Спаборнічалі інтэлектуалы і вынаходнікі

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны з кожным годам узрастае значнасць навукова-тэхнічнай творчасці, а таксама колькасць навучэнцаў, якія жадаюць рэалізоўваць сябе ў гэтай сферы. Своеасаблівай пляцоўкай прэзентацыі ідэй і вынаходніцтваў для юных даследчыкаў стаў абласны этап рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.

Як паведаміла загадчык навукова-тэхнічнага аддзела абласнога Цэнтра творчасці Ала Самсонава, сёлета на конкурс паступіла звыш 200 заявак, з іх 48 былі дапушчаны да другога этапу, сутнасць якога заключалася ў абароне ўдзельнікамі сваіх праектаў. Навукова-тэхнічная думка магілёўскіх інтэлектуалаў аказалася вельмі разнастайнай. Ацэнка работ ажыццяўлялася па трынаццаці групах. Цікавыя праекты былі ў кожнай секцыі. Распрацоўкі абсалютна ўсіх юных вынаходнікаў заслугоўвалі ўвагі.

Абарона навуковых і творчых работ канкурсантаў расцягнулася на цэлы дзень. Па яе выніках вызначыліся прадстаўнікі Магілёўскага політэхнічнага каледжа. Навучэнцы Алег Пінчукоў, Юрый Шадзько, Раман Пруднікаў, Андрэй Юрэвіч, Сцяпан Узянкоў, Уладзіслаў Ермачэнка, Антон Гушча сталі лідарамі цэлага шэрага секцый: “Тэхнічнае канструяванне”, “Энергетыка і электратэхніка”, “Матэрыялах у тэхніцы”, “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Радыёэлектроніка”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”. У групе “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне” лепшым стаў вучань гімназіі Глуска Дзмітрый Трыбуш. У секцыі “Энергазберагальныя тэхналогіі” першай аказалася навучэнка сярэдняй школы № 20 Магілёва Юлія Мірошкіна, а ў намінацыі “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка” перамогу атрымаў навучэнец абласнога Цэнтра творчасці Аляксей Цітоў. А вось на творчых секцыях першыя месцы размеркаваліся наступным чынам: “Архітэктурны малюнак” — навучэнка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска Ксенія Гарбакова, “Кампазіцыя” — вучаніца сярэдняй школы № 2 Мсціслава Дар’я Карпіна, “Колер у архітэктуры” — навучэнка сярэдняй школы № 2 Магілёва Яўгенія Гілеп.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам тэхнічнай творчасці АЦТ.