Маладое пакаленне — за энергазберажэнне

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Актыўная, нефармальная, выніковая — так можна ахарактарызаваць дзейнасць па выхаванні ў навучэнцаў прынцыпаў рацыянальных адносін да прыродных рэсурсаў, якая вядзецца ў сярэдняй школе № 12 Гродна. З 2014 года тут дзейнічае музей—лабараторыя па энергазберажэнні “Школа руплівых гаспадароў”, створаная пры падтрымцы міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапартнёрства” і міжнароднага праекта ШПІРЭ ў рамках конкурсу “Энергаэфектыўная ўстанова адукацыі”.

У канцы мінулага года інтэлектуальнае аб’яднанне навучэнцаў сярэдняй школы № 12 Гродна “Музей-лабараторыя “Школа руплівых гаспадароў” была адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай і метадычнай базы выдзелена 14 154 рублі.

Актыўна

Дырэктар сярэдняй школы № 12 Гродна Ала ГАЛАВЕНКА:

— Сёння “Школа руплівых гаспадароў” стала цэнтрам экалагічнай адукацыі і распаўсюджвае сваю дзейнасць за межы навучальнай установы. Рэгулярныя экалагічныя практыкі, інфармацыйныя акцыі ў мясцовай супольнасці, дні адкрытых дзвярэй, выставы, экалагічныя квесты, рэйды, гульнявыя праграмы, урокі, факультатыўныя заняткі, лабараторныя доследы, даследчая дзейнасць — далёка не поўны пералік актыўнасці музея-лабараторыі. Тут выкарыстоўваюцца эфектыўныя сродкі фарміравання экалагічна дружалюбнага ладу жыцця мікрараёна, навучання дзяцей і дарослых карысным для навакольнага асяроддзя прыёмам і правілам паводзін.

Паспяхова рэалізаваны шэраг праектаў, у тым ліку і з міжнародным удзелам. Нашы навучэнцы і “Школа руплівых гаспадароў” з’яўляюцца пераможцамі 27 конкурсаў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Так, перамога ў конкурсе “Энергамарафон” дазволіла школе атрымаць 550 мільёнаў недэнамінаваных рублёў на энергаэфектыўныя мерапрыем­cтвы. На гэтыя сродкі заменена ўжо амаль палова вокнаў школьнага будынка.

Нефармальна

Галіна БОГДАН, настаўніца прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” і “Чарчэння”, каардынатар праектнай дзейнасці сярэдняй школы № 12:

— Большасць ініцыятыў прапануюць самі нашы навучэнцы, калектыўным аўтарам іх з’яўляецца інтэлектуальнае дзіцяча-дарослае аб’яднанне, створанае на базе музея-лабараторыі. У аднайменнай сеткавай супольнасці “УКантакце” — 253 удзельнікі.

У сваю работу стараемся ўцягнуць бацькоў вучняў, жыхароў мікрараёна. Распаўсюджваем найбольш цікавы вопыт. Так, распрацоўка анлайн-урока для бабуль “Азбука хатняга энерга­зберажэння” перамагла на Рэспубліканскім конкурсе “Энергія і асяроддзе пражывання”. У гэтым навучальным годзе актыў музея-лабараторыі ініцыіраваў праект міжнароднага маладзёжнага су­працоўніцтва “Энергазберажэнне ў фармаце 5D”.

Павел АРОДЗЬ, вучань 10 “А” класа, удзельнік інтэлектуальнага аб’яднання “Школа руплівых гаспадароў”:

— 5D — папулярны сярод моладзі фармат відэатрансляцыі. Мы ў сваім праекце заклікаем “Думать, Доказывать, Делать Добрые дела и Дружить”.

Праект стартаваў у кастрычніку мінулага года. Яго мэтай стала арганізацыя міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва ў сферы энергазберажэння, прымеркаванага да Міжнароднага дня энергазберажэння 11 лістапада. У сеткавай супольнасці з’явілася запрашэнне да ўдзелу і была адкрыта тэма для абмеркавання. Наступным крокам стала анлайн-апытанне, дзе ўсе жадаючыя вызначалі сваё месца ў праекце: хтосьці стаў рэгіянальным каардынатарам, хтосьці — актывістам, хтосьці — проста ўдзельнікам. На першым этапе партнёры дзяліліся карыснай інфармацыяй пра спосабы энергазберажэння. На другім — распрацоўвалі і прадстаўлялі свае ініцыятывы да Дня энергазберажэння. Спектр прапаноў перасягнуў самыя смелыя чаканні — гульнявыя праграмы і квесты, конкурсы і энергапатруль, пазнавальныя экскурсіі і веламарафон, агітпраграмы і ўрокі, відэаролікі і інфармацыйныя акцыі.

Галіна БОГДАН:

— 5D — гэта і праектнае ўзаемадзеянне прадстаўнікоў пяці краін. У ім удзельнічаюць установы адукацыі і экалагічныя аб’яднанні Беларусі, Літвы, Расіі, Казахстана і Малдовы, з якімі “Школу руплівых гаспадароў” звязвае двухгадовае супрацоўніцтва.

Дапамогу ў распрацоўцы ініцыятыў каардынатары класных калектываў атрымалі на семінары-трэнінгу. Для замежных партнёраў былі прадугледжаны анлайн-кансультацыі, вялася асабістая перапіска. Кожная ініцыятыва была па-свойму цікавай і карыснай. Ацэнь­вала ініцыятывы не толькі журы, але і самі ўдзельнікі. Сістэма ацэнкі ўключала ў сябе як меркаванні экспертаў, так і віртуальныя ацэнкі і каментарыі. Усяго на конкурс пададзена 34 ініцыятывы. Па суме балаў-ацэнак (лайкаў) і каментарыяў былі вызначаны пераможцы другога этапу праекта. Лепшай была каманда гімназіі з літоўскага горада Вісагінаса. На другім месцы — каманда школы № 1631 Масквы, на трэцім — каманда 5 “А” класа нашай школы, якая выступала пад дэвізам “Маладое пакаленне — за энергазберажэнне”. Самым насычаным аказаўся трэці, заключны, этап праекта — рэалізацыя ініцыятыў і прадстаўленне творчых справаздач. У яго рабоце прынялі ўдзел 16 каманд.

Вынікова

Ала ГАЛАВЕНКА:

— У гэтым этапе ў нашай школе ўдзельнічала больш за 500 чалавек — навучэнцы, іх бацькі, педагогі, мясцовыя жыхары, выхаванцы дзіцячых дашкольных устаноў. Вучні падрыхтавалі змястоўныя і цікавыя конкурсы, агітпраграмы, распаўсюджвалі лістоўкі і буклеты, арганізавалі работу інтэрактыўнага стэнда, “цёмныя” перамены, рэйды энергапатруля, правялі вечар музыкі і паэзіі пры свечках, конкурс малюнкаў святлом у цемры, прагулку на веласіпедах, спектаклі, урокі для самых маленькіх і многае іншае. Па прыблізных падліках, гэтыя мерапрыемствы дазволілі сэканоміць каля 160 кілават электраэнергіі.

Павел АРОДЗЬ:

— Нам было цікава ўба­чыць актыўнасць і пазнаёміцца з вопытам энергазберажэння старшакласнікаў з Расіі і Казахстана, якія прадставілі экалагічныя гульні, майстэрні экалагічных сувеніраў, відэалекторыі, экаўрокі, наведванне разумнага дома. Іх ініцыятывы нам спадабаліся, і мы вырашылі выкарыстаць іх у сваёй рабоце. Плануем наведаць выставу “Экатэхнум” у Мінску, правесці экалагічны квест па праблемах адходаў і рэгіянальны форум па энергазберажэнні. А яшчэ працуем над новым праектам міжнароднага супрацоўніцтва.

Галіна БОГДАН:

— Вынікі трэцяга этапу былі падведзены ў снежні. Паводле ацэнак удзельнікаў і членаў журы, пераможцамі яго сталі каманды 9 “Б” класа і 5 “А” класа сярэдняй школы № 12 Гродна. Найбольш цікавымі этапамі праекта, па выніках апытання яго ўдзельнікаў, вызначаны рэалізацыя ініцыятыў — 42,9% галасоў, і конкурс ініцыятыў — 28,6% галасоў. Задаволены дзейнасцю ў праекце 79% яго ўдзельнікаў. Хацелі б працягнуць супрацоўніцтва ў сферы энергазберажэння 69,2%, у іншых сферах — 25%.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі праекта сталі Ягор Машанаў, вучань сярэдняй школы № 12 Гродна, і Валерыя Герасімава з гімназіі Шахцінска (Казахстан).

Ала ГАЛАВЕНКА:

— Завяршыўся праект, але работа працягваецца. Так, на абласным  этапе Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” “Школа руплівых гаспадароў” прадставіла відэаролік “Эвалюцыя камфорту: спажывай разумна”, які заняў другое месца. Прадстаўлены матэрыялы на абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “Энергія і асяроддзе пражывання”.

Спрабуем свае сілы ў конкурсе праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва — замежныя партнёры прапанавалі нам удзел менавіта за экалагічную актыўнасць.

“Школа руплівых гаспадароў” рыхтуе цікавыя праекты, конкурсы і акцыі для мясцовай супольнасці. Экалагічны каляндар не дазваляе сядзець без справы тым, каго хвалюе лёс планеты. У перспектыве юныя эколагі бачаць шмат новых нагод для дружбы і супрацоўніцтва на розных узроўнях. Добрым справам не перашкаджаюць межы. Зямля — наш агульны дом. Хочацца, каб кожны быў у ім руплівым гаспадаром.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.