Як лічбавыя тэхналогіі мяняюць выкладанне англійскай мовы? Гэтую тэму абмеркавалі беларускія настаўнікі са сваім калегам з Вялікабрытаніі на сустрэчы, якая адбылася ў Мінскім абласным ІРА.
Роб Льюіс, выкладчык, прадстаўнік Брытанскага савета, сустрэўся з педагогамі Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай абласцей, Мінска. Мерапрыемства ладзілася пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь.
Большасць падлеткаў пачынае свой дзень са “зносін” са сваімі смартфонам ці планшэтам, гаджэты суправаджаюць дзяцей і на занятках, інтэрнэт для іх — прывычная справа. Гэта рэаліі нашага часу, якія ўплываюць на ўсё, у тым ліку і на выкладанне прадметаў. Роб Льюіс абмеркаваў з калегамі тыя магчымасці, што даюць такія ўмовы: мабільнасць, новыя метады работы, вялікая колькасць карыснай інфармацыі, даступныя вучэбныя курсы. Тэхналогіі скарачаюць адлегласць паміж людзьмі. Выкладчык можа весці ўрок па відэасувязі, знаходзячыся за тысячы кіламетраў ад сваіх вучняў. Аднак ёсць у распаўсюджвання лічбавых тэхналогій і іншы бок. Лектар звярнуў увагу на тое, што неабходна вучыць дзяцей лічбавай дасведчанасці і выпрацоўваць пэўныя правілы выкарыстання гаджэтаў на занятках. Беларускія педагогі з задавальненнем уступалі ў дыялог з брытанскім калегам. Сустрэча атрымалася змястоўнай і карыснай, яе ўдзельнікі ўпэўніліся, што ў розных краінах свету педагогі занепакоены аднолькавымі пытаннямі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.