Святлана Крупская са Слуцка можа смела называць сябе рэжысёрам мультфільмаў і вопытным даследчыкам, нягледзячы на тое, што вучыцца ў 3 класе. Яе работы атрымалі прызнанне журы на міжнародных мерапрыемствах. Мультфільм, створаны Святланай, атрымаў гран-пры Міжнароднага фестывалю дзіцячых кароткаметражных фільмаў GymCinFest — 1517, а даследчая работа дзяўчынкі ўзнагароджана дыпломам І ступені конкурсу навуковых даследаванняў і праектных работ SCIENTIA UNESCAMUS.
Святлана зацікавілася даследаваннямі яшчэ ў 1 класе, а ўжо ў 2 класе з’явілася яе першая даследчая работа. Разам з настаўніцай яна стварала фарбы з матэрыялаў, якія можна знайсці ў кожным доме. Работа Святланы ў мінулым годзе была ўзнагароджана дыпломам І ступені на абласным фестывалі “Я — даследчык”. На гэтым дзяўчынка не спынілася і ўзялася за новую тэму — паспрабавала ў хатніх умовах вывесці з яек куранят. Так з’явілася новае даследаванне — “Чароўнае пераўтварэнне яйка”, — якое дзяўчынка прадставіла на VI навукова-практычнай канферэнцыі SCIENTIA UNESCAMUS, або “Аб’ядноўваемся ведамі”, што прайшла ў Маскве. Работа была адзначана дыпломам І ступені.
Акрамя таго, Святлана развівае сваю дзейнасць і ў іншым кірунку. Разам з бацькамі яна стварае мультфільмы — маляваныя і з пластыліну. Гэтыя два захапленні — мультыплікацыя і даследаванні — цудоўным чынам спалучыліся. Па матывах сваіх даследаванняў дзяўчынка стварае мультфільмы. Так супала, што ў рамках навукова-практычнай канферэнцыі праводзіцца і Міжнародны фестываль дзіцячых кароткаметражных фільмаў GymCinFest — 1517. Сёлета ўдзельнікам прапаноўвалася тэма “Дом”. Святлана зняла фільм у жанры пластылінавай мультыплікацыі пад назвай “Самы лепшы дом”. Гэта гісторыя пра тое, што неабавязкова быць самым прыгожым і лепшым, каб быць любімым. Пранікнёная карціна С.Крупскай атрымала гран-пры фестывалю.
Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Слуцка Святлана Міхайлаўна Цыуля, якая займаецца з дзяўчынкай даследаваннямі, расказвае, што яна неверагодна таленавітая і працавітая. Акрамя захаплення даследаваннямі і мультыплікацыяй, Святлана чытае шмат кніг, займаецца плаваннем, вучыцца ў школе мастацтваў і наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Беларуская лялька”. Ва ўсіх пачынаннях дзяўчынку падтрымліваюць бацькі. Няхай жа ззяе ярка гэтая маленькая слуцкая зорачка!
Дар’я РЭВА.