Дзейнасць сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе павінна весціся ў рэжыме развіцця. Менавіта так была акрэслена галоўная задача галіны на пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Удзел у рабоце калегіі прынялі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Літвін, намеснік пракурора вобласці Святлана Рахман, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Алег Андрэйчык, начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы ў дзяржаўных органах Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Наталля Крывіцкая, начальнік галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці Валерый Зяневіч, старшыня абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка, намеснікі старшынь райвыканкамаў.
У сваім выступленні начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін падвёў вынікі мінулага года і спыніўся на задачах, якія стаяць перад сістэмай адукацыі ў 2017 годзе.
У 2016 годзе Гродзенская вобласць вярнула лідзіруючую пазіцыю па цэнтралізаваным тэсціраванні. Самыя высокія вынікі прадэманстравалі навучэнцы Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гродна, Мастоўскага, Слонімскага і Смаргонскага раёнаў. Разам з тым, адзначыў А.Г.Сонгін, аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання, паказаных выпускнікамі гімназій і ліцэяў вобласці, дае падставы гаварыць аб недастатковым узроўні якасці адукацыі ў гэтых установах. Толькі па 6 з 14 вучэбных прадметаў вынікі навучэнцаў гімназій і ліцэяў Гродзенскай вобласці вышэйшыя, чым вынікі гімназістаў у краіне.
Па выніках рэспубліканскай прадметнай алімпіяды вобласць заняла другую пазіцыю пасля Мінска. Найбольш вынікова выступілі навучэнцы Кастрычніцкага, Ленінскага раёнаў Гродна і Лідскага раёна. Трое навучэнцаў сталі прызёрамі міжнародных алімпіяд: залаты медаль заваяваны на міжнароднай фізічнай алімпіядзе, сярэбраны — на матэматычнай, бронзавы — на V Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат.
— Адна са стратэгічных задач у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі ў 2017 годзе — удасканаленне выкладання прадмета “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, — адзначыў А.Г.Сонгін. — Прынцыпова будуць зменены падыходы ў кадравым забеспячэнні гэтага курса, у кожным раёне будуць вызначаны апорныя ўстановы па гэтым напрамку, у Гродне і буйных раённых цэнтрах плануецца стварэнне цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі.
У рамках укаранення профільнага навучання ў гэтым навучальным годзе павышаным узроўнем вывучэння прадметаў, акрамя гімназістаў, ахоплена яшчэ звыш 3000 навучэнцаў 10—11 класаў. Амаль у два разы павялічылася колькасць навучэнцаў, якія займаюцца ў педагагічных класах. Найбольш актыўна ў гэтым кірунку працуюць у Ленінскім раёне Гродна і Слонімскім раёне. Актывізавалася дзейнасць устаноў адукацыі па атрыманні сертыфікатаў на адпаведнасць серыі стандартаў СТБ ISO 9001-2015. Сертыфікат атрыманы Гродзенскім дзяржаўным каледжам бытавога абслугоўвання насельніцтва. Чатыры школы зараз праходзяць аўдыт, плануецца да канца года ўвесці сістэму менеджменту якасці яшчэ ў 21 школе вобласці і 2 каледжах. У 134 школах, а гэта 38,3% ад агульнай іх колькасці, укаранёны сэрвіс “Электронны журнал/электронны дзённік”, а ў 66 класах трох школ, дзе навучаецца 1541 дзіця, адмаўляюцца ад вядзення дзённіка ў папяровай форме.
У вобласці застаецца актуальнай праблема забеспячэння крокавай даступнасці дашкольных устаноў у мікрараёнах-новабудоўлях. Гэтая праблема вырашалася праз стварэнне звыш 1200 месцаў за кошт рэканструкцыі існуючых плошчаў, аптымізацыі груп, вываду першых класаў з устаноў дашкольнай адукацыі, адкрыцця груп на базе іншых устаноў. Захавалася высокая пазіцыя па ахопе дзяцей 3—6 гадоў дашкольнай адукацыяй (95,3%), а на сяле гэты паказчык складае 73,9%. Лідзіруючыя пазіцыі тут займа-юць Ашмянскі, Карэліцкі, Мастоўскі раёны.
Зараз вядзецца будаўніцтва двух дзіцячых садкоў у Гродне і аднаго — у Астраўцы. У гэтым годзе запланаваны пачатак узвядзення садкоў у Навагрудку і Шчучыне, праектаванне сада ў Лідзе. Усяго ў 2016 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 7 новых аб’ектаў, пачата мадэрнізацыя 4 школ за кошт сродкаў міжнароднай пазыкі. На будаўніцтва і рэканструкцыю выдаткавана каля 12 млн рублёў, на рамонтныя работы — больш за 7 млн рублёў. У 2017 годзе на будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў адукацыі прадугледжваецца накіраванне 13 млн рублёў, што на 18,8% вышэй за паказчык 2016 года.
— У сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі захавана станоўчая дынаміка паспяховасці навучэнцаў, на 6% узрасла колькасць выпускнікоў з павышаным узроўнем кваліфікацыі і склала ў 2016 годзе 47%, — сказаў А.Г.Сонгін. — Каманда вобласці ўдзельнічала ў 17 з 35 кампетэнцый і заваявала 11 медалёў у фінале ІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2016. З мэтай рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, канцэнтрацыі перадавых тэхналогій на базе Гродзенскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага адкрыты рэсурсны цэнтр “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання”. Працягваюцца работы па стварэнні рэсурснага цэнтра на базе Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа.
Акрамя таго, у 2017 годзе адбудуцца змяненні ў структуры набору, лічбы будуць адкарэкціраваны ў бок змяншэння. Адна з задач — выключэнне дубліравання падрыхтоўкі па аднолькавых спецыяльнасцях у адным населеным пункце. Плануецца прыпыніць прыём па 46 прафесіях і аднавіць па 29, а таксама адкрыць набор па 6 новых.
У мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці стартавала новая Комплексная праграма выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі на 2016—2020 гады. Як адзін з вынікаў актывізацыі работы ўстаноў дадатковай адукацыі і работы навучальных устаноў у шосты школьны дзень — зніжэнне на 38% колькасці злачынстваў сярод непаўналетніх.
Звярнуў увагу начальнік упраўлення адукацыі на падыходы да арганізацыі шостага школьнага дня.
— У пачатку каляндарнага года перагледжаны падыходы да гэтай работы, — сказаў Аляксандр Генрыхавіч. — Асаблівую ўвагу ўдзяляем узаемадзеянню з сям’ёй. Бацькам прадастаўлена магчымасць наведаць кансультацыі педагогаў-прадметнікаў, абмеркаваць пытанні, якія яны не могуць вырашыць у буднія дні па прычыне занятасці ў працоўны час. Навучэнцы ў суботу змогуць ліквідаваць прабелы ў ведах.
А.Г.Сонгін падкрэсліў, што пэўныя вынікі дасягнуты, але літаральна па кожным напрамку дзейнасці сістэмы адукацыі ёсць над чым працаваць, таму ў гэтым годзе тэмп замаруджваць не будуць.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, звярнуў увагу на неабходнасць выкарыстання базы ўстаноў прафадукацыі для навучання школьнікаў рабочым спецыяльнасцям і прафарыентацыйнай работы, на павышэнне якасці выкладання замежнай мовы.
Вопытам работы па арганізацыі шостага дня і прафарыентацыйнай работы са школьнікамі падзяліўся на пасяджэнні калегіі намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Раман Аніська. У каледжы з верасня вядзецца дапрафесійная падрыхтоўка навучэнцаў трох гродзенскіх школ. Вопыт па замацаванні маладых спецыялістаў, удзеле ў міжнародных праектах і пазабюджэтнай дзейнасці прадставіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама Алег Анікевіч. Сфарміраваць аўтарскія калектывы і паўдзельнічаць у конкурсе па стварэнні новых падручнікаў прапанаваў настаўнікам Гродзеншчыны намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч.
На пасяджэнні калегіі былі ўзнагароджаны аддзелы адукацыі, спорту і турызму, а таксама ўстановы адукацыі, якія сталі пераможцамі абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ў 2016 годзе. За першае месца былі адзначаны Ленінскі (Гродна) і Ашмянскі аддзелы адукацыі, спорту і турызму.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.