У 2016 годзе гімназія № 6 Гродна пачала работу ў рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Аб тым, якія змены ў сувязі з гэтым адбываюцца ў навучальным працэсе, арганізацыі выхаваўчай работы, мы гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце С.У.ГУДАЧ.
— Святлана Уладзіміраўна, якія ўмовы і традыцыі гімназіі спрыялі пачатку работы над праектам?
— Перадумовамі рэалізацыі інавацыйнага праекта ў гімназіі былі дастатковая колькасць высокакваліфікаваных настаўнікаў (72,2% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, вышэйшую адукацыю — 97% педагогаў, у 59% педагагічны стаж — больш за 15 гадоў), наяўнасць каманды настаўнікаў, матываваных да ўкаранення інавацыі, сучасная вучэбна-матэрыяльная база, а таксама нашы актыўныя вучні. Так, з моманту заснавання гімназіі дзейнічае навуковае таварыства старшакласнікаў “Эўрыка” і навуковае таварыства для навучэнцаў І ступені “Эўрысцяня”.
Выбар такога праекта — патрабаванне часу. Неабходнасць авалодання вучнямі даследчай кампетэнтнасцю ў адукацыйным працэсе абумоўлена патрабаваннямі сучаснага грамадства. Гэта прадугледжвае гатоўнасць выпускніка да даследавання, актыўнага ўдзелу ў інавацыйных працэсах ва ўмовах пастаянна пераменлівага свету і інфармацыйнай прасторы. Разам з гэтым актуальным застаецца ўдасканаленне ўнутранага свету чалавека, яго духоўнасці і маралі.
— Што зроблена за першы год работы ў праекце?
— Створана і актыўна дзейнічае сеткавая супольнасць “Наватары”, блог “Інавацыйны праект”. Яны дазваляюць абменьвацца вопытам і напрацоўкамі ў розных галінах. Абмен і аналіз гэтых матэрыялаў дапамагае ўдасканальваць метадычную сістэму і павышаць прафесійнае майстэрства настаўнікаў.
Актывізавалася даследчая дзейнасць гімназістаў. Вынікам працы навучэнцаў пачатковай школы сталі 16 праектаў, якія былі прадстаўлены на гімназічным конкурсе даследчых і творчых работ “Пазнавайка”. Сем з іх прымалі ўдзел у VI гарадскім конкурсе даследчых работ “Я пазнаю свет” і ўзнагароджаны дыпломамі І—ІІІ ступеняў. Праект навучэнца 4 класа Сяргея Расіна “Ад зернетка да дрэўца” заняў 3-е месца ў абласным конкурсе даследчых і творчых работ сярод навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі “Я пазнаю свет”.
Навучэнцамі ІІ і ІІІ ступеняў былі падрыхтаваны 22 праекты на гімназічную канферэнцыю. Праект “Цудоўны куфэрак маленькай вышывальшчыцы” прыняў удзел у раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу “Саматканы цуд” (дыплом ІІІ ступені). На Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт-2017” быў прадстаўлены вэб-праект відэакейс “Дранікі-квест”, рэалізаваны творчыя і даследчыя праекты па працоўным навучанні “Лялькі-абярэгі”, “Беларускія стравы з агародніны”, “Беларуская нацыянальная вышыўка”.
Найбольш цікавымі мерапрыемствамі ў мінулым годзе сталі адкрыццё школьнага лясніцтва, конкурс творчых і даследчых работ сярод вучняў 1—4 класаў, акцыя “Добрае сэрца”, у рамках якой былі сабраны сродкі гігіены для маленькіх пацыентаў дзіцячай бальніцы, што засталіся без апекі бацькоў. Завяршылася акцыя канцэртам вучняў 1 “А” харэаграфічнага класа для дзяцей з цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў.
— Як была арганізавана работа па праекце ў педагагічным калектыве?
— Развіццё даследчай культуры ў педагогаў адбывалася праз інструктыўна-метадычныя нарады “Арганізацыйна-метадычнае забеспячэнне рэалізацыі інавацыйнага праекта”, педагагічны савет “Інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе гімназіі як умова развіцця даследчых кампетэнцый навучэнцаў”, педагагічны савет “Маральнае і духоўнае выхаванне сучаснага чалавека”, пасяджэнне метадычнага савета гімназіі “Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі інавацыйнага праекта ва ўмовах гімназіі”, метадычны тыдзень “Панарама інавацыйнага вопыту: праблемы і перспектывы”, метадычны практыкум па вядзенні педагагічных дзённікаў удзельнікамі праекта, па вызначэнні крытэрыяў і паказчыкаў паспяховасці інавацыйнай дзейнасці кожнага настаўніка, тэматычныя кансультацыі па маніторынгу вынікаў інавацыйнай дзейнасці, круглы стол “Фарміраванне інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя гімназіі як умова развіцця ключавых кампетэнцый вучняў”, стварэнне сеткавай супольнасці “Наватары”, блога “Інавацыйны праект”.
Удзел педагогаў у семінарах, вэбінарах, дыстанцыйных семінарах, зносіны ў сеткавай супольнасці “Наватары”, актыўная самаадукацыя паспрыялі павышэнню ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў інавацыйнага праекта.
Кіраўніком праекта з’яўляецца дырэктар гімназіі Ганна Рамуальдаўна Гарацкевіч. Удзельнікі праекта — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Жанна Пятроўна Салама, настаўніцы Вольга Львоўна Грыгор’ева, Святлана Іванаўна Алешчык, Алена Антонаўна Будрэвіч, Марына Станіславаўна Медзяноўская, Святлана Уладзіміраўна Шрэйдэр, Мілана Паўлаўна Шчыкно, Святлана Канстанцінаўна Ягоўдзік, Іна Валер’еўна Соркіна.
— А ці адбыліся змены ў матывацыі дзяцей да навучання?
— У гімназіі была арганізавана работа з навучэнцамі па фарміраванні і развіцці даследчых навыкаў. З гэтай мэтай праводзіліся тэарэтычныя і практычныя заняткі, пасяджэнні навуковых таварыстваў “Эўрыка” і “Эўрысцяня”, інтэлектуальных клубаў LevelUp, “Крэатыў”, конкурсы даследчых і творчых работ, канферэнцыі, трэнінгі, кансультацыі.
Падчас аналізу паспяховасці за трэцюю чвэрць 2016/2017 навучальнага года выявілася станоўчая дынаміка ў развіцці даследчых уменняў і навыкаў: павысілася цікавасць навучэнцаў да навучання, пашырылася вобласць прымянення і якасць выкарыстання даследчых уменняў і навыкаў, палепшылася паспяховасць. Так, у 5 “А” класе сярэдні бал паспяховасці павысіўся з 8,61 у першай чвэрці да 8,7 у трэцяй, у 7 “Г” класе — з 8,09 да 8,19; у 10 “А” — з 8,37 да 8,5.
З мэтай развіцця даследчых кампетэнцый вучняў на базе гімназіі створаны філіял кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
— Якія мерапрыемствы па рэалізацыі праекта запланаваны на гэты навучальны год?
— Планаў шмат. Адным з мерапрыемстваў стане адкрыццё музея “Дзевятоўка: учора, сёння і заўтра”. Раней у гімназіі быў музейны пакой, дзе расказвалася аб нашым мікрараёне.
Запланавана таксама правядзенне адкрытага абласнога фестывалю музеяў “Захавальнікі часу”, фестывалю навукова-даследчых работ.
Галоўным у рабоце па інавацыйным праекце лічым тое, што сёння ў нашай гімназіі працуюць не проста педагогі, а педагогі-даследчыкі, педагогі-псіхолагі, якія ўмеюць ставіць рэальныя мэты і задачы, мадэляваць педагагічны працэс, прагназаваць вынік. Праект плануецца рэалізаваць да 2020 года. Лічым, што гэта будзе час актыўнага развіцця нашых педагогаў і гімназістаў.