Ідэальная пляцоўка для павышэння статусу рабочага

- 11:14World Skills

Наша газета працягвае пільна сачыць за развіццём у Беларусі міжнароднага руху WorldSkills, які стаў па-сапраўднаму брэндавым для айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі. Гэты год будзе таксама багатым на падзеі пад эгідай WorldSkills, у якіх прыме ўдзел беларуская каманда. Сярод іх Нацыянальны чэмпіянат Расійскай Федэрацыі “Маладыя прафесіяналы” WorldSkills Russia, які адбудзецца ў Краснадары 16—19 мая. Ён стане прамежкавым выпрабаваннем для зборнай Беларусі перад чарговым 44-м Міжнародным чэмпіянатам WorldSkills, што пройдзе ў Абу-Дабі (ААЭ) 14—19 кастрычніка.

Далучэнне нашай краіны да сусветнага руху WorldSkills International дае магчымасць выйсці на міжнародную арэну, удзельнічаць у міжнародных чэмпіянатах прафесійнага майстэрства, развіваць міжнароднае супрацоўніцтва, накіраванае на дасягненне высокай якасці прафесійнай адукацыі. Такі рух спрыяе абмену вопытам маладых прафесіяналаў, вывучэнню міжнародных стандартаў рабочых прафесій у розных сектарах эканомікі.

У нашай краіне рух WorldSkills разглядаюць як самую імклівую, дынамічную і эфектыўную сістэму распаўсюджвання міжнароднага вопыту ў сферы прафесійнай адукацыі, папулярызацыі рабочых прафесій, адаптацыі маладых рабочых і спецыялістаў да сучаснай інавацыйнай вытворчасці, павышэння іх канкурэнтаздольнасці, фарміравання рабочай эліты і тым самым узняцця на больш высокі ўзровень нацыянальнай прафесійнай адукацыі. Сёння ставіцца задача вывесці на новы ўзровень усведамленне людзьмі важнасці павышэння статусу і якасці прафесійнай падрыхтоўкі, забеспячэння інавацыйнай успрымальнасці прафесійнай адукацыі, матывацыі да асабістага і прафесійнага росту. Акрамя таго, такія спаборніцтвы, як WorldSkills і JuniorSkills, адыгрываюць значную ролю ў прафарыентацыйнай рабоце, павышаюць цікавасць у нашых дзяцей і моладзі да высокатэхналагічных, інавацыйных прафесій.

— У айчыннай прафесійнай адукацыі мы павінны рыхтаваць не толькі работніка самай высокай кваліфікацыі, прафесіянала з вялікай літары, але і фарміраваць асобу, павышаць статус рабочага чалавека і імідж працоўнай дзейнасці, — падкрэсліў Аркадзь Ханонавіч Шкляр, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. — WorldSkills — гэта ідэальная пляцоўка для абмену ведамі, вопытам і лепшымі практыкамі ўдасканалення сістэмы падрыхтоўкі кадраў, платформа для абмеркавання перспектыў развіцця рынкаў гандлю, новых галін, міжнародных стандартаў і ключавых тэхналогій для кожнай краіны.

Як паведаміла Святлана Рышардаўна Бутрым, намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА, Нацыянальны аператар WSI Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі вядзе актыўную работу па падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай каманды. 6 лютага гэтага года галіновае міністэрства зацвердзіла загад “Аб падрыхтоўцы і ўдзеле рэспубліканскай каманды ў міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства WorldSkills, якія праводзяцца ў 2017 годзе”. Нашы канкурсанты будуць спаборнічаць у 29 кампетэнцыях, з якіх адна абсалютна новая — “Геадэзія”. Для ўдасканалення прафесійнага майстэрства беларускіх удзельнікаў былі арганізаваны стажыроўкі ва ўстановах прафесійнай адукацыі, арганізацыях і на прадпрыемствах. Падключаны лепшыя педагогі, эксперты, вытворцы, якія аб’яднаны адзінай мэтай — павысіць майстэрства і прафесійныя навыкі маладых рабочых да міжнароднага ўзроўню.

Нядаўна ў Абу-Дабі прайшоў тыдзень падрыхтоўкі да сусветнага чэмпіянату па прафесійным майстэрстве WorldSkills Competition — 2017, у якой прыняло ўдзел больш за 360 дэлегатаў — прадстаўнікоў 59 краін — удзельніц міжнароднага руху WorldSkills International. Абу-Дабі стаў месцам правядзення вялікай колькасці інфармацыйных мерапрыемстваў: прэс-канферэнцый, спонсарскіх форумаў і нарад рабочых груп па камунікацыях.

Нашу краіну прадстаўляла Вольга Васільеўна Дзехцярэнка, тэхнічны дэлегат WorldSkills Belarus.

— Яркай падзеяй тыдня падрыхтоўкі да спаборніцтваў стаў афіцыйны запуск праграмы “Адна школа — адна краіна” (“One school — one country”), прымеркаванай да чэмпіянату ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах,— расказала Вольга Васільеўна. — Праграма стартавала ў 2007 годзе пры правядзенні чэмпіянату WorldSkills у Сідзуока (Японія) і накіравана на пашырэнне выкарыстання міжкультурнага патэнцыялу чэмпіянатаў WS, прадастаўляючы ўнікальную магчымасць мясцовым школам у краіне правядзення чэмпіянату прыняць у сябе ў гасцях каманду адной з краін-удзельніц WorldSkills да пачатку спаборніцтваў з мэтай культурнага абмену. Гэтае мерапрыемства спрыяе непасрэдным зносінам мясцовых школьнікаў з канкурсантамі WorldSkills — такім чынам яны могуць азнаёміцца з традыцыямі, звычаямі, каштоўнасцямі іншых краін і кар’ернымі перспектывамі ўдзельнікаў WorldSkills.

Сутнасць праграмы ў тым, што за кожнай камандай з краін-удзельніц чэмпіянату замацавана адна са школ сістэмы адукацыі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Канкурсанты з кожнай каманды-ўдзельніцы загадзя змогуць азнаёміцца з краінай, непасрэдна з адукацыйнай галіной, наладзіць стасункі са сваімі замежнымі равеснікамі, пагутарыць з педагогамі. За два дні да пачатку чэмпіянату (12 кастрычніка) зборныя краін-удзельніц у поўным складзе накіруюцца ў замацаваную школу і праз забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы будуць прадстаўляць там сваю краіну, яе асаблівасці, нацыянальныя культурныя традыцыі. Нібы ў адказ на гэта навучэнцы школ ААЭ будуць прысутнічаць на чэмпіянаце WorldSkills і хварэць за тую краіну, якая ў іх гасціла. Наша партнёрская школа ў Абу-Дабі — Al Marwa School.

Сёння мы раскажам пра падрыхтоўку да спаборніцтваў, пра ўдзельнікаў чэмпіянату, іх педагогаў і экспертаў.
Лідарамі ў кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” сталі Аляксандр Градовіч з Барысаўскага будаўнічага прафесійнага ліцэя і Віктар Шмыгін з філіяла “Індустрыяльна-педагагічны каледж” РІПА. Зараз хлопцы рыхтуюцца да спаборніцтваў у адпаведнасці з індывідуальным планам (каардынатар кампетэнцыі Н.В.Агеева, метадыст РІПА). Як расказалі навучэнцы, планам падрыхтоўкі прадугледжаны дадатковыя заняткі па вытворчым навучанні з улікам міжнародных стандартаў, замежнай мове, вывучэнні камп’ютарнай графікі, псіхалогіі і этыцы дзелавых зносін. Акрамя таго, члены нацыянальнай каманды праходзяць стажыроўкі на базавых прадпрыемствах, удзельнічаюць у майстар-класах, у практычных занятках разам з галоўным экспертам кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” Аляксандрам Радзюковым, начальнікам упраўлення па рэгіянальных продажах ПУП “МАВ”, трэнерам, майстрам вытворчага навучання філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж” І.У.Леваньковай, а таксама з трэнерам майстрам вытворчага навучання Барысаўскага ліцэя Л.У.Грук.

Навучэнцы таксама праходзілі курсы ў дэкор-цэнтры кампаніі OIKOS, якая выпускае поўны асартымент прадукцыі для апрацоўкі, дэкаратыўнага аздаблення і засцярогі знешніх паверхняў і інтэр’ераў (сценавую, фасадную), для нанясення на метал, дрэва і іншыя матэрыялы.

— У ходзе навучання мы змаглі папрацаваць з італьянскай дэкаратыўнай тынкоўкай, прызначанай як для сучасных інтэр’ераў, так і з інавацыйнымі пакрыццямі, прыдатнымі для інтэр’ераў высокага дызайну, — падзяліліся ўражаннямі Аляксандр і Віктар. — Аддзелачныя работы з ужываннем гэтых матэрыялаў адрозніваюцца спецыфікай і тэхналагічнасцю. Падчас навучання мы атрымалі прафесійныя кансультацыі і парады тэхнолага кампаніі, і нам уручылі сертыфікаты. Для нас гэта стала добрай практыкай для праходжання адборачнага тура, які пакажа ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі кожнага з нас.

Як расказала каардынатар кампетэнцыi “Сантэхніка і ацяпленне” начальнік аддзела РІПА Юлія Іосіфаўна Мінальд, па гэтым напрамку рыхтуюцца два канкурсанты — Андрэй Кірыковіч і Арцём Рыжук, навучэнцы Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Галоўным экспертам у гэтай кампетэнцыі выступае Дзмітрый Сяргеевіч Крупяненкаў.

Ён працуе інжынерам на ААТ “Алазар” і мае 14-гадовы стаж работы мантажнікам сантэхнічных сістэм, працуе з сучасным абсталяваннем, укараняе новыя тэхналогіі, матэрыялы і прылады.

Тэорыю канкурсантам выкладае А.А.Бойка, выкладчык Кобрынскага каледжа. Ва ўстанове навучэнцы займаюцца мантажом, рамонтам і разлікам санітарна-тэхнічных сістэм. На практыку навучэнцы прыязджаюць у Жодзіна, дзе падрыхтоўка вядзецца на рэальных аб’ектах. Нядаўна на базе філіяла “Індустрыяльна-педагагічны каледж” РІПА прайшоў семінар “Сучасныя тэхналогіі вытворчасці санітарна-тэхнічных работ”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі прадпрыемстваў, эксперты, педагогі, навучэнцы.

У кампетэнцыі “Каменныя работы” ўдзельнічаюць Аляксей Крышнеў з Рагачоўскага ПТК будаўнікоў і Андрэй Пяткоўскі з Віцебскага тэхнічнага каледжа. Галоўным экспертам выступае загадчык вучэбна-вытворчых майстэрняў Мсціслаўскага будаўнічага каледжа У.А.Дудараў.

— На базе гэтага каледжа пры непасрэдным удзеле РІПА былі праведзены трэніровачныя заняткі з удзельнікамі нацыянальнай зборнай. Яны вывучалі чарцяжы новых конкурсных заданняў, аналагаў расійскага (Краснадар, 2017) і еўрапейскага заданняў (Швецыя, Гётэборг, 2016), — паведаміла каардынатар кампетэнцыі метадыст РІПА Т.Ф.Кутковіч. — Былі зроблены разлікі цаглянага мура канструкцыі, навучэнцы трэніраваліся правільна рэзаць газасілікатныя блокі і надаваць ім пэўныя формы, вырабляць шаблоны (крузе) пад арачныя канструкцыі. Хлопцы неаднаразова паўтаралі выкананне заданняў, выкарыстоўваючы розныя прыёмы і спосабы, якія павышаюць якасць цаглянага мура. Правядзенне наступных трэніровачных заняткаў плануецца на базе Рагачоўскага ПТК будаўнікоў, а крыху пазней — на базе Віцебскага тэхнічнага каледжа.

У падрыхтоўку да міжнародных спаборніцтваў па кампетэнцыі “Сталярныя работы” ўключаны Арцём Капуста з Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва, Ціхан Кавальчук з Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа. У кампетэнцыі “Выраб мэблі” выступаюць Іван Скорб з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Арцём Ждончык з Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. “Цяслярскія работы” прадстаўляюць Валянцін Пасюцін, Артур Каралькоў з філіяла БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. Каардынатар гэтых кампетэнцый — метадыст РІПА А.А.Стахавец.

Падрыхтоўка ўдзельнікаў па кампетэнцыях “Сталярныя работы” і “Выраб мэблі” будзе праходзіць на базе Мінскага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва, а па кампетэнцыі “Цяслярскія работы” — у філіяле БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. У красавіку ў футбольным манежы мяркуецца правесці Міжнародную выставу “Мэбля. Інавацыі. Інтэр’ер”, у рамках якой пройдзе конкурс прафесійнага майстэрства сярод чатырох удзельнікаў рэспубліканскай каманды па кампетэнцыях “Сталярныя работы”, “Выраб мэблі”. Правядзенне конкурсу прафесійнага майстэрства ў рамках выставы будзе спрыяць больш цеснаму ўзаемадзеянню арганізацый — заказчыкаў кадраў і ўстаноў прафесійнай адукацыі, павышэнню прафесійнага ўзроўню рабочых і спецыялістаў, дасягненню прафесійнай кампетэнтнасці сусветнага ўзроўню. У працэс падрыхтоўкі ўключаюцца і самі ўстановы адукацыі. Напрыклад, Маладзечанскі дзяржаўны каледж ужо закупляе інструменты і абсталяванне, неабходныя для падрыхтоўкі навучэнцаў да сусветнага чэмпіянату. Віцебскі тэхналагічны каледж запланаваў адкрыццё рэсурснага цэнтра па дрэваапрацоўцы. Спецыялісты адзначаюць, што для адпрацоўкі практычных уменняў расходуецца шмат драўніны. У гэтым істотная дапамога аказваецца прадпрыемствамі ААТ “ФанДАК”, “Эліс”.

Як паведаміла каардынатар кампетэнцыі “Электрамантажныя работы” начальнік цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА Ю.С.Сычова, базай для падрыхтоўкі навучэнцаў па гэтай кампетэнцыі з’яўляецца Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад’ёмна-транспартных работ. На базе ўстановы адкрыты рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў у галіне электрамантажных работ з прымяненнем сучасных тэхналогій, матэрыялаў і абсталявання. Цэнтр аснашчаны сучасным электратэхнічным абсталяваннем і інструментам, прадастаўленым групай кампаній IEK (вядучы расійскі вытворца электратэхнічнай прадукцыі). Падрыхтоўка навучэнцаў ажыццяўляецца як у рэсурсным цэнтры, так і на базе мінскага канцэрна “Белэлектрамантаж” пад кіраўніцтвам галоўнага эксперта WS па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы” выкладчыка вышэйшай катэгорыі А.У.Шыдлоўскага. Для фарміравання экспертнай супольнасці і навучання выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання для падрыхтоўкі ўдзельнікаў да конкурсу прафесійнага майстэрства нядаўна адбыўся семінар на тэму “Арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне конкурсу WorldSkills па кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”.

Адточваць навыкі ў кампетэнцыі “Электроніка” навучэнцы могуць на базе ААТ “Інтэграл” і філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж”. Падрыхтоўка ажыццяўляецца пад кіраўніцтвам галоўнага эксперта WS па гэтай кампетэнцыі галоўнага механіка “Інтэграла” Л.К.Цераховіча і загадчыка лабараторыі філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж” І.Д.Кочнева. Сёння да ўдзелу ў міжнародным чэмпіянаце рыхтуюцца два пераможцы нацыянальнага чэмпіянату WorldSkillsBelarus — 2016 Уладзіслаў Сёмік, навучэнец Віцебскага політэхнічнага каледжа, і Данііл Кузьмінаў, навучэнец філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж”. Каардынатарам кампетэнцыі “Электроніка” з’яўляецца намеснік начальніка цэнтра развіцця прафесійнай адукацыі РІПА А.С.Бычко.

Ала КЛЮЙКО.