Рамантыкі студэнцкага лета

- 10:02Якасць адукацыі

Чацвёрты год працуюць студэнцкія атрады на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі — узвядзенні АЭС у Астраўцы. Сёлета на розных аб’ектах атамнай электрастанцыі, аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры горада працуе зводны беларуска-расійскі будаўнічы атрад імя двойчы Героя Савецкага Саюза маршала Мікалая Іванавіча Крылова. Гэтае імя прысвоена атраду ў гонар таго, што менавіта 21-я армія пад камандаваннем маршала ў 1944 годзе вызваляла Астравеччыну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У складзе будатрада — 278 байцоў. Гэта студэнты беларускіх і расійскіх універсітэтаў — 12 атрадаў з Беларусі і тры з Расіі. У Астраўцы буд­атрадаўцы працуюць з пачатку ліпеня, а 11 ліпеня адбылося ўрачыстае адкрыццё трэцяга працоўнага семестра, дзе студэнты атры­малі сімвалічныя працоўныя пуцёўкі. У той жа дзень адбыўся адкрыты дыялог “Моладзь будуе Саюз”, дзе абмяркоўваліся важныя для моладзі пытанні.

Аб тым, як працуюць і сяб­руюць на Усебеларускай мала­дзёжнай будоўлі, расказваюць студэнты з Беларусі і Расіі.

Віталій Дзержаноўскі, камандзір зводнага беларуска-расійскага будаўнічага атрада, выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы 2017 года:

— У адкрытым дыялогу мы абмяркоўвалі шмат пытанняў. Не абышлі і адно з галоўных — чаму моладзь ідзе ў будатрадаўскі рух — па грошы, па сяброўства, па рамантыку? Адказ, на маю думку, дадзены ў песні, якую напісалі студэнты ў Астраўцы мінулым летам. Там ёсць такія словы: “Горад маладосці нашай, спраў патрэбных, нашага гонару, нашага сяброў­ства”.

Байцы выконваюць розныя работы — бетонныя і аддзелачныя, мантаж металаканструкцый і трубаправодаў, дапамагаюць на геа­дэзічных работах, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Пра­цуюць таксама на ўзвядзенні бальніцы ў Астраўцы. А жывуць у доме, які ў мінулым годзе самі і будавалі.

Перад пачаткам сезона камандзіры і камісары атрадаў прайшлі вучобу, дзе атрымлівалі веды, як правільна арганізаваць работу, згуртаваць калектыў, узаема­дзейнічаць з падрадчыкам. Усе пытанні вырашаюцца аператыўна, дапамагае і досвед многіх буд­атрадаўцаў, якія не першы год тут працуюць.

І хоць рабочы графік вельмі напружаны, часам даводзіцца працаваць па 12 га­дзін, моладзь заў­сёды знаходзіць сілы і жаданне сустрэцца на спартыўнай пляцоўцы, паспяваць песні пад гітару.

Захоўваюць студэнты і традыцыі будатрадаўскага руху, якія зарадзіліся яшчэ ў часы СССР: 23 ліпеня дзяўчаты віншавалі хлопцаў з сімвалічным 23 лютага, а 8 жніўня хлопцы павіншуюць іх з 8 Сакавіка. А паміж гэтымі святамі — з 31 ліпеня на 1 жніўня — Новы год. Такая традыцыя даўно зарадзілася, і сучасныя будатрадаўцы яе таксама падтрымліваюць.

А яшчэ правялі дзень знаём­ства з нацыянальнай кухняй, міні-турнір па футболе, конкурс “Цалінны лагер” па добраўпарадкаванні месца пражывання, конкурс атрадных візітовак. І, канечне, тут віншуюць будатрадаўцаў з днём нараджэння. Першых імяніннікаў павіншавалі на ўрачыстым адкрыцці трэцяга семестра — першы сакратар ЦК БРСМ Андрэй Белякоў уручыў студэнту з Беларусі і студэнту з Расіі майкі-вышыванкі. Атрымаюць імяніннікі і падарункі з сімволікай будатрадаўскага руху.

У гэтым годзе ў зводным атра­дзе працуюць шэсць дзяўчат. Усе яны з расійскіх універсітэтаў. Студэнткі заняты на работах, звязаных з афармленнем дакументацыі.

Алена Галавіна, студэнтка Ніжагародскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Р.Аляксеева, камісар зводнага беларуска-расійскага будаўнічага атрада:

— У будатрадаўскім руху я з 2014 года. Для мяне гэта вялікая жыццёвая школа, развіццё лідарскіх якасцей, уменне працаваць у камандзе. Мая будучая спецыяль­насць — “Аптымізацыя сістэм электразабеспячэння”, таму вопыт работы на Растоўскай АЭС, будаўніцтве Астравецкай АЭС — вельмі значны і ў прафесійным плане.

А яшчэ будатрад — гэта рамантыка, сябры па ўсёй Расіі на доўгія гады. А ў гэтым годзе з’явяцца новыя сябры і з Беларусі. За два месяцы работы ў будатра­дзе людзі раскрываюцца так, як за некалькі гадоў не раскрыюцца ў студэнцкай аўдыторыі.

Астравец аб’яднаў моладзь дзвюх краін. У нас шмат агульнага, але цікава даведацца і аб асаблівасцях арганізацыі вучобы, адпачынку. Мне было вельмі цікава паўдзельнічаць у нацыянальным свяце “Берагіня”, паспрабаваць беларускія нацыянальныя стравы — дранікі, мачанку, якія прыгатавалі беларускія студэнты.

У канцы працоўнага семестра будуць падведзены вынікі работы, вызначаны лепшы баец, лепшы будаўнічы атрад, лепшы каман­дзір і камісар атрада. А пакуль кожны будатрадавец працуе на агульны вынік — будуе станцыю і горад. А таксама яны знаходзяць час, каб стварыць эмблему зводнага атрада Усебеларускай маладзёжнай будоўлі.

У будатрадаўскім руху існуе свая сэнсавая сімволіка — нашыўкі, шаўроны, значкі. Значкі на левым баку каўняра — так званыя “цагліны” — сімвалі­зуюць коль­касць адпрацаваных сезонаў. На куртцы Алены Галавіной — тры “цагліны”, Віталія Дзержаноў­скага — дзве. Каб атрымаць яшчэ адну — трэба шмат працаваць і з годнасцю несці званне будатрадаўца.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.