Танцаваць, каб захаваць

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Што сёння танцуе на дыскатэках сучасная моладзь? У большасці выпадкаў можна назіраць нейкія хаатычныя рухі, небагатыя на жэсты і міміку. Фармат сучасных дыскатэк не прадугледжвае такіх танцаў, як, скажам, полька, кадрыль і гапак. Дзіўна было б, каб падчас дыскатэк сучасная моладзь танцавала “Лявоніху”, “Крыжачок”, “Мяцеліцу”, “Кракавяк”, “Падэспань”, “Бычка”, “Млынок”, “Казу”, “Бульбу”, “Трасуху”… Назвы гэтых танцаў, на жаль, многім ні пра што не гавораць.

Так склалася таму, што сучасная моладзь — гэта пакаленне сацыяльных сетак, — гаворыць дырэктар Хаціслаўскага сельскага дома культуры Галіна Хомік, заснавальнік, нязмен­ны кіраўнік, рэжысёр, пастаноўшчык, сцэнарыст і ідэйны натхняльнік узорнага дзіцячага клуба аматараў фальклору “Вясковая табала”. — Сёння ўсё жыццё круціцца вакол мабільных тэлефонаў. Моладзь ідзе адпачываць туды, дзе ёсць сучасныя светлавыя эфекты, працу­юць прафесійныя дыджэі і гучыць разнастайная музыка. Зразумела, што месца народным танцам там зусім няма. А вельмі шкада, бо народны танец валодае самабытным і непаўторным каларытам. У ім у мастацкай форме выявіліся адчуванне прыгажосці жыцця, эмацыя­нальнасць, тэмперамент і характар народа. А колькі ў народным танцы пластыкі, розных рухаў — адным словам, прыгажосці!

Хочаце ўбачыць усю непаўторнасць народных танцаў і навучыцца ім — запрасіце да сябе “Вясковую табалу”. Сумна не будзе! Між іншым так і зрабіў Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, правёўшы этнадыскатэку. Ва ўдзельнікаў выклікалі захапленне народныя танцы (у тым ліку з прыпеўкамі), што бытавалі раней на Маларытчыне: “Асапава полька”, “Генспансер”, “Ночка”, “На рэчаньку”, “Пакруцюх”, “Какетка”, “Кракавяк”, “Пакута”, “Тэрныцэ дубовая”… Аўтэнтычнае, рэдкае, арыгінальнае зачаравала юнакоў і дзяўчат.

“Вясковая табала” — гэта дружны і згуртаваны калектыў з 20 артыстаў ва ўзросце ад 8 да 20 гадоў з Хаціслава і Су­шытніцы. Акрамя таго, у калектыве задзейнічаны і тыя, хто ўжо закончыў школу і ця­пер набывае адукацыю ў ПТНУ і УВА. “Вясковай табалы” не было б, калі б не акампаніятар Віктар Галавій, балет­майстры Алена ­Люльковіч і Вольга Зварыч. Галіна Хомік ­удзячна адміні­стра­цыі і педагогам Хаціслаў­скай сярэдняй школы за дапамогу і падтрымку ў рабоце.

Сёння ў рэпертуары “Вясковай табалы” — 25 народных танцаў, 13 песень і 5 абрадаў, а таксама шматлікія легенды, казкі, байкі, сольныя песні… І на дасягнутым калектыў не спыняецца. У яго шмат планаў і ідэй.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.