НОВІКАВА Таццяна Аляксандраўна,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 6 Жодзіна.
Скончыла Горацкае педагагічнае вучылішча ў 1989 годзе, у 2008 годзе — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Педагагічны стаж — 27 гадоў, вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Настаўнікамі ў прафесіі лічыць маму і дзвюх старэйшых сясцёр, якія з’яўляюцца настаўніцамі пачатковых класаў. Прафесійнае крэда: “Дзіця настаўнікам павінна быць прынята ўсё, цалкам — з усімі яго пачуццямі, думкамі, ведамі, праблемамі, азарэннямі, вялікімі і малымі падзеямі асабістага жыцця” (Г.Цукерман).
Намінацыя “Пачатковыя класы”
Арганізацыя навучання школьнікаў істотна ўплывае на эфектыўнасць засваення імі вучэбнага матэрыялу, равіццё асобасных якасцей, фарміраванне ўмення вучыцца.
Дзейнасны падыход да арганізацыі адукацыйнага працэсу выступае ў якасці агульнай канцэптуальнай асновы ўдасканалення навучання, стварэння асяроддзя, у якім чалавек сам канструюе свае веды. Такі падыход арыентуе педагагічныя дзеянні настаўніка на інтэнсіўную работу навучэнцаў, якая пастаянна ўскладняецца, таму што толькі праз уласную дзейнасць чалавек засвойвае навуку і культуру, спосабы пазнання і пераўтварэння свету, фарміруе і ўдасканальвае асобасныя якасці.
Выкарыстанне дзейнаснага падыходу ў адукацыйнай практыцы спрыяе не толькі засваенню навучэнцамі ведаў, уменняў і навыкаў, але і фарміраванню ў іх умення вучыцца. Навучанне ж разглядаецца як дзейнасць суб’екта. У ім развіваецца псіхіка навучэнца, фарміруюцца яго здольнасці і асобасныя якасці.
Вопыт педагагічнай дзейнасці Т.А.Новікавай звязаны з рэалізацыяй дзейнаснага падыходу ў навучанні малодшых школьнікаў рускай мове. Для дасягнення мэты педагог паставіла шэраг задач: вылучыць асаблівасці структуры ўрока вывучэння новага матэрыялу на аснове дзейнаснага падыходу, распрацаваць серыю ўрокаў засваення малодшымі школьнікамі ведаў і ўменняў па рускай мове на аснове гэтага падыходу, арганізаваць адукацыйны працэс у структуры вучэбнай дзейнасці праз вырашэнне навучэнцамі вучэбных задач і авалоданне спосабамі дзеянняў, прааналізаваць выніковасць засваення вучэбнага матэрыялу малодшымі школьнікамі па рускай мове на аснове дзейнаснага падыходу.
Паставіць вучэбную задачу — значыць дапамагчы навучэнцам самім сфармуляваць тэму ўрока або падобнае да тэмы пытанне, адказ на якое выведзе на тэму ўрока. Першакласнікі вучацца з маёй дапамогай вызначаць мэту ўрока, працуюць па прапанаваным плане. Пачынаючы з 2 класа, вучацца самастойна фармуляваць мэту ўрока пасля папярэдняга абмеркавання, высвятляць і фармуляваць вучэбную праблему.
Калі вучэбная праблема пастаўлена, пачынаецца другі этап урока — вырашэнне вучэбнай задачы. На гэтым этапе ў якасці метадаў Таццяна Аляксандраўна выкарыстоўвае дыялог, які схіляе да гіпотэзы, і дыялог, які падводзіць да адкрыцця ведаў. Асаблівую ўвагу ўдзяляе выказванню навучэнцамі гіпотэз і іх праверцы.
Важнай часткай гэтага этапу з’яўляецца мадэляванне новага спосабу, гэта значыць перадача спосабу ў графічнай форме. У мадэлі фіксуюцца вынікі мыслення, а таксама вынікі сумеснай работы. Фіксацыя адкрытага навучэнцамі спосабу вырашэння задачы праводзіцца франтальна або ў групах. Пры групавой форме работы на паперы прадстаўляюцца варыянты вырашэння задачы. Мадэлі супастаўляюцца, выбіраецца правільная, якая найбольш поўна адлюстроўвае сувязі і адносіны адкрытага спосабу або паняцця. Дзякуючы сумеснай пабудове мадэлі, вучэбны матэрыял засвойваецца на даступным для дзяцей узроўні. Часта мадэлі ствараюцца франтальна падчас вучэбнага дыялогу.
На наступным этапе вырашэння задач навучэнцы правяраюць, ці працуе адкрыты спосаб у канкрэтнай сітуацыі. Гэты этап дапамагае кожнаму дзіцяці засвоіць пакуль яшчэ новы для яго спосаб дзеяння.
У выніку рэалізацыі дзейнаснага падыходу дзеці навучыліся мысліць лагічна, яны не чакаюць гатовых ведаў, а здабываюць іх самі, умеюць працаваць у групах і парах, выслухоўваць пазіцыю аднакласніка і адстойваць уласнае меркаванне.
Вынікі анкетавання сведчаць пра зацікаўленасць школьнікаў у вывучэнні рускай мовы. Гэта пацвярджае актыўны ўдзел усіх навучэнцаў класа ў алімпіядах па прадмеце.
Пры праверцы ўзроўню трывожнасці ў навучэнцаў 4 класа высветлілася, што 20 чалавек з 22 не адчуваюць трывогі. Яны ўпэўнены ў сваіх сілах, імкнуцца да дасягнення поспехаў у вучобе. Толькі 2 дзіцяці адчуваюць няўпэўненасць пры праверцы ведаў.
Такім чынам, арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове дзейнаснага падыходу на ўроках рускай мовы дапамагае дасягнуць стабільных станоўчых вынікаў па прадмеце, мае яўныя перавагі з пункту гледжання як інтэлектуальнага, так і асобаснага развіцця навучэнцаў. Педагагічны вопыт Т.А.Новікавай паказвае, што малодшыя школьнікі здольны да супрацоўніцтва, самастойнага прыняцця рашэнняў, яны вызначаюцца мабільнасцю, дынамізмам, канструктыўнасцю, пачуццём адказнасці.