Край зуброў у “Азёрах”

- 10:47Навіны рэгіёнаў

Пабываць у месцах, дзе водзяцца зубры, можна не толькі ў Белавежскай пушчы. У Рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Азёры” на тэрыторыі Гродзенскага раёна гэтая жывёла адчувае сябе вельмі добра. Сярод распрацаваных спецыялістамі заказніка экскурсій і турыстычных маршрутаў — “Месца пражывання зубра еўрапейскага”, “Наведванне 300-гадовай дубровы”, “Экалагічная сцяжынка “Азёры” і шмат іншага.

Адукацыйную і асветніцкую дзейнасць па экалагічным выхаванні лічаць у заказніку вельмі важным элементам у справе захавання прыродных багаццяў. Значную ролю ў гэтай дзейнасці будзе адыгрываць эколага-асветніцкі візіт-цэнтр, адкрыццё якога адбылося ў заказніку ў канцы жніўня.

У экацэнтры наведвальнікі заказніка змогуць больш даведацца аб прыродных аб’ектах і мясцовых славутасцях, атрымаць карысную інфармацыю аб турыстычнай інфраструктуры заказніка “Азёры”.— Новыя магчымасці дае экацэнтр па рабоце з дзецьмі, — гаворыць дырэктар Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Азёры” Дзмітрый Марозік. — Мы цесна супрацоўнічаем з навучальнымі ўстановамі Азёр і Гродна, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, навуковымі арганізацыямі краіны. Зараз з’явіліся новыя магчымасці — у цэнтры ёсць канферэнц-зала на 25 месцаў, дзе можна праводзіць семінары, экалагічныя выставы.

Адным з першых мерапрыемстваў у эколага-асветніцкім цэнтры стала прэзентацыя кнігі “Тарфяныя балоты Беларусі”, якая выпушчана ў выніку рэалізацыі праекта “Упраўленне тарфянікамі на аснове ландшафтных падыходаў з мэтай атрымання шматбаковых экалагічных выгод” (“Тарфянікі-2”), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ) і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.У адкрыцці цэнтра прыняў удзел пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.