Пытанне павышэння канкурэнтаздольнасці і якасці беларускай адукацыі ва ўмовах глабалізацыі сусветнай эканомікі з’яўляецца актуальным і для краіны ў цэлым, і для кожнай установы адукацыі паасобку. Стварэнне рэсурсных цэнтраў — гэта інавацыйны падыход да арганізацыйнага, метадычнага і тэхналагічнага перааснашчэння адукацыі. Сёння цэнтр выступае як прынцыпова новая форма функцыянавання сістэмы адукацыі.
У 2012 годзе на базе сярэдняй школы № 8 Ліды быў заснаваны раённы рэсурсны цэнтр па інфармацыйным суправаджэнні навучання навучэнцаў замежнай мове. На гэтым этапе цэнтр уяўляе сабой тры кабінеты замежнай мовы, аб’яднаныя адзіным метадычным цэнтрам. У 2013 годзе па выніках абласнога агляду-конкурсу кабінетаў замежнай мовы метадычны цэнтр заваяваў дыплом ІІІ ступені. А ў 2016 годзе быў удастоены звання абласнога.
Асноўнай дзейнасцю цэнтра з’яўляецца распаўсюджванне перспектыўнага педагагічнага вопыту, павышэнне якасці адукацыйнага працэсу па англійскай мове і фарміраванне прафесійных кампетэнцый педагогаў з дапамогай выкарыстання сучасных сацыяльных тэхналогій. У рэсурсным цэнтры настаўнікі англійскай мовы розных катэгорый вучацца выкарыстанню ў практыцы работы найноўшых дасягненняў у галіне іншамоўнай адукацыі, аператыўнаму авалоданню перспектыўным педагагічным вопытам, наватарскімі метадамі навучання.
За 4 гады існавання цэнтра работы было праведзена нямала. Прайшло больш за 18 майстар-класаў на школьным, раённым і абласным узроўні, 10 адкрытых урокаў. Педагогі цэнтра дзяліліся вопытам у рамках школьных, раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцый і семінараў. Было распрацавана 5 сеткавых праектаў па англійскай мове для навучэнцаў другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Створаны банкі мультымедыйных прэзентацый да вучэбных і факультатыўных заняткаў, моўных камунікатыўных сітуацый па тэмах праграмы, пытанняў у рамках зададзенай сітуацыі зносін для арганізацыі дыскусій і дэбатаў. Педагогі цэнтра Іна Булай і Кацярына Капуста з’яўляюцца пазаштатнымі лектарамі Гродзенскага абласнога ІРА і ГрДУ.
Адным з найважнейшых і найбольш перспектыўных напрамкаў работы рэсурснага цэнтра з’яўляецца ажыццяўленне інавацыйнай дзейнасці. У 2013—2015 гадах наша ўстанова адукацыі з’яўлялася пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў”. У рамках гэтага праекта 5 педагогаў сталі членамі адукацыйнай галактыкі Intel. Яны з’яўляюцца выпускнікамі 6 дыстанцыйных курсаў з серыі тэматычных трэнінгаў Intel, маюць сертыфікаты ад кампаніі Google па выніках навучання ў дыстанцыйным курсе “Базавыя сэрвісы Google для адукацыі”. Вопыт работы кіраўніка рэсурснага цэнтра І.Б.Булай па тэме “Выкарыстанне сеткавага ўзаемадзеяння навучэнцаў для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” абагульнены на рэспубліканскім узроўні.
Перадача інавацыйнага вопыту педагогам ажыццяўляецца дзякуючы арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння. Наш цэнтр выкарыстоўвае тры тыпы сеткавага ўзаемадзеяння:
• настаўнік — навучэнец (платформамі для ўзаемадзеяння з’яўляюцца блогі выкладчыкаў, віртуальныя класы і дадаткі Google);
• навучэнец — навучэнец (для арганізацыі гэтага тыпу ўзаемадзеяння выкарыстоўваюцца сацыяльныя сеткі, e-mail, Google дыск);
• настаўнік — настаўнік (распрацаваны арганізацыйна-метадычны базіс: памяткі, інструкцыі, метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні сеткавага ўзаемадзеяння для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў усіх ступеней агульнай сярэдняй адукацыі).
Кіраўнік рэсурснага цэнтра выступае мадэратарам адкрытай суполкі “Сэрвісы WEB 2.0 у праектнай дзейнасці навучэнцаў”, удзельнікамі якой з’яўляюцца больш за 500 педагогаў краіны, а таксама педагогі Расіі, а таксама абласной адкрытай суполкі для настаўнікаў замежных моў Language Cafe (больш за 300 удзельнікаў); раённай сеткавай суполкі “Замежная мова” (больш за 100 удзельнікаў); блога English with pleasure.
Для ажыццяўлення дыстанцыйнай метадычнай падтрымкі быў створаны сайт цэнтра. Для педагогаў краіны распрацавана серыя майстар-класаў, моўныя практыкумы з выкарыстаннем сучасных методык выкладання англійскай мовы, аўтарскія курсы “Эфектыўныя прыёмы арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння для развіцця камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў на другой і трэцяй ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” і “Праектная дзейнасць па англійскай мове ў інфармацыйным адукацыйным асяроддзі ХХІ стагоддзя”.
Абласны рэсурсны цэнтр з’яўляецца цэнтрам вучэбнай, пазакласнай і метадычнай работы па прадмеце. У цэнтры створаны аптымальныя ўмовы для фарміравання прафесійна-асобасных кампетэнцый і прафесійнай мабільнасці сучаснага педагога. Тэхнічныя і вучэбна-метадычныя магчымасці дазваляюць арганізаваць адукацыйны працэс такім чынам, каб былі ўлічаны псіхолага-ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, рознабаковы спектр іх інтарэсаў, рэалізаваны індывідуальны падыход да навучання і выхавання.
Іна БУЛАЙ,
настаўнік-метадыст, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Ліды,
кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра па англійскай мове.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.