Выхаванне дзяцей — агульная справа

- 10:51Навіны рэгіёнаў

Сям’я займае цэнтральнае месца ў выхаванні дзіцяці. Не меншая роля ў выхаванні падрастаючага пакалення адводзіцца і ўстановам адукацыі. Але найбольш спрыяльныя ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей стварае плённае ўзаемадзеянне гэтых двух бакоў. Гэтым пастулатам кіруюцца ў сярэдняй школе № 4 Касцюковіч. Педагагічны калектыў установы імкнецца да наладжвання цеснага супрацоўніцтва з бацькамі кожнага вучня, каб зрабіць іх паўнавартаснымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Семяня, асноўнымі формамі і метадамі арганізацыі ўзаемадзеяння школы і сям’і з’яўляюцца класныя і агульнашкольныя бацькоўскія сходы.

— Разам з традыцыйнымі сходамі мы ўсё часцей праводзім інтэрактыўныя мерапрыемствы па асвеце бацькоў. Узаемадзеянне будуецца па прынцыпе “вучыся сам і вучы іншых”. Работа ў міні-групах, дыскусіі, дзелавыя, ролевыя, імітацыйныя гульні і іншыя метады дазваляюць ставіць бацькоў у актыўную пазіцыю. Яны вучацца свабодна выказваць сваё меркаванне, калектыўна знаходзіць правільнае рашэнне. Такія метады дазваляюць актывізаваць педагагічную, выхаваўчую дзейнасць бацькоў, надаць ёй мэтанакіраваны, грамадска значны характар, — адзначыла Ірына Аляксандраўна.

Не менш важным напрамкам супрацоўніцтва з’яўляецца псіхолага-педагагічная асвета, якая ўключае ў сябе лекторыі для бацькоў у рамках бацькоўскага ўсенавуча па розных катэгорыях, дзейнасць кансультацыйнага пункта “Педагогіка для дарослых”, рэгулярныя выязныя рэйды “Сям’я”.

— Формы і метады працы з бацькамі пры гэтым выкарыстоўваюцца самыя разнастайныя: назіранне, анкетаванне, трэнінгавыя заняткі, індывідуальныя кансультацыі. Бацькі разважаюць аб педагагічнай культуры ў сям’і, правах і абавязках дзяцей і бацькоў, многіх іншых важных пытаннях, — падкрэсліла Ірына Семяня.

Актыўнае ўзаемадзеянне з сем’ямі вучняў наладжана ва ўстанове не толькі па буднях, але і ў шосты школьны дзень. Бацькі прыцягваюцца да ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных мерапрыемствах, тэматычных сумесных святах. Акрамя таго, апошняя субота месяца ў школе традыцыйна з’яўляецца бацькоўскай. Прадстаўнікамі бацькоўскага камітэта ў гэты дзень арганізоўваецца работа круглых сталоў, конкурсных праграм, лекторыяў з абмеркаваннем хвалюючых тэм.

— Не застаецца ў баку ад зносін з бацькамі і наш школьны валанцёрскі атрад, які працуе па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Навучэнцы запрашаюць бацькоў на свае заняткі, далучаюць іх да абмеркавання праблемных сітуацый, прымушаюць прымераць на сябе ролю школьнікаў. Гэта таксама спрыяе наладжванню ўзаемаразумення паміж дзецьмі і дарослымі, — лічыць Ірына Аляксандраўна.

Паводле яе слоў, плённая наладжаная работа ўжо прыносіць значныя вынікі. Многія бацькі сталі больш актыўна супрацоўнічаць са спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай службы, з задавальненнем наведваюць школьныя мерапрыемствы, эфектыўна ўзаемадзейнічаюць з педагогамі. Вядома, яшчэ ёсць сем’і, якія абстрагуюцца ад выхавання ўласных дзяцей, аддаўшы гэтую прэрагатыву навучальнай установе. Але дзякуючы намаганням педагагічнага калектыву школы, колькасць такіх бацькоў з цягам часу становіцца ўсё меншай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.