Даволі незвычайным было пасяджэнне абласнога метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомельскай вобласці, якое прайшло на базе Гомельскага педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага. Установа дэманстравала ўдзельнікам свае дасягненні ў экалагічным выхаванні, паказала работу творчых майстэрань і навучэнцаў-валанцёраў.
У цікавым фармаце
Даўно педагогі ўжо адмовіліся ад простага абмеркавання розных праблем, седзячы за сталом. Насамрэч, гэта і нудна, і ўспрымаецца не заўсёды так, як бы хацелася арганізатарам. Іншая справа — семінары-практыкумы. Нездарма ж народная мудрасць гаворыць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.
Мэтай правядзення семінара-практыкуму якраз і ставіўся абмен вопытам. Варта сказаць, што, ідучы на семінар, цяжка было да канца зразумець, чаго ад яго чакаць. Маўляў, што агульнага паміж чыгуначным, медыцынскім і педагагічным каледжамі? Разуменне прыйшло ў працэсе.
Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага невыпадкова быў выбраны базай для чарговай сустрэчы метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце. На працягу некалькіх гадоў установа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай інавацыйнага праекта “Апрабацыя мадэлі фарміравання ключавых кампетэнцый у галіне ўстойлівага развіцця ў навучэнцаў у працэсе прафесійнай падрыхтоўкі”. Сёлета апрабацыя праекта завяршаецца, каледж будзе працягваць гэтую работу згодна з тымі распрацоўкамі і тым вопытам, якія былі назапашаны ў рамках рэалізацыі эксперыментальнай дзейнасці. Дык чаму б не падзяліцца ідэямі і не ўцягнуць у гэтую цікавую справу іншыя ўстановы вобласці, якія даюць сярэднюю спецыяльную адукацыю? Шчыра кажучы, разгарнуць у сябе такі кірунак з лёгкасцю можа і любая прафесійна-тэхнічная ўстанова — было б жаданне. Канечне, тут не абысціся без творчых выкладчыкаў, але ж яны ёсць у кожным каледжы і ліцэі.
Пасадзі сваё дрэва
Час у гэтай установе, здаецца, распісаны пахвілінна: госцю няма калі сумаваць. Арганізатары адразу скіроўваюць у прызначанае месца, дзе прысутных чакае незвычайная выстава-прэзентацыя творчага аб’яднання цыклавой камісіі выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання, якая паказвае нестандартныя прыёмы ў творчасці. Тут прадстаўлены выцінанкі, батык, карціны з ваты, воўны, змешаных стыляў і нават выявы на пяску. Акрамя таго, увагу прывабліваюць і самаробныя тканінавыя і льняныя лялькі. І тут не проста выстава, а творчыя майстэрні! Руплівыя прыгажуні-стваральніцы — навучэнкі каледжа, а таксама іх выкладчыкі дэманструюць свае таленты. Сочыш за пэндзлікам і здзіўляешся, як лёгка ператварае дзяўчынка белую паперку ў карціну.
Трапляючы ў залу, падрыхтаваную для правядзення мерапрыемства, на парозе спыняешся. Юнак з імем Максім, будучы настаўнік, прапануе ўнесці свой уклад у азеляненне і пасадзіць у спецыяльныя прыстасаванні маленькае дрэўца, якое пасля стане часткай маладога лясочка ў вёсцы Івакі Добрушскага раёна. І гэта не проста елка ці сасна, гэта імянное дрэва, знайсці якое можна будзе па таблічцы з імем, якое вы напісалі на паперцы і пакінулі побач з высаджаным парасткам. Дарэчы, сярод 30 дрэўцаў, высаджаных падчас семінара, можна будзе знайсці і дрэўца “Настаўніцкай газеты”. Экалагічная акцыя “Пасадзі дрэва”, якую падтрымала мясцовае лясніцтва, як нельга лепш упісвалася ў сутнасць мерапрыемства, у аснову якога лягла экалагічная тэматыка. Да таго ж яна пакінула незвычайнае ўражанне ва ўдзельнікаў семінара. У гэтым яны бачылі, па-першае, зацікаўленасць у паляпшэнні экалогіі з боку калектыву выкладчыкаў і навучэнцаў, па-другое, іх адкрытасць у дачыненні да запрошаных калег.
Тэму экалагічнай скіраванасці арганізатары перанеслі нават у перапынак, замяніўшы заезджаны coffee break фіта-паўзай, дзе можна было пакаштаваць напіткі з самых розных травяных збораў.
Інтэрактыў у зносінах
— Прафесійная падрыхтоўка ў нашым каледжы адрозніваецца сістэмным характарам у пытаннях арганізацыі навучання і выхавання, практыка-арыентаваным падыходам, які ляжыць у аснове ўсяго адукацыйнага працэсу: і ў засваенні тэорыі, і ў арганізацыі педагагічнай практыкі, і ў стварэнні развіццёвага асяроддзя, — адзначыў у сваім выступленні перад калегамі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Гомельскага педагагічнага каледжа Віктар Філіпенка.
Хутка выкладчыкі і будучыя педагогі даказалі, што менавіта так і ёсць. Фрагмент заняткаў міждысцыплінарнага факультатыўнага курса “Асновы экалагічных паводзін”, які правяла з навучэнцамі выкладчык геаграфіі Наталля Лысенка, зацікавіў перш за ўсё падыходам самога выкладчыка: ніякіх лішніх матэрыялаў у рабоце з навучэнцамі, поўны інтэрактыў у зносінах. Звярталі на сябе ўвагу і адносіны саміх навучэнцаў да работы на занятках: канкрэтныя адказы, лаканічныя і зразумелыя ўсім выступленні, абгрунтаванне сваіх пунктаў гледжання.
Многім прысутным прыйшоўся па душы таксама фрагмент заняткаў факультатыўнага курса “Карэкцыйнае маляванне”, праведзены выкладчыкам выяўленчага мастацтва Валянцінай Драгоевай. Нават з гэтага невялічкага ўрыўка можна было вынесці шмат ведаў, цікавых удзельнікам семінара не столькі як педагогам, колькі як матулям і бабулям.
Навучэнкі 3 курса будучыя выхавальнікі Настасся Луханіна і Юлія Цімашэнка прэзентавалі праект “Вада — крыніца жыцця”, над якім дзяўчаты працавалі разам з кіраўніком педагагічнай практыкі Ірынай Бухавец. Праект паказвае, што ідзе вялікая работа з дашкалятамі. Бачна, што аўтары зацікаўлены сваім праектам, пра што сведчыць распрацоўка і пошук казак, вершаў, гульняў, танцаў і эксперыметнаў пра ваду і з вадой. Выключнымі атрымаліся і відэаролікі з удзелам дзяцей. Паколькі жанчыны складалі асноўны касцяк гасцей, было даволі лёгка адсачыць поспех гэтага праекта сярод прысутных: усмешкі не знікалі з іх твараў.
Валанцёры экалагічнага атрада “ЭкалогіЯ” і іх маладзёжна-іміджавая акцыя “Экалагічны след” прымушалі задумацца не толькі над тым, што б ты хацеў пакінуць пасля сябе, але і наконт таго, як можна выкарыстаць пададзены вопыт у розных установах.
У кожнай установе ёсць свой Выгоцкі
Гомельскі педагагічны каледж нездарма носіць імя сусветна вядомага вучонага Выгоцкага. Дзейнасць установы будуецца на аснове яго методык і распрацовак, а ведаць Выгоцкага — абавязак кожнага навучэнца. У гэтым можна было пераканацца, наведаўшы гісторыка-педагагічны брэйн-рынг па тэме “Л.С.Выгоцкі. Навуковая спадчына і творчы шлях”, арганізаваны выкладчыкам педагогікі Галінай Лой. Тры каманды з навучэнцаў каледжа спаборнічалі ў ведах прац выдатнага педагога і псіхолага, валоданні звестак пра яго жыццё і дзейнасць. Прыемна было назіраць, як бурна абмяркоўвалі юнакі і дзяўчаты пытанні, якімі задаволенымі былі, калі адразу давалі правільны адказ.
Калі хто з гасцей не вельмі добра ведаў, хто такі Выгоцкі і чаму яго методыка застаецца актуальнай і сёння, то пасля рэтрарэканструкцыі “Л.С.Выгоцкі — Моцарт псіхалогіі”, здаецца, усе прабелы былі запоўнены. Яна была падрыхтавана да 120-годдзя Л.С.Выгоцкага творчым аб’яднаннем гістарычных рэканструкцый “Кола гісторыі”, якое паспяхова дзейнічае ў каледжы. Гэтая пастаноўка, у якой ролі выконвалі педагогі і навучэнцы, змагла скласці ў свядомасці педагогаў вобраз Выгоцкага, які ў свой час быў перакананы, што добра пастаўленае навучанне стаіць наперадзе развіцця. Акцёрскі талент навучэнцаў перанёс прысутных у эпоху творчай дзейнасці псіхолага. Рэальныя прыклады і напалову жартаўлівы тон зрабілі сваю справу — гледачы, яны ж удзельнікі семінара, пасля прызналіся, што многае было занатавана і абавязкова знойдзе рэалізацыю не толькі ў працы, але і ва ўласным жыцці.
Завяршылі праграму семінара-практыкуму творчыя калектывы педкаледжа, паказаўшы тым самым яшчэ адзін з кірункаў выхаваўчай работы ўстановы — творчы.
Пасля ўдзельнікі семінара за круглым сталом абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі, расказалі пра тое, што з вопыту педагагічнага каледжа хацелі б унесці ў сваю ўстанову. Было зразумела, што падобнага роду правядзенне часу можна ўкараніць у любым каледжы, паставіўшы ў аснову любую тэму, тую, якая, магчыма, бліжэй да прафесійнай накіраванасці. У кожнай жа ўстанове ёсць свой Выгоцкі.
Наталля ЛУТЧАНКА,
Ірына ІВАШКА.
Фота Ірыны ІВАШКА.