На Віцебшчыне вызначылі пераможцаў абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2017” сярод работнікаў устаноў адукацыі.
Фінальны канцэрт адбыўся ў ВДУ імя П.М.Машэрава і стаў сапраўдным падарункам для аматараў творчасці. На працягу некалькіх гадзін калектывы мастацкай самадзейнасці і індывідуальныя выканаўцы са школ, гімназій, дзіцячых садоў, устаноў дадатковай і прафесійнай адукацыі дарылі гледачам свае таленты, майстэрства і выдатны настрой.
— Спяваем тое, што падабаецца жанчынам і кранае душу, — адзначыла кіраўнік трыа “Вясна” Круляўшчынскай сярэдняй школы Докшыцкага раёна настаўніца музыкі і спеваў Алеся Палякова. — Атрымалася так, што я разам з настаўніцай пачатковых класаў Марынай Навіцкай і педагогам-арганізатарам Ірынай Карчэўскай працавалі яшчэ і кіраўнікамі аб’яднанняў па інтарэсах у нашым Доме культуры. Напэўна, з агульнасці інтарэсаў і нарадзілася ідэя стварыць свой мастацкі калектыў. Назва прыйшла практычна адразу: вясна — час аднаўлення і маладосці, творчасць — адзін з самых цудадзейных яе эліксіраў. А якой жанчыне не хочацца заставацца маладой? Мы часта выступаем у аграгарадку, даём выязныя канцэрты, удзельнічаем у конкурсах. Рэпертуар разнастайны: ёсць крыху эстрады, рэтра ў сучасных апрацоўках. Сёння спявалі песню ўкраінскай выканаўцы Наталлі Валеўскай. Перакласці тэкст на беларускую мову нам дапамагла калега настаўніца роднай мовы і літаратуры нашай школы Іна Косціна. Безумоўна, вельмі рады ацэнцы нашага выступлення: яно адзначана дыпломам ІІ ступені. Як індывідуальны выканаўца я прапанавала на конкурс песню “Жанчына, якая спявае” і атрымала спецыяльную прэмію журы. Поспех натхняе. Пастараемся захаваць гэтае высокае натхненне і праз песню перадаць яго нашым гледачам.
За перамогу ў фінале абласнога этапу змагаліся 32 удзельнікі з устаноў адукацыі вобласці. Яны спаборнічалі ў намінацыях “Вакал”, “Харэаграфія”, “Арыгінальны жанр”, “Інструментальны жанр”. У ліку найбольш яркіх уражанняў — выдатны “Эстрадны танец” у выкананні Наталлі Башлыковай і Кацярыны Харак з сярэдняй школы № 6 Полацка, кранальная “Беларуская мазаіка” народнага ансамбля настаўнікаў “Жывіца” з сярэдняй школы № 3 Наваполацка, чарадзейная “Ночка” гурта Music Fly з Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава, выступленне Людмілы Бурдзінскай і тэатра моды “Млын” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэтыя выканаўцы прадставяць паўночны рэгіён на заключным этапе конкурсу. Акрамя Алесі Паляковай, спецыяльнай прэміяй журы ўзнагароджаны Сяргей Калодкін з сярэдняй школы № 27 Віцебска. Усе дыпламанты атрымалі грашовыя прызы ад абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
— Наш ансамбль нарадзіўся ў 2000 годзе, у 2003 годзе яму было прысвоена званне “народны”, — расказала кіраўнік знакамітай “Жывіцы” Наталля Стубрый. — Мы з’яўляемся дыпламантамі, лаўрэатамі многіх конкурсаў, аднак гэтая перамога для нас надзвычай важная: спаборнічаць з калегамі — вялікі гонар і адказнасць. Напрамак школы № 3 харавы, усяму свету вядомы нашы “Звонкія галасы” — лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, пераможца Міжнароднага конкурсу харавых калектываў Eisteddfod у Паўночным Уэльсе і сярэбраны медаліст V Сусветных харавых Алімпійскіх гульняў у аўстрыйскім горадзе Грац. Але гэта, зразумела, не адзіны наш мастацкі калектыў. Кожны з іх непаўторны, кожны ўзнік не ў альтэрнатыву існуючым, а як неабходнасць творчага самавыяўлення і развіцця. “Жывіцу” мы арганізавалі з мэтай папулярызацыі народнай і класічнай музыкі (найперш для бацькоў навучэнцаў). Часта практыкуем сумесныя канцэрты: спачатку выступаюць дзеці, а ў завяршэнне — мы, педагогі. Наш ансамбль унікальны яшчэ і тым, што ўсе яго ўдзельнікі — кіраўнікі школьных мастацкіх калектываў. Майстэрства і радасць творчасці, падзеленыя аднадумцамі, калегамі, настаўнікамі, заўсёды даюць магутны эфект множання. Гэта той рэзананс, які ідзе ад сэрца да сэрца і акрыляе, дорыць адчуванне палёту, радасці, імкнення да ідэалу. Робіць людзей крыху лепшымі і дабрэйшымі. Што можа быць важнейшым?
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.