“Эмацыянальныя лялькі” едуць у летні лагер

- 15:02Адукацыйная прастора

Лета — найлепшы час для адпачынку, зносін з прыродай, пастаянная змена ўражанняў, новыя знаёмствы. Гэта час, калі дзеці маюць магчымасць зняць псіхалагічнае напружанне, якое назбіралася за год, уважліва паглядзець навокал і ўбачыць, што дзіўнае побач.

Ну, дзе і калі яшчэ школьнік адчуе сябе разняволеным, свабодным, незалежным, як не ў перыяд летніх канікул, на школьных пляцоўках, у летніх лагерах?! Летні аздараўленчы лагер дае дзецям магчымасць атрымаць новы вопыт, праверыць свае магчымасці, здольнасці, вялікі эмацыянальны пад’ём, адносіны з новымі сябрамі, пашырэнне кругагляду, знаёмства з новымі мясцінамі.

Аднак асаблівасці арганізацыі летняга адпачынку ўплываюць на псіхалагічны стан дзяцей неадназначна. Да такіх асаблівасцей адносяцца:

— невялікая працягласць летніка (у сярэднім 18 дзён), дзеці не заўсёды паспяваюць адаптавацца;

— насычаная, у асноўным калектыўная, дзейнасць дзяцей;

— дзеці не знаёмы адно з адным ці мала знаёмы;

— неабходнасць падпарадкавання жорсткім патрабаванням рэжыму дня і правілам паводзін (а падлеткі ў асноўным ехалі з устаноўкай на свабоду і незалежнасць);

— неразуменне некаторых дзяцей, куды яны ехалі і чым будуць займацца;

— абмежаваная прастора летніка, як вынік — дысцыплінарныя парушэнні;

— кантынгент дзяцей ад змены да змены можа быць розны.

Праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца педагагічнаму калектыву:

— пэўная разгубленасць дзяцей у пачатку змены і неразуменне, што ад іх патрабуецца;

— да сярэдзіны лагернай змены (9—10 дзень) стомленасць і спад актыўнасці;

— узрастанне колькасці захворванняў як ахоўная рэакцыя арганізма;

— псіхалагічныя стрэсы;

— асобасныя праблемы, абвастраюцца праблемы лідараў;

— пагружэнне ў інтэнсіўную дзейнасць у спалучэнні з неабходнасцю адначасовага выбудоўвання ўнутрыгрупавых сувязей можа прывесці да ператамлення ўдзельнікаў, узнікнення ўнутрыгрупавых канфліктаў, агульнай незадаволенасці і негатыўнай ацэнкі таго, што адбываецца;

— калі дзеці малодшага школьнага ўзрос­ту — яшчэ большае адчуванне адзіноты, дыскамфорту, бо многія з іх упершыню выязджаюць з дому.

Першыя тры дні змены самыя важныя. У гэты перыяд адбываецца знаёмства дзяцей між сабой, з важатымі і летнікам, адаптацыя да новых умоў жыцця (рэжым дня, бытавыя ўмовы і г.д.), вызначэнне роляў, якія дзеці будуць выконваць у калектыве (камандзір, фізарг, арганізатар і інш.). Гэта вельмі цяжкі час і для дзяцей, і для педагогаў. У першыя дні перад педагогамі стаіць некалькі задач:

— пазнаёміцца з атрадам (запомніць кожнае дзіця па імені, даведацца некаторыя якасці асобы, выявіць інтарэсы);

— прадставіць дзяцей адно адному, дапамагчы адаптавацца да новых умоў, пазнаёміць з тэрыторыяй, расказаць аб правілах і традыцыях летніка, скласці законы жыцця атрада;

— стварыць утульную атмасферу, даць магчымасць праявіць сябе ў мерапрыемствах рознай накіраванасці, згуртаваць атрад (праводзіць гульні, накіраваныя на згуртаванне, стварыць атрадны куток, выбраць атрадную сімволіку: назва, дэвіз, песня, эмблема);

— уключыць дзяцей у дзейнасць, раскрыць перад імі перспектывы гэтай дзейнасці;

— стварыць эмацыянальны настрой на яркае, цікавае будучае супольнае жыццё (з першага дня праводзіць з дзецьмі вясёлыя, цікавыя, нечаканыя мерапрыемствы і гульні).

Асноўныя задачы педагога-псіхолага летняга лагера:

  1. Гарантаванне дзецям адчування бяспекі, самадастатковасці.
  2. Стварэнне сітуацыі прыняцця ў калектыве равеснікамі і дарослымі.
  3. Фарміраванне статусу ў калектыве.
  4. Развіццё майстэрства выяўляць мэту паміж задавальненнем асабістых патрэб і рэалізацыяй грамадскіх захапленняў.
  5. Стварэнне пачуцця “мы” (сям’я, разам, асаблівыя), даверу паміж сабой.
  6. Падтрыманне пазітыўнага псіхалагічнага настрою.

Як правіла, у летніку на адной змене знаходзяцца дзеці ад 6 да 15 гадоў. Спецыялісту важна выбраць тыя формы і метады работы, якія будуць прымальныя для любой узроставай катэгорыі.

Маючы шматгадовы вопыт работы псіхолагам у летнім аздараўленчым лагеры “Зубраня” ААТ “МАЗ”, у сваёй практыцы я выкарыстоўваю прыёмы гульнятэрапіі, лялькатэрапіі, псіхадрамы. Добра зарэкамендаваў сябе гульнявы дапаможнік “Эмацыянальныя лялькі” (аўтарская распрацоўка), а таксама гульнявы парашут. Гульня — гэта ўніверсальны сродак як для малых, так і для падлеткаў.

Самыя вялікія цяжкасці ў першыя дні прывыкання да ўмоў летніка ўзнікаюць у малодшых атрадах. Многія дзеці ўпершыню пакідаюць сям’ю, адрываюцца ад бацькоў на такі працяглы перыяд. Праблемы ўзнікаюць у адносінах з новым дзіцячым калектывам і дарослымі. Новыя жыццёвыя ўмовы ў прасторы летніка (супольнае пражыванне ў пакоі, сон у няроднай пасцелі, падпарадкаванне лагернаму рэжыму і інш.) у многіх дзяцей выклікаюць псіхалагічны дыскамфорт.

Вельмі важна ў гэты перыяд правільна пабудаваць псіхолага-педагагічнае суправаджэнне працэсу адаптацыі дзяцей. Выкарыстоўваючы гульнявы дапаможнік “Эмацыянальныя лялькі”, педагог-псіхолаг можа зрабіць метады работы з дзецьмі больш разнастайнымі. Адной з эфектыўных форм выкарыстання лялек як з малодшымі, так і са старэйшымі дзецьмі стала складанне гісторый.

Гэтая форма работы мае некалькі варыянтаў:

  1. Складанне гісторыі па загадзя абве­шчанай тэме. Як правіла, сюжэт звязаны з прыездам лялькі ці лялек у летнік. Акцэнт трэба рабіць на станоўчых момантах: лялька стала самастойнай, яна пасталела, сама спраўляецца з жыццёвымі сітуацыямі, бацькі будуць ёй ганарыцца і г.д.
  2. Самастойны выбар. Дзеці самастойна выбіраюць лялек і складаюць гісторыю. Асноўная задача псіхолага — падвесці дзяцей да лагічнага завяршэння гісторыі з пазітыўным рэсурсным зместам.
  3. Індывідуальная работа. Складанне і прайграванне гісторыі з дзіцем зыходзячы з канкрэтнай праблемы.
  4. Маляванне гісторыі. Дзецям даецца заданне прыдумаць і намаляваць лялечную гісторыю. У атрадзе праводзіцца прэзентацыя ілюстраваных гісторый, можна нала­дзіць выставу работ ці зрабіць агульную атрадную кнігу.
  5. Дзённік лялькі. Кожны дзень дзіця вя­дзе дзённік ад асобы лялькі. Ён можа быць у форме гісторый, кароткіх выказванняў, малюнкаў, заметак. Такая форма работы вельмі эфектыўная са старэйшымі дзецьмі.

Гульнявы парашут — гэта яркая тканіна, якая складаецца з некалькіх каляровых сектараў, а па краі размяшчаюцца ручкі.

Для гульні з парашутам патрэбна хаця б 8 чалавек, а лепш — 10—15, тады ўсім хопіць ручак і ўсе змогуць атрымаць асалоду ад гульні.

Гульні з парашутам не спаборніцкія, яны вучаць узгодненасці дзеянняў і ўменню адчуваць рух астатніх гульцоў. Для дзяцей вельмі важна адчуць менавіта праз рух тое, што яны могуць быць часткай каманды. У гульнях з парашутам гэта могуць адчуць нават самыя маленькія гульцы.

Дзіцяці любога ўзросту важна навучыцца ўзгадняць свае дзеянні з камандамі вядучага і з дзеяннямі іншых гульцоў. У гульнях з парашутам гэта здараецца само сабой, без асаблівых намаганняў. Нават вельмі сарамлівыя дзеці, якія з цяжкасцю ўдзельнічаюць у камандных гульнях і звычайна не спяшаюцца далучыцца да групавых гульняў, любяць гуляць з парашутам. Для ціхіх і сарамлівых дзяцей парашут дае безліч магчымасцей для паступовага далучэння да кампаніі дзяцей, бо ў гэтых гульнях ніхто не патрабуе адразу даваць руку іншым людзям, як у карагодзе, ці адразу ўваходзіць у кола. Кожнае дзіця можа выбраць сваю хуткасць і сваю ступень актыўнасці.

Парашут вельмі карысны як для ціхіх і павольных дзяцей, так і для актыўных, у тым ліку і для гіперактыўных дзяцей, паколькі гульні з парашутам даюць магчымасць разварушыць ціхіх дзяцей і ўціхамірыць асабліва шустрых.

Гульня на знаёмства

Дзеці трымаюць парашут і ідуць па крузе. Вядучы гаворыць, хто менавіта хаваецца пад парашут. Напрыклад: Каця, Сяргей, Іван і г.д. (пажадана называць імёны, якія ёсць у атрадзе), хто любіць рок-музыку, хто нара­дзіўся ў красавіку, маі і г.д., хто не любіць піць малако, хто займаецца спортам і інш.

Крытэрыяў “пасадкі” можа быць вельмі шмат. Чым яны больш разнастайныя, тым больш дзеці даведваюцца адно пра аднаго ў першы ж дзень.

Гульня “Дождж і сонца”

Дзеці трымаюць парашут. Вядучы гаворыць “сонца” ці “дождж”. Калі свеціць сонца, усе разам падымаюць парашут як мага вышэй. Калі ідзе дождж, усе хаваюцца пад парашут, трымаючыся за яго ручкі.

Гульня “Паляванне”

Пад парашут кладзём розныя прадметы: мячык, скакалку, пластыкавую бутэльку. Падымаем парашут — і гульцы, чые імёны назваў вядучы, павінны прабегчы пад парашутам і паспець схапіць што-небудзь. Калі крыло парашута зачапіла гульца, ён павінен пакласці цацку на месца.

Гульня “Квач”

Падыміце парашут высока-высока над галавой. Выберыце дзіця, назавіце яго імя. Цяпер дзіця павінна прабегчы (праскакаць, прапаўзці) пад парашутам да таго, як той апусціцца на зямлю.

Гульня “Чырвоны ўваход, сіні выхад”

Парашут выдатна падыходзіць для актыўных рухавых гульняў з простымі правіламі. Напрыклад, можна аб’явіць, што дзеці могуць заходзіць толькі праз чырвоны сектар і выходзіць насупраць праз сіні, а назад бегчы звонку ад парашута, каб не было сутыкненняў унутры. Дарослыя падымаюць і апускаюць парашут, а дзеці ўбягаюць з боку ад чырвонага ўвахода і выбягаюць там, дзе сіні выхад, калі да іх не дакрануўся парашут. Калі ж парашут ужо апусціўся, то дзеці спыняюцца і чакаюць новага дня.

Гульня “Марскі ветрык”

Гульня на расслабленне і адпачынак, добрая пасля іншых актыўных заняткаў. Палова групы дзяцей кладзецца на зямлю, галовамі да цэнтра парашута. Астатнія, трымаючыся за парашут, падымаюць яго высока і апускаюць уніз. Тых, хто ляжыць, абвявае прыемны ветрык.

Гульня “Вір”

Для гэтай гульні патрэбны парашут і вялікі лёгкі мяч. Каманда аб’ядноўваецца, нацягвае парашут, потым пачынае плаўна пагойдваць парашут, стараючыся, з аднаго боку, дапамагчы мячыку каціцца па парашуце ўздоўж краю, з другога — назіраючы за тым, каб мяч не ўпаў з парашута. Гэтая гульня патрабуе вялікай каманднай работы і актыўнага ўзаемадзеяння.

Гульня “Хованкі”

Усе дзеці стаяць у коле і трымаюць парашут. Заплюшчваюць вочы і не падгля­дваюць. Аднаго з дзяцей ціхенька хаваюць пад парашут, астатнія спрабуюць адга­даць, хто знік. Варыянт хованак: тыя, хто хаваецца, кладуцца пад парашут, высунуўшы толькі ногі. Усе астатнія павінны адгадаць па абутку, хто  пад крылом.

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска.