Яслі-сад № 5 Нароўлі прымаў удзельнікаў раённага агляду-конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы кухар установы дашкольнай адукацыі”, арганізаванага аддзелам адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама.
Нароўля — невялічкі палескі райцэнтр. У ім працуюць чатыры дашкольныя ўстановы, якія і сталі ўдзельнікамі цікавага кулінарнага спаборніцтва. Яслі-сад № 6 прадставіла Наталля Хлебіна, санаторны яслі-сад № 3 — Наталля Белазёрава, Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці — Людміла Семяненка. А прымаючы бок — яслі-сад № 5 — кухар Надзея Агасіянец.
— Здароўе дзіцяці залежыць ад якасці ўжытай ім ежы і яе разнастайнасці, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама Алена Кірганава, адкрываючы мерапрыемства. — Арганізоўваючы гэты конкурс, мы мелі мэту актывізаваць дзейнасць устаноў дашкольнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі і павышэнні якасці харчавання выхаванцаў, а разам з тым паказаць узровень майстэрства нашых кухараў і натхніць іх на далейшае прафесійнае развіццё.
Спаборнічаць дзіцячым кухарам прыйшлося ў трох намінацыях. Першая — самапрэзентацыя — праходзіла пад назвай “Мая прафесія — кухар дзіцячага садка”. Неабходна было прадэманстраваць камунікатыўнасць, уменне пераконваць, уплываць на фарміраванне здаровага і правільнага харчавання дзяцей. А яшчэ ўдзельніцы конкурсу спявалі і чыталі вершы, паказваючы, што яны майстры не толькі ў сваёй справе.
Пасля такой вясёлай візітнай карткі ішло дамашняе заданне — “Прэзентацыя страў”. Канкурсанткі прадставілі прыгатаваныя імі стравы, уменне сервіраваць стол і азнаёмілі журы і прысутных з тэхналогіяй гатавання кожнай стравы. “Бульбяныя мышкі”, “Мяса па-восеньску”, салат “Вітамінка”, рулецік з філе птушкі з грушай і іншыя смачныя назвы кулінарных шэдэўраў не пакідалі раўнадушнымі, а духмяныя пахі страў выклікалі апетыт. Ну а трэцяя намінацыя — “Майстар карвінгу” — выявіла сапраўдных творцаў. На вачах гледачоў і журы кухары дзіцячых садоў праявілі сваю фантазію ў мастацкай нарэзцы агародніны і садавіны.
Было відаць, што і самім удзельнікам падабаецца прафесійнае спаборніцтва. Яны натхнёна расказвалі пра любімыя стравы, сакрэты гатавання, сваю любоў да прафесіі і нават пра тое, чаму працуюць менавіта ў дашкольнай установе. Безумоўным пераможцам журы прызнала кухара ясляў-сада № 6 Наталлю Хлебіну, якая і атрымала званне “Лепшы кухар — 2017”. Наталля Белазёрава з санаторнага ясляў-сада № 3 стала пераможцай у намінацыі “За лепшае афармленне”, Надзея Агасіянец з ясляў-сада № 5 — у намінацыі “За лепшае творчае самапрадстаўленне”, а Людміла Семяненка з Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці — у намінацыі “Арыгінальная страва”. І хаця кожны конкурс мае на ўвазе вызначэнне пераможцаў, можна казаць, што прайграўшых у раённым аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства не было.
Усе ўдзельніцы ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.
Наталля ЛУТЧАНКА.