І гатаваць, і падаваць

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Лепшага кухара ўстановы дашкольнай адукацыі выбралі ў Касцюковічах. Раённы конкурс прафесійнага майстэрства сабраў на базе ясляў-сада № 4 “Ручаёк” восем удзельніц, якім на шляху да перамогі давялося пераадолець некалькі сур’ёзных выпрабаванняў як тэарэтычнага, так і практычнага характару.

Традыцыйна канкурсанткі рабілі самапрэзентацыю. З дапамогай свайго педагагічнага калектыву і выхаванцаў дзіцячых садкоў яны расказвалі пра сябе, сваю прафесію і яе значную ролю ў сучасным грамадстве. У якасці дамашняга задання трэба было праявіць творчыя здольнасці ў кулінарным майстэрстве: прыгатаваць па абранай тэме халодныя закускі, дэсерты і мучныя вырабы. Акрамя таго, усё гэта трэба было аформіць па-мастацку.

Менавіта так, на белых талерках, паўсталі разнастайныя вясёлыя кампазіцыі ў выглядзе матылькоў, трапічных пальмаў, сонечных палянак, кавуновых долек… Пры падрыхтоўцы гэтага задання канкурсанткі павінны былі ўдзяліць пільную ўвагу асаблівасцям дзіцячага харчавання і асартыменту страў, бо журы ацэньвала не толькі знешні выгляд ежы, яе афармленне і арыгінальную падачу, але і карысць для маленькага арганізма.

Практычнае заданне ўдзельніцам давялося выконваць пад строгім наглядам экспертаў. Яны гатавалі і афармлялі гарачую страву на дзве порцыі — для экспазіцыі і для дэгустацыі журы. Гэтая ежа таксама павінна была быць прадстаўлена ў найлепшым эстэтычным выглядзе. Завяршылася серыя выпрабаванняў праверкай ведаў нарматыўных прававых актаў па арганізацыі харчавання ў дзіцячым садзе.

Пасля правядзення ўсіх конкурсных этапаў былі аб’яўлены пераможцы. Так, лепшым кухарам установы дашкольнай адукацыі раёна прызнана Алена Літвінава, якая прадстаўляла Тупічынскі яслі-сад. Яна ўзнагароджана дыпломам І ступені і званнем “Майстар залатыя рукі”. Дыплом ІІ ступені журы прысудзіла кухару касцюковіцкага ясляў-сада № 2 “Сонейка” Надзеі Глуханько, 3-е месца — у работніцы гарадскога дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Валянціны Сянчук.

Акрамя таго, былі названы пераможцы ў намінацыях “За волю да перамогі”, “За лепшыя смакавыя якасці”, “За лепшы кандытарскі выраб”, “За новыя творчыя рашэнні”, “За лепшую страву”. Да сваіх дыпломаў і званняў усе ўдзельніцы атрымалі грашовыя прэміі.

— Кухар у дзіцячым садзе — адна з важных і адказных прафесій, — адзначыла метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму Касцюковіцкага райвыканкама Валянціна Дзянісава. — Пасля ўсіх конкурсных выпрабаванняў можна ўпэўнена сказаць, што ва ўстановах дашкольнай адукацыі нашага раёна сёння працуюць сапраўдныя майстры. Больш за тое, яны на ўласным прыкладзе даказалі, што гатаванне ежы для малых — справа значная і адказная, бо правільнае харчаванне дзяцей, якія праводзяць у садку большую частку дня, цалкам залежыць ад майстэрства і прафесіяналізму работнікаў кухні.

Па словах суразмоўцы, конкурс сярод кухараў — гэта заўсёды спаборніцтва лепшых ідэй, прэзентацыя перадавога вопыту ў арганізацыі харчавання і, вядома ж, цудоўны спосаб атрымаць натхненне для рэалізацыі ўласных кулінарных шэдэўраў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму
Касцюковіцкага райвыканкама.