Тахеометр па вымярэнні прафесіяналізму

- 10:52World Skills

Пры ўсёй той разнастайнасці і разнапланавасці, з якой праходзяць адборачныя спаборніцтвы за гонар стаць членам нацыянальнай каманды WorldSkills, конкурс, які адбыўся ў Гомельскім дарожна-будаўнічым каледжы, філіяле Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, заслужыў павышанай увагі. А справа ў тым, што ўпершыню за ўсю гісторыю членства нашай краіны ў WorldSkills International нашы канкурсанты спаборнічалі ў новай кампетэнцыі “Геадэзія”. Такім чынам, наша каманда прыбліжаецца да ўдзелу ў большасці кампетэнцый, якія прадастаўляе WorldSkills International.

Вольга Вячаславаўна Піцеракова, начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння спецыяльнасцей сферы паслуг цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА, адзначыла, што спаборніцтвы пад эгідай WorldSkills сёння набываюць вялікую папулярнасць. Яны спрыяюць абнаўленню зместу навучання па спецыяльнасцях вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, удасканаленню сістэмы прафесійнай арыентацыі сярод моладзі, павышэнню іміджу прафесійнай адукацыі, узвядзенню рабочай прафесіі ў ранг павагі і гонару. І той факт, што ў пералік кампетэнцый міжнароднага супольніцтва сёлета ў нас дадалася яшчэ адна — “Геадэзія”, пацвярджае, што міжнародны рух WorldSkills прыйшоў у Беларусь невыпадкова і застанецца надоўга.

У спаборніцтва былі ўключаны студэнты УВА, навучэнцы прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў з ліку будучых дарожнікаў, тэхнікаў-будаўнікоў, праекціроўшчыкаў, якія вывучаюць інжынерную геадэзію ў рамках вучэбных дысцыплін, а таксама маладыя рабочыя і спецыялісты, якія ўжо працуюць у гэтай сферы.

Каля вытокаў арганізацыі спаборніцтва WorldSkills па кампетэнцыі “Геадэзія”, акрамя РІПА, стаіць БНТУ і непасрэдна кафедра геадэзіі і аэракасмічных геатэхналогій, якая займаецца выкладаннем дысцыплін па геадэзіі для будаўнічых спецыяльнасцей. Па словах дацэнта кафедры Ірыны Яўгенаўны Рак, геадэзія падраздзяляецца на многа кірункаў, сярод якіх асновы гэадэзіі, касмічная, інжынерная геадэзія, картаграфія, тапаграфія.

— Увогуле ўсе гэтыя кірункі звязаны з вымярэннямі на зямной паверхні, і ў далейшым, калі гэта тычыцца інжынернай геадэзіі, гэтыя вымярэнні выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні пэўных збудаванняў на яе паверхні, — паведаміла Ірына Яўгенаўна. — Спецыяльнасць “Прыкладная геадэзія” арыентавана на падрыхтоўку спецыялістаў для геадэзічнага забеспячэння будаўніцтва любых інжынерных збудаванняў, вытворчасці тапографа-геадэзічных работ, забеспячэння зямельна-кадастравых і пошукавых работ.

Нядаўна ў прафесійнай дзейнасці Ірыны Яўгенаўны Рак з’явілася новая рыса. Яна атрымала статус галоўнага эксперта Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па кампетэнцыі “Геадэзія” ў рамках WorldSkills Belarus.

Ірына Яўгенаўна нагадала, як пачыналася работа над тым, каб увесці ў пералік кампетэнцый міжнароднага спаборніцтва такую кампетэнцыю, як геадэзія. Маючы вельмі цесныя стасункі з расійскімі калегамі, рэалізоўваючы шматлікія цікавыя сумесныя праекты, і пасля таго, як расіяне ўвялі кампетэнцыю “Геадэзія” ў чэмпіянаты СНД (а ў той, што будзе праходзіць у Краснадары, ужо другі раз), лагічным і мэтазгодным было і для нашай беларускай каманды ўвесці такую кампетэнцыю. Але, згодна з правіламі конкурсу, перш чым выйсці на міжнародныя спаборніцтвы па кампетэнцыі “Геадэзія”, трэба было прайсці адборачныя спаборніцтвы.

— Мы атрымалі ад расійскіх калег прыкладныя заданні, якія меркавалася ўключыць на спаборніцтве ў Краснадары, і вырашылі выкарыстаць іх у сваім нацыянальным адборачным конкурсе, — паведаміла Ірына Яўгенаўна. — Такім чынам нам удалося максімальна прыблізіцца да ўмоў і зместу конкурсаў, якія будуць праводзіцца на міжнародным узроўні.

У перыяд падрыхтоўкі спаборніцтва прыйшло вельмі шмат заявак на ўдзел у ім. Арганізатары нават такой актыўнасці і не чакалі. Было складзена аж 15 каманд (па 2 удзельнікі).

Сваіх канкурсантаў прадставілі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, філіял БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж”, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, 3 філіялы РІПА “Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж”, “Індустрыяльна-педагагічны каледж”, “Маладзечанскі політэхнічны каледж”, Мазырскі дзяржаўны політэхнічны каледж, архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, дзве навучальныя ўстановы з Расіі — Ражскі дарожны тэхнікум, Кузбаскі тэхнікум архітэктуры, геадэзіі і будаўніцтва.

Вольга Вячаславаўна Піцеракова паведаміла, што было вельмі дасканала вывучана, каму з устаноў будзе даверана прыняць Рэспубліканскі конкурс па гэадэзіі. У выніку ўзважвання ўсіх “за” і “супраць” рашэнне было вынесена на карысць Гомельскага дарожна-будаўнічага каледжа.

Што тычыцца пераваг гэтага каледжа, то перш-наперш гэта аснашчаная на высокім узроўні вучэбная база каледжа. Яна па-сапраўднаму ўнікальная, вельмі шмат увагі ўдзелена сучаснаму абсталяванню і прыборам па геадэзіі. Камп’ютарныя класы абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі ў навучанні. Аўдыторыі і кабінеты маюць сучасныя вучэбна-наглядныя дапаможнікі, у наяўнасці геадэзічныя сучасныя прыборы, такія як электронныя тахеометры (геадэзічны прыбор, які выкарыстоўваецца для вызначэння каардынат і вышынь пунктаў мясцовасці пры тапаграфічнай здымцы мясцовасці і г.д.), аптычныя нівеліры (гэта вельмі дакладныя вымяральныя прыборы, якія дазваляюць вызначыць адлегласць, выканаць разметку, вылічыць правільны вугал нахілу і г.д.) і інш. Сярод вучэбных аўдыторый адна асабліва вылучаецца сваёй незвычайнасцю. Аўдыторыя ўяўляе сабой вялікую залу, якая прадугледжана для правядзення паўнавартасных вымяральных работ нават без выкарыстання палявых магчымасцей. (Дарэчы, расійскі калега Антон Нікулін быў вельмі ўражаны абсталяваннем і аўдыторыямі каледжа. У геадэзіі ён вядомы чалавек і браў удзел у многіх чэмпіянатах WorldSkills, быў у многіх навучальных установах і нідзе не бачыў такой выдатнай вучэбна-матэрыяльнай базы і такога падыходу да вывучэння геадэзіі. Ды і ўсе ўдзельнікі спаборніцтва фатаграфавалі аўдыторыі і стэнды, каб зрабіць у сябе падобнае.)

Акрамя камеральнай работы (у кабінеце), заданне прадугледжвала палявыя работы, якія могуць праводзіцца толькі на вялікай тэрыторыі, бо для кожнай каманды патрэбен зямельны ўчастак у выглядзе квадрата памерам 16х16 м. Гарадскія ўлады Гомеля прадаставілі для спаборніцтваў тэрыторыю, прызначаную для гарадскога дэндрарыя, якая мае памер 8 гектараў. Будучы дэндрарый і выступіў для будучых геадэзістаў у ролі палігона для палявых іспытаў.

Конкурснае заданне ўключала 5 модуляў, звязаных паміж сабой.

2 першыя заданні прадугледжвалі геадэзічныя работы пры праектаванні; геадэзічную падрыхтоўку даных для выканання палявых работ. У адпаведнасці з гэтым, трэба было на растры прапанавага ўчастка (растр — графічнае адлюстраванне, прадстаўленае ў выглядзе кропкавай структуры, малюнак, адлюстраваны з дапамогай растравання) распрацаваць праект вертыкальнай планіроўкі ў выглядзе сеткі квадратаў 4х4, з бакамі квадратаў на мясцовасці 4 м.

Тры іншыя модулі прадугледжвалі геадэзічныя работы пры пераносе праекта ў натуру згодна з растравым адлюстраваннем; нівеліраванне паверхні па квадратах; складанне картаграм земляных работ.

Пасля жараб’ёўкі кожная каманда атрымала свой участак зямлі для работы. У адной ён быў больш раўнінны, у другой — з няроўнасцямі і перападамі вяршынь. Згодна з варыянтам задання, кожная каманда атрымала свой фрагмент растра, на якім трэба было запраектаваць сетку квадратаў і вызначыць вяршыні кожнага вугла. Сетка квадратаў дзялілася яшчэ на квадраты, і ў выніку атрымалася ўсяго 25 вяршынь квадратаў. Патрэбна было па растры — тапаграфічным плане — вызначыць каардынаты, якія ў далейшым трэба было вынесці ў палявыя ўмовы. Удзельнікі вызначалі гэтыя каардынаты і затым уносілі ў свой электронны тахеометр, які мела кожная каманда — удзельніца спаборніцтва. Пасля гэтага эксперты аналізавалі выкананыя заданні, улічваючы пры гэтым дакладнасць зняцця каардынат і ці правільна яны былі ўнесены ў тахеометр.

Заданне непасрэдна ў полі заключалася ў тым, што ўдзельнікі спаборніцтва павінны былі ўказаць на мясцовасці, дзе размяшчаюцца вяршыні гэтай сеткі квадратаў, якую яны запраектавалі на растры. Пасля гэтага трэба было пранівеліраваць кожную вяршыню квадрата. Палявыя работы канкурсанты апрацоўвалі ў каледжы. З дапамогай праграмнага забеспячэння (AutoCAD) яны збудавалі сетку квадратаў, выканалі падлік аб’ёмаў па кожным квадраце.

Як ужо гаварылася, у кожнай камандзе было па два ўдзельнікі, якіх адабралі папярэдне на ўзроўні навучальнай установы, а потым дэлегавалі на адборачныя спаборніцтвы ў Гомель. З кожнай камандай прыехаў трэнер з ліку выкладчыкаў навучальнай установы, які на самім спаборніцтве выступаў у ролі эксперта і правяраў работы іншых каманд. Увогуле майстэрства канкурсантаў ацэньвалі 16 экспертаў, сярод якіх эксперт WorldSkills International вышэйзгаданы А.С.Нікулін, выкладчык Кузбаскага тэхнікума архітэктуры, геадэзіі і будаўніцтва. Ацэньванне ходу і вынікаў выканання конкурснага задання праводзілася пры дапамозе сістэмы інфармацыйнай падтрымкі конкурсу (CIS). Сістэма лічыцца вельмі дасканалай і ўжо не першы год выкарыстоўваецца ў спаборніцтвах WorldSkills.

У выніку конкурсу пераможцамі сталі Аляксандр Мельнікаў і Аляксандр Сергачоў з філіяла РІПА “Гомельскі дарожна-будаўнічы каледж”. 2-е месца ў Антона Кавалёва і Ільі Шаркеля (Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж), “бронзу” заваявалі Максім Гадлеўскі і Яўген Гарэльчык з філіяла БНТУ “Барысаўскі політэхнічны каледж”. Пераможцы конкурсу сталі членамі нацыянальнай зборнай і паедуць на фінал V Нацыянальнага чэмпіянату Расійскай Федэрацыі “Маладыя прафесіяналы” — WorldSkills Russia, які адбудзецца ў майскія дні ў Краснадары.

Выкладчык вышэйшай катэгорыі спецдысцыплін дарожна-будаўнічага цыкла гомельскага каледжа Галіна Георгіеўна Марозава, якая была адным з самых актыўных арганізатараў спаборніцтва, атрымала яшчэ і падарунак на конкурсе. Яе выхаванцы Аляксандр Мельнікаў і Аляксандр Сергачоў сталі лепшымі. Абодва хлопцы мэтанакіраваныя, няўрымслівыя, захопленыя любімай справай. Навучэнцы атрымліваюць у каледжы спецыяльнасць “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, але не збіраюцца спыняцца ва ўдасканаленні сваіх ведаў і прафесійнага майстэрства і мяркуюць пасля заканчэння каледжа паступаць ва УВА. Цяпер пачынаецца гарачая пара — падрыхтоўка да міжнароднага спаборніцтва, і хочацца верыць, што хлопцы і там праявяць сябе як сапраўдныя прафесійныя геадэзісты.

У рамках рэспубліканскага конкурсу з мэтай ажыццяўлення ранняй прафарыентацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, асваення сучасных прафесійных кампетэнцый, для павышэння папулярнасці і тлумачэння сацыяльнай значнасці такой спецыяльнасці, як “Геадэзія”, для школьнікаў былі арганізаваны майстар-клас і інтэрактыўная прафарыентацыйная пляцоўка.

Трэба адзначыць і тое, што прадпрыемствы “Белгіпрадар”, “Аўтобусны парк № 6”, “Гомельаблаўтатранс” выступілі партнёрамі навучальных устаноў у падрыхтоўцы і правядзенні спаборніцтва. Яны аказалі ім пэўную дапамогу ў прадастаўленні абсталявання для аснашчэння конкурснай пляцоўкі.

Для інфармацыйнага суправаджэння рэспубліканскага конкурсу былі падрыхтаваны праграма конкурсу, інфармацыйныя стэнды, план размяшчэння конкурсных пляцовак. Таксама інфармацыя аб ходзе падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага конкурсу шырока асвятлялася ў сродках масавай інфармацыі.

Ала КЛЮЙКО.