караблёў, і дыярамы (інсцэніраваныя карабельныя дзействы, упісаныя ў водны пейзаж), і адміралцейскія мадэлі (караблі з часткова знятай абшыўкай ці дахамі кают на яхце, каб было відаць унутранае ўбранне), мадэлі з пластыкавых набораў (мадэлі сучасных ваенных суднаў). Адна з такіх мадэлей — расійскі эсмінец праекта 956 “Выдатны” — на чэмпіянаце Еўропы атрымала 100 балаў (рэдкасць у сучаснай гісторыі суднамадэльнага спорту). Праславілі майстра на ўвесь свет яго марскія судны: лінкары “Кароль Георг V”, “Місуры”, фрэгат “Берлін”, брыг “Меркурый”, лінейны парусны карабель “Ле Сюперб” і інш.

У пошуках эксклюзіўнай інфармацыі

Суднамадэльная справа патрабуе такарна-фрэзерных навыкаў, умення паяць, пацініраваць, фарбаваць, шпакляваць, працаваць з металам, а таксама навыкаў разьбы па дрэве. Акрамя ўмелых рук, трэба мець і разумную галаву, а ў ёй — грунтоўныя веды па матэматыцы, чарчэнні, фізіцы, гісторыі, хіміі — гэта толькі са школьных дысцыплін. Неабходны яшчэ і спецыяльныя веды: тэорыя карабля, асновы суднабудавання, электратэхніка, дэталі машын, гідрадынаміка, матэрыялазнаўства і інш. Для таго каб максімальна блізка і гістарычна дакладна перадаць знешні выгляд і абсталяванне рэальна існуючага карабля, неабходна вывучыць спецыяльную літаратуру. Часам толькі на яе пошук патрэбны месяцы, а то і гады. Найбольш складанымі з пункту гледжання гістарычнай дакладнасці лічацца мадэлі парусных караблёў часоў Калумба і больш ранніх эпох, бо дакументальных крыніц, якія апісваюць канструкцыю гэтых караблёў, практычна няма.

— Найчасцей атрымлівалася знайсці толькі даведнікі і чарцяжы, але яны не давалі ўсёй неабходнай інфармацыі, напрыклад, пра колер ці таўшчыню такелажу, шырыню дошак і многія іншыя рэчы, якія трэба было зымітаваць на мадэлі, — расказвае Дзмітрый Іванавіч. — Будуючы мадэль па чарцяжы, даводзілася метадам спроб і памылак да ўсяго даходзіць самастойна. Напрыклад, калі карабель не фарбаваўся, то ў такім выглядзе яго і трэба было паўтарыць, удала падабраўшы матэрыял.

Так, для палубы Д.І.Калмыкоў раіць браць светлыя пароды драўніны, напрыклад, клён ці бярозу, толькі распіл павінен быць не ўпоперак, а ўздоўж (радыяльны распіл). Іх плюсы — адсутнасць біцця па адценні і прамая тэкстура драўніны. І клён, і бяроза — матэрыялы даволі трывалыя і гнуткія, лёгка апрацоўваюцца і шліфуюцца.

Для вонкавай ашалёўкі борта мадэлі Дзмітрый Іванавіч найчасцей бярэ тоненькія дошчачкі паўднёвага арэха, які мае шырокую гаму адценняў — ад цёмна-карычневага да светлага. Аднак пры раскроі майстар робіць выбарку, бо драўніна арэха, як правіла, мае ярка выяўленыя гадавыя кольцы. Тонкія арэхавыя дошкі ашалёўкі трывалыя, не ўтвараюць шчэпак і выдатна гнуцца пры нагрэве. Арэх можа выкарыстоўвацца і для вырабу буйных элементаў канструкцыі, напрыклад, шпангоўтаў, кіля і руля. Вельмі разнастайная па колеры груша — бывае ад цёмнага да светлага адцення ў залежнасці ад месца, дзе яна расце. Чым больш на поўдзень, тым яна цямнейшая. Вельмі цікавая таксама балгарская цёмна-вішнёвая сліва.

— У мяне ёсць кантакты з мадэлістамі з многіх краін, таму я маю і экзатычныя пароды: маніла, мербау, венге, кум’е, буліян, эбен, палісандр. Маніла, напрыклад, падобная на чырвонае дрэва, але мае дробную структуру і вельмі трывалая. Планку ў 0,3—0,4 мм няпроста зламаць, таму можна рабіць з яе вельмі дробныя дэталі. Нядаўна з Балгарыі мне прывезлі цудоўны арэх — дробнаструктурны, аднатонны, які не мае ярка выяўленых пераходаў, можна падабраць адценні.

Асабліва цэняцца экзатычныя пароды з-за свайго дробнага малюнка. Структура дрэва таксама павінна быць у маштабе: нельга ўзяць дуб для імітацыі дуба, бо ў яго будуць несуразмерна большыя рыскі, шчылінкі, гадавыя кольцы.

Ювелірная работа

Дзмітрый Іванавіч адзначае самае галоўнае: мадэль у адрозненне ад макета, які толькі нагадвае прататып, паўтарае яго да самых дробязей. Напрыклад, калі гэта мадэль старажытнага карабля, то тросы на ёй павінны быць вітыя, рамы — стальныя, цвікі, абухі павінны быць зроблены са сталі, варанёныя; калі яны былі бронзавымі, то ў мадэлі таксама павінны быць вытачаны з бронзы (можна замяніць пацініраванай пайкай), калі парус у прататыпе з тканіны, то і ў мадэлі ён павінен быць з тканіны, але зноў-такі ў маштабе, каб не было відаць ворсу (парус сшываўся з палотнішчаў, па перыметры абшываўся ліктросам для трываласці). У сучасных караблях ёсць сінтэтычныя і раслінныя тросы, металічныя канаты. Адным словам, павінна быць паўтарэнне ў матэрыялах, колерах і нават адценнях, а таксама адпаведнасць прататыпу да дробязей, да тэхнічных надпісаў і цвікоў.

Для многіх мадэлістаў-паруснікаў асаблівыя цяжкасці выклікае разьбярства, бо трэба ўмець не проста зрабіць па матывах, перадаць разьбу дакладна (часам арыгінал можна знайсці ў гравюрах, старадаўніх карцінах), а яшчэ і ў маштабе. Бывае, што найскладанейшы ўзор усяго некалькі міліметраў.

Безумоўна, для такой ювелірнай работы звычайны інструмент — надфілі, пінцэты, напільнікі, паяльнікі, разцы — не падыдзе, таму Дзмітрый стварае спецыяльны: дробныя разцы, вастрыё для паяльнікаў, прыстасаванні для звівання тросаў, зборкі трапаў і інш. У многім дапамагаюць і высокія тэхналогіі. У прыватнасці, вельмі спрасцілі работу фотатраўленыя дэталі, якія робяцца на спецыяльным абсталяванні. Памерам яны — некалькі міліметраў і менш.

Д.І.Калмыкову з яго майстэрствам на выраб мадэлі патрэбна ад 800 да 1500 гадзін — гэта ад паўгода да паўтара пры поўнай занятасці на асноўнай працы. Мадэлісту сярэдняга ўзроўню спатрэбіцца куды больш часу, бо неабходна яшчэ асвоіць пэўныя метады, прыёмы, папрактыкавацца ў іх, а калі не атрымаецца, то пашукаць іншыя. Бываюць і вельмі складаныя мадэлі. Напрыклад, на стварэнне мадэлі “Залатая яхта” Дзмітрыю Іванавічу спатрэбілася каля 10 гадоў!

На сённяшні дзень адну мадэль Дзмітрый робіць таксама вельмі доўга (мадэль лінейнага карабля “Цірпіц” ужо некалькі гадоў чакае свайго завяршэння), але не таму, што не хапае майстэрства, а з-за недахопу часу. Праца галоўнага трэнера нацыянальных каманд пакідае мала вольных хвілін. Шмат часу забіраюць чэмпіянаты Еўропы і свету (Дзмітрый Іванавіч, дарэчы, ужо мае пасаду старшага суддзі брыгады, двойчы быў галоўным суддзёй на чэмпіянатах Еўропы), як віцэ-прэзідэнт арганізацыі NAVIGA Д.І.Калмыкоў курыруе сферу суднамадэлізму і суднамадэльнага спорту ў краінах Усходняй Еўропы. Акрамя таго, ён аўтар некалькіх кніг па гісторыі флоту і суднабудаўніцтва, якія пісаў разам з жонкай Ірынай Аркадзьеўнай. Сярод іх — энцыклапедыя “Я пазнаю свет” (серыя “Караблі”).

Парады Дзмітрыя Іванавіча ў сферы суднамадэлізму вельмі цэняцца на спецыялізаваных форумах. Яму як трэнеру важна мець таленавітых паслядоўнікаў. Ён з радасцю адзначае, што стэндавы мадэлізм паступова знаходзіць іх ва ўсёй рэспубліцы. Напрыклад, з павагай згадвае Мікалая Дзядкова з Барысава, Андрэя Крачко з Кобрына. Дарэчы, да справы далучыўся і сын Д.І.Калмыкова Аляксей, які ўжо з’яўляецца чэмпіёнам Еўропы.

Дзмітрый Іванавіч запэўнівае, што ўсе, хто захоча далучыцца да суднамадэлізму, ніколі аб гэтым не пашкадуюць, бо навыкі, набытыя ў гэтай справе, спатрэбяцца кожнаму ў дарослым жыцці, нават калі прафесійнымі мадэлістамі яны не будуць. У любым выпадку якасна зробленая мадэль стане ўпрыгажэннем любога інтэр’ера. Вынік будзе варты затрачанага часу.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Дзмітрыя КАЛМЫКОВА.