Палітра творчасці

- 10:50Гродзеншчына, Прэс-тур

Багатая, разнастайная, насычаная, рознакаляровая, рознатэматычная, рознаўзроставая — менавіта з такой палітрай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гродзенскай вобласці пазнаёміліся ўдзельнікі прэс-туру падчас наведвання Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі і Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Пра некаторыя яркія фарбы палітры Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі на прыкладзе рэалізацыі праекта “Гартаючы старонкі гісторыі Шчучыншчыны” нам паведаміць намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Анжэла Станіславаўна Турэвіч у наступным матэрыяле рубрыкі “Выхаваўчая прастора”. Мы ж пакуль завітаем у Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Аб’ядноўвае гэтыя дзве ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі не толькі творчасць і таленавітасць педагогаў і навучэнцаў, але і круглая дата: і Шчучынскі палац творчасці, і Лідскі цэнтр творчасці адзначаюць 70-гадовы юбілей. Найлепшы падарунак для педагогаў — гэта, безумоўна, творчыя дасягненні навучэнцаў. І лідскім, і шчучынскім педагогам дадатковай адукацыі ёсць чым ганарыцца ў юбілейны год.

Як паведаміла дырэктар Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіна Анатольеўна Ганчар, штогод шматпрофільная ўстанова расчыняе дзверы больш чым 200 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаецца кожны чацвёрты навучэнец устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. Напрыклад, майстэрня моды і стылю “Грацыя”, якой кіруе Людміла Іосіфаўна Шчапук, працуе больш за 20 гадоў. На занятках майстэрні навучэнцы сярэдняга і старшага школьнага ўзросту не толькі знаёмяцца з гісторыяй касцюма, напрамкамі сучаснай моды, вывучаюць стылі, асноўныя законы мадэлявання і канструявання, але і распрацоўваюць новыя мадэлі, удасканальваюць тэхналогію шыцця. Дзяўчаты з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, неаднаразова былі іх пераможцамі і прызёрамі. Так, калекцыя “Пасланне з космасу” ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Жывіца-2015” заняла 3-е месца.

Студыя выяўленчага мастацтва “Маленькія чараўнікі” таксама дзейнічае больш за 20 гадоў. Пад кіраўніцтвам Юліі Алегаўны Капцэвіч юныя мастакі, узброіўшыся аркушамі паперы, алоўкамі, пэндзлямі і фарбамі, асвойваюць малюнак, жывапіс, графіку, сучасныя тэхнікі пальчыкавага малявання. Як і юныя грацыі з майстэрні моды і стылю, “маленькія чараўнікі” з’яўляюцца неаднаразовымі пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, паспяхова ўдзельнічаюць у міжнарожных конкурсах. І гэтак жа выхаванцы студыі звязваюць сваё прафесійнае жыццё са справай, якую яны асвойвалі і ўдасканальвалі на занятках ва ўстанове дадатковай адукацыі.

Развіццю творчых уменняў навучэнцаў спрыяюць мерапрыемствы, што праводзяцца ў рамках праграмы “ТОП-субота: творчасць, зносіны, пазнанне”, дзён сельскага школьніка, а таксама падчас працы аздараўленчага лагера “Ніколі не сумуй”, лагера працы і адпачынку. Так, праект лагера працы і адпачынку “Тэатр юнага гледача” быў узнагароджаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі ў намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі летняга адпачынку ў конкурсе на лепшы аздараўленчы лагер”.

— Цэнтр творчасці з’яўляецца каардынатарам дзіцячага і маладзёжнага руху ў раёне. Мы ажыццяўляем педагагічную падтрымку развіцця лідарства, дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, вучнёўскага самакіравання. На базе нашай установы дзейнічаюць школа піянерскага актыву, школа лідара для старшакласнікаў. З 2011 года плённа працуе раённы маладзёжны парламент. Восем навучэнцаў устаноў адукацыі нашага раёна з’яўляюцца дэпутатамі маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, прымаюць актыўны ўдзел у яго сесіях. Актывісты-старшакласнікі з’яўляюцца ўдзельнікамі міжнародных дзіцячых самітаў, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый. Мы ганарымся тым, што ў нашым калектыве працуе педагог, які ў мінулым годзе стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта нязменны кіраўнік раённага клуба інтэлектуальных гульняў “Стальны пацук” член зборнай каманды клуба “Што? Дзе? Калі?” Сяргей Яўгенавіч Вераціла, — паведаміла Галіна Анатольеўна.

Мы з калегамі таксама ганарымся, што завіталі падчас прэс-туру ў Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Няхай наша гасцяванне было нядоўгім, меншым за гадзіну, аднак і за гэты непрацяглы час мы з задавальненнем азнаёміліся з багатай палітрай творчасці лідскіх педагогаў і навучэнцаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.