МЫСЛІВЕЦ Наталля Міхайлаўна,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 13 Мінска.
Наталля Міхайлаўна скончыла філалагічны факультэт МДПІ імя А.М.Горкага ў 1992 годзе. Працуе ў гімназіі 25 гадоў. З’яўляецца ўладальнікам прэмій Мінгарвыканкама і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Педагагічнае крэда настаўніцы — у словах паэта Б.Пастарнака: “Жыць, думаць, адчуваць, любіць, здзяйсняць адкрыцці”.
Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”
Сёння сістэма адукацыі развіваецца і мяняецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, калі перад настаўнікам ставіцца задача не толькі захапіць сваім прадметам, але і дапамагчы навучэнцу стаць канкурэнтаздольнай, сацыяльна актыўнай асобай. Жыццёвае і прафесійнае самавызначэнне вучняў павінна адпавядаць эканамічным запытам дзяржавы.
У дакладзе міністра адукацыі І.В.Карпенкі ўвага педагагічнай грамадскасці звярталася на магчымасць атрымання пэўных прафесійных навыкаў падчас профільнага навучання ў школе. Аднак, па-першае, узнікла супярэчнасць паміж уяўленнямі навучэнцаў аб профільным навучанні як падрыхтоўчым этапе да здачы экзаменаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі і негатоўнасцю старшакласнікаў да прафесійнага самавызначэння. Па-другое, профільнае навучанне не пераадолела пакуль прадметнай раздробленасці школьных ведаў і некаторай адарванасці іх ад жыцця. Як вырашыць гэтыя пытанні?
Прадметна-арыентаванае навучанне трэба перавесці ў плоскасць прафесійна-арыентаванага, пры якім праводзяцца прафесійныя спробы, што найбольш адпавядаюць запытам навучэнцаў і рэальным патрэбам рынку працы.
Прафесійная спроба — гэта іспыт, які мадэлюе элементы канкрэтнага віду прафесійнай дзейнасці, мае завершаны выгляд і садзейнічае свядомаму выбару будучай спецыяльнасці. Пры апрабацыі гэтай тэхналогіі навучэнцы атрымліваюць звесткі аб элементах дзейнасці розных спецыялістаў, што дазваляе бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй. Пры гэтым школьнікі на ўласным вопыце даведваюцца аб сваіх якасцях і здольнасцях, а галоўнае, могуць суаднесці свой прыродны і назапашаны патэнцыял з патрабаваннямі канкрэтнай практычнай дзейнасці ў розных сферах. Набыты сацыяльны вопыт дапаможа ім вызначыцца з тымі напрамкамі, дзе навучэнцы змогуць быць найбольш паспяховымі і канкурэнтаздольнымі.
Спробы могуць ажыццяўляцца падчас навучання і ў пазаўрочнай рабоце, выконваючы пазнавальную, развіццёвую і дыягнастычную функцыі.
Тэхналогія прафесійных спроб прадугледжвае паслядоўнае праходжанне трох этапаў:
1) даведачна-інфармацыйнага, накіраванага на складанне эканамічных, тэхналагічных, медыцынскіх і псіхалагічных характарыстык прафесійнай дзейнасці, правядзенне экскурсій на прадпрыемствы і інш.;
2) дыягнастычнага, на якім прапаноўваюцца заданні для самадыягностыкі здольнасцей і схільнасцей, заняткаў па развіцці прафесійна важных якасцей, неабходных у розных сферах дзейнасці;
3) практычнага, які дазваляе непасрэдна паспрабаваць сябе ў выбранай спецыяльнасці.
Пры арганізацыі прафесійных спроб важна памятаць, што яны маюць не навучальны характар, а накіраваны на своеасаблівае прымерванне школьнікам розных відаў прафесійнай дзейнасці.
Будучым філолагам (спецыялістам у галіне мовы) і рэдактарам (спецыялістам, якія складаюць тэксты ў адпаведнасці з патрабаваннямі жанру і ўмовамі падрыхтоўкі да друку) Наталля Міхайлаўна прапаноўвае стварыць комікс “Па старонках школьных сачыненняў”, тым, хто бачыць сябе спецыялістам у галіне паліграфіі і дызайну друкаванай прадукцыі, — скласці буклеты, буктрэйлеры. Артыстычныя схільнасці ярка выяўляюцца ў прафесійных спробах, звязаных з дэкламацыяй, тэатралізацыяй. Складаючы літаратурна-музычныя кампазіцыі, сцэнарыі, можна выявіць схільнасці да пісьменніцкай працы. Сярод прафесійных арыенціраў навучэнцаў — праграмаванне, рэклама, маркетынг, камп’ютарны дызайн. Прафесійныя спробы журналіста, мастака-ілюстратара, сцэнарыста, карэктара, дызайнера могуць рэалізоўвацца ў стварэнні альманаха, зборніка ілюстрацый, кінасцэнарыя, у афармленні сайта.
Алгарытм для навучэнца:
1. Выберы прафесійную спробу.
2. Даведайся аб выбранай прафесіі як мага больш.
3. Прымяні на практыцы набытыя веды.
4. Атрымай залік па прафесійнай спробе.
5. Падрыхтуйся да прэзентацыі сваёй спробы.
6. Атрымай “пасведчанне” прафесіянала.
Спроба выконваецца па пяці сферах прафесійнай дзейнасці (прадметах працы): “Чалавек — чалавек”, “Чалавек — тэхніка”, “Чалавек — прырода”, “Чалавек — знакавая сістэма”, “Чалавек — мастацкі вобраз”.
Падчас прафесійнай спробы на кожным яе этапе праводзіцца дыягностыка агульных і спецыяльных прафесійна важных якасцей. Вынікам кожнага этапу і ўсёй спробы з’яўляецца атрыманне канчатковага прадукту дзейнасці — вырабу, выкананне абавязкаў спецыяліста. Прафесійныя спробы накіраваны на фарміраванне ў школьнікаў цэласнага ўяўлення аб канкрэтнай прафесіі, групе роднасных спецыяльнасцей, сферы, да якой яны адносяцца. Развіццёвы характар прафесійнай спробы дасягаецца за кошт паступовага ўскладнення практычных заданняў у адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці школьнікаў да іх выканання, арыентацыі на самастойнасць, а таксама ўнясення ў змест спробы элементаў творчасці.