“Ювентус”: гульня на сваім полі

- 14:43Сацыяльны ракурс

Аматараў спорту прашу не турбавацца: гаворка пойдзе не пра знакаміты футбольны клуб, а пра цэнтр, дружалюбны да падлеткаў і моладзі, “Ювентус”, ды і наогул пра іншыя падобныя цэнтры. Іх, дарэчы, у Беларусі, нямала — 50. 8 цэнтраў з гэтай колькасці размяшчаюцца ў Мінску. І ўзрост многіх з іх даволі паважаны. Так, Рэспубліканскі інфармацыйна-метадычны рэсурсны цэнтр “Ювентус” дзейнічае на базе дзіцячай паліклінікі № 17 Мінска з 2008 года. Дарэчы, з латыні слова “ювентус” перакладаецца, як “юнацтва”, “маладосць”.

Шчыра і на любую тэму

Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА), Дзіцячы фонд ААН (ЮНІ СЕФ) сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь яшчэ ў 2000 годзе распачаў шэраг праектаў па захаванні рэпрадуктыўнага здароўя моладзі. Адным з вынікаў сумеснай работы і стала стварэнне цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў. Хаця сфера інтарэсаў цэнтраў куды больш шырокая, чым рэпрадуктыўнае здароўе.

Дзяржаўная праграма “Здароўе і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2016—2020 гг. прадугледжвае, у прыватнасці, забяспечыць да 2020 года павелічэнне сумарнага каэфіцыента нараджальнасці да 1,75 (у 2010 годзе ён складаў 1,49, у 2014 годзе — 1,69. — Заўв. аўтара); змяншэнне да 24,5% распаўсюджанасці злоўжывання тытунём сярод асоб ва ўзросце ад 16 гадоў (па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя зараз у Беларусі яна складае амаль 30%. — Заўв. аўтара); ахоп камбінаванай антырэтравіруснай тэрапіяй ВІЧ-пазітыўных пацыентаў, якім неабходна лячэнне, — 80%; ахоп груп насельніцтва з высокай рызыкай інфіцыравання ВІЧ прафілактычнымі мерапрыемствамі да 50%.

— Усе цэнтры, падобныя да нашага, размяшчаюцца на базе паліклінік, звычайна дзіцячых, — расказвае псіхолаг цэнтра “Ювентус” Кацярына Багонцава. — Як правіла, у кожным цэнтры некалькі кабінетаў. У нас ёсць кабінеты для групавой работы, для індывідуальнай, кабінеты гінеколага і валеолага (спецыяліста па здаровым ладзе жыцця і прафілактыцы розных захворванняў). Яшчэ ў нас працуюць педыятр і (пазаштатна) нарколаг. У некаторых цэнтрах ёсць яшчэ медыцынскія сёстры.

Сама Кацярына Сяргееўна закончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, яе спецыяльнасць — “Медыцынская псіхалогія”, хаця часта ў ЦДП працуюць выпускнікі факультэтаў псіхалогіі педуніверсітэтаў. Кожны спецыяліст абавязкова вучыцца і на курсах павышэння кваліфікацыі або перападрыхтоўкі.

На прыкладзе “Ювентуса” можна атрымаць карціну таго, якую работу праводзяць цэнтры, дружалюбныя да падлеткаў і моладзі. Так, псіхолаг займаецца карэкцыяй харчовых паводзін, прафілактыкай суіцыдальных паводзін, арганізоўвае заняткі па тэмах “Насілле і падлетак. Фактары рызыкі”, “Канфлікталогія”, “Залежнасць (гульнявая, сацыяльная, шкодныя звычкі) і псіхічнае здароўе”, “Развіццё камунікатыўных навыкаў”. Адпаведна, у іншых спецыялістаў свае задачы, якія яны варашаюць, праводзячы заняткі, што тычацца прафілактыкі інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, планавання сям’і, уплыву алкаголю і курэння на здароўе падлеткаў і г.д. Займаюцца тут і прафарыентацыяй.

Паколькі цэнтр “Ювентус” рэсурсны, а таксама інфармацыйна-метадычны, ён арганізоўвае семінары для калег з іншых падобных устаноў. Навучанне праходзіць на базе розных цэнтраў горада. Напрыклад, на працягу 1,5 года праводзіліся вучэбныя заняткі па прафілактыцы рызыкоўных паводзін падлеткаў для спецыялістаў сталічных цэнтраў і наркалагічнага дыспансера. Прычым арганізаваны заняткі былі своеасабліва: кожны ўдзельнік дзяліўся сваімі ведамі і вопытам. І два-тры разы ў год цэнтр “Ювентус”, як і іншыя падобныя ўстановы, збірае псіхолагаў, сацыяльных педагогаў, іншых супрацоўнікаў школ, прафесійна-тэхнічных ліцэяў, каледжаў свайго раёна, каб пазнаёміць з работай цэнтра (што, улічваючы змену кадраў, зусім не лішняе), а таксама на сустрэчы са спецыялістамі, заняткі па профілях.

А яшчэ “Ювентус” забяспечвае інфармацыяй, спецыяльнай літаратурай, буклетамі цэнтры па ўсёй краіне, якія распаўсюджваюць гэтую інфармацыю сярод падлеткаў, бацькоў, педагогаў, а таксама карыстаюцца ёй самі. Адзін з такіх буклетаў называецца “Шчырая размова аб палавым выхаванні і рэпрадуктыўным здароўі”. Выдае гэтую літаратуру, як правіла, ЮНЕСКА пры ўдзеле спецыялістаў цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў.
З якімі праблемамі і пытаннямі падлеткі і маладыя людзі часцей за ўсё звяртаюцца ў цэнтр? Аналіз сітуацыі за 6 месяцаў бягучага года, праведзены ў РІМРЦ “Ювентус”, паказвае, што найбольш частыя госці тут дзяўчаты, многія з якіх звяртаюцца да гінеколага (амаль палова ўсіх зваротаў): на першыя месцы выходзяць пытанні фізіялогіі дзяўчыны і праблемы рэпрадуктыўнага здароўя. Прынамсі, за гэтыя паўгода не было ніводнага звароту з-за незапланаванай цяжарнасці, што, спадзяюся, сведчыць аб паспяховай прафілактычнай рабоце. Усяго за паўгода ў цэнтр упершыню індывідуальна звярнуліся 826 падлеткаў ва ўзросце да 18 гадоў, некаторыя вярталіся і на паўторныя сустрэчы.

Статыстыку “Ювентуса” пацвярджаюць і звесткі, якія я знайшла ў інтэрнэце, аб дзейнасці беларускіх цэнтраў. 47—50% праблем, з якімі падлеткі і моладзь звяртаюцца ў такія арганізацыі, — гэта праблемы, звязаныя з рэпрадуктыўным здароўем і сексуальнымі паводзінамі, на другім месцы — цяжкія жыццёвыя сітуацыі, парушэнні міжасобасных адносін. Тая ж статыстыка сведчыць, што каля 70% наведвальнікаў цэнтраў складаюць дзяўчаты. Летась ва ўсіх ЦДП Беларусі ўпершыню атрымалі кансультацыі 43 280 падлеткаў і маладых людзей, 4247 бацькоў. А тут яшчэ і валанцёраў рыхтуюць, займаюцца са спецыялістамі.

Бясплатна і ананімна

Канечне, самыя частыя госці ў цэнтрах — падлеткі і моладзь. Тут працуюць з дзецьмі ад 10 гадоў, сустракаюцца і дарослыя візіцёры, старэйшыя за 18. А пачынаюць работу з дзецьмі так рана дзеля прафілактыкі, папярэджання магчымых праблем. Дарэчы, у цэнтры падлеткі да 18 гадоў могуць атрымаць талончыкі, напрыклад, на ультрагукавое даследаванне ў дзіцячай паліклініцы. Наведвальнікам больш сталага ўзросту падказваюць, куды можна звярнуцца.

— Галоўнае для нас, каб пра цэнтр ведаў кожны падлетак ва ўсіх навучальных установах Савецкага раёна, на тэрыторыі якога размяшчаецца “Ювентус”. Дзеля гэтага перыядычна накіроўваем лісты ва ўпраўленне адукацыі, спорту і турызму Савецкага райвыканкама, а там распаўсюджваюць інфармацыю па ўстановах, каб ведалі, куды і да каго можна прыйсці, — заўважае К.С.Багонцава. — Мы працуем кожны дзень, акрамя выхадных. Лепей, канечне, калі падлеткі або іх бацькі папярэдне тэлефануюць, але прыходзяць да нас людзі і проста так. Усё ананімна, прычым не мае значэння, з нашага раёна падлетак ці нават з нашай краіны. Прымаем кожнага.

Канечне, школьнікаў на заняткі прыводзяць і педагогі — на гасцявыя ўрокі і групавое кансультаванне. Тэмы мерапрыемстваў цэнтр рассылае загадзя — так і арганізоўваецца сумесная работа. І не толькі з навучальнымі ўстановамі, але і з інспекцыямі па справах непаўналетніх, бібліятэкамі, іншымі арганізацыямі. Дарэчы, дзеля аналізу работы і збору статыстыкі супрацоўнікі цэнтра просяць кожнага наведвальніка запісацца ў спецыяльны журнал. Пазначаецца толькі ўзрост, імя (можна прыдуманае — галоўнае, каб яно адпавядала полу візіцёра), а таксама ўказваецца спецыяліст, да якога звяртаўся падлетак. Нядаўна цэнтр “Ювентус” выйшаў у інтэрнэт — стварыў сваю групу ва “УКантакце”.

Ананімнасць — адзін з прынцыпаў работы цэнтраў, дружалюбных да падлеткаў, іншыя з іх тычацца добраахвотнасці, даступнасці, даверу, добразычлівасці. Ні ў якім выпадку спецыялісты цэнтра не павінны станавіцца на пазіцыю павучання, чытання натацый. Не хапае звычайна разумення і той самай добразычлівасці з боку дарослых. І, канечне, усе паслугі, уключаючы экспрэс-тэсціраванне на ВІЧ, бясплатныя.

— Нават калі мама за руку прыводзіць да мяне падлетка, які не хоча размаўляць, я працую толькі з мамай, — кажа псіхолаг цэнтра. — Быў выпадак, калі дзяўчынка, якую прыйсці да нас прымусіла маці, моўчкі развярнулася і выйшла з кабінета. Я не спыняла яе, гаварыла з маці падлетка. А што тычыцца даступнасці, важна, што мы размяшчаемся так, што нас проста адшукаць: не трэба нікуды падымацца, праходзіць праз аддзяленні паліклінікі. І ў той жа час наша шыльда не кідаецца ў вочы адразу, бо падлеткам важна, каб знаёмыя не зразумелі, куды яны ідуць і што ў іх ёсць нейкія праблемы.

Падлеткі, якім ужо споўнілася 14 гадоў, могуць звяртацца ў цэнтр самастойна. І ў любым выпадку спецыялісты размаўляюць з бацькамі і дзецьмі асобна, прычым спачатку з падлеткамі, каб тыя не думалі, што бацькі паспелі настроіць псіхолага ці нарколага на сваю карысць. Так вырашаецца згаданае вышэй пытанне даверу.

***

…Спецыялісты “Ювентуса” на выставе “Свет дзяцінства”, якая праходзіць у Мінску двойчы ў год, размаўляюць з падлеткамі і бацькамі, педагогамі, кансультуюць іх, раздаюць наглядныя матэрыялы. На сценах кабінета для групавога кансультавання нямала дыпломаў і падзяк за ўклад у фарміраванне здаровага ладу жыцця падлеткаў, вырашэнне медыка-сацыяльных праблем сярод моладзі, прафілактыку рызыкоўных паводзін, сертыфікат аб магчымасці праводзіць навучанне па методыцы “роўны вучыць роўнага” і інш. Важна, канечне, калі грамадства прызнае такую дзейнасць. Яшчэ важней, калі яе прызнаюць і ёй давяраюць самі падлеткі.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва цэнтра “Ювентус”.