Фотакрос па родным краі

- 11:59Дадатковая адукацыя

Сакрэт класічнага фотапартрэта настаўніка фізічнай культуры даволі просты: на шыі — свісток, у руках — мяч, на заднім плане — школьны стадыён. А што, калі крыху паэксперыментаваць і на шыю замест свістка павесіць фотаапарат, у рукі даць не мяч, а аб’ектыў, а бегавыя дарожкі з варотамі на заднім плане змяніць на маляўнічы краявід? У дачыненні да настаўніка фізічнай культуры і здароўя Галынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна кіраўніка аднаго з найстарэйшых у краіне школьных фотавідэагурткоў Вячаслава Віктаравіча Бабко гэты эксперымент будзе апраўданым.

Насычанае жыццё

Роўна 30 гадоў у педагогіцы і 40 гадоў у фотасправе. Вопыт, пагадзіцеся, вялікі. Хаця вопыт — гэта яшчэ што. Насычанасць жыцця — вось на чым варта акцэнтаваць увагу. Раніцай і днём — урокі, пасля абеду — работа секцый, на выхадных — спартыўныя спаборніцтвы. Здаецца, вольнага часу застаецца толькі для сну. Канечне, гэта не так. Ёсць час і для адпачынку, і для сямейнага жыцця (у Вячаслава Віктаравіча цудоўная жонка-настаўніца Соф’я Іванаўна, сын, дачка, унук), і для догляду гаспадаркі. Знаходзіцца час і для любімага хобі — фотаанімалістыкі, дакладней, фотакраязнаўства, таму што ў аб’ектыў нашага героя трапляюць не толькі прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету галынкаўскіх ваколіц, але і помнікі архітэктуры, прыродныя аб’екты.

Прафесійнае захапленне фотасправай Вячаслаў Віктаравіч сумяшчае з турыстычнымі паходамі. А як жа інакш? Фатографа, як і ваўка, ногі кормяць. Хочаш атрымаць удалы кадр, скажам, старадаўняй царквы ў промнях узыходзячага сонца, калі ласка, прачынайся задоўга да світанку. А калі аб’ект знаходзіцца ў іншым сельсавеце, за некалькі кіламетраў, то тут без турыстычнага паходу не абысціся. Можна, канечне, паехаць на аўтамабілі і зрабіць усё хутка і аператыўна. Аднак у такім выпадку ты прамінеш сотні іншых цікавых кадраў. Вячаслаў Віктаравіч на такое не згодны, таму і падарожнічае разам з вучнямі па родным краі або пехатой, або на веласіпедзе.

Кіламетры плёнкі

Удалых кадраў у 40-гадовай фатаграфічнай біяграфіі 53-гадовага настаўніка фізічнай культуры сотні тысяч. Можа, нават мільёны. Вячаслаў Віктаравіч не лічыў. Аднак ён дакладна ведае, што да прыходу эры лічбавай фатаграфіі адных толькі знятых плёнак у яго калекцыі з добры дзясятак кіламетраў. “А колькі плёнак было сапсавана!” — з усмешкай прыгадаў настаўнік далёкі 1977 год, калі яму, вучню 6 класа Галынкаўскай сярэдняй школы, бацькі купілі фотаапарат “Змена-8”. Школьнага фотагуртка тады яшчэ не было, складана было знайсці і неабходную літаратуру, таму спазнаваць сакрэты фотасправы даводзілася самастойна шляхам спроб і памылак. Паколькі фотаапарат нашага героя быў адзіным на той час фотаапаратам у вёсцы Звонка, землякі часта прасілі хлопца зрабіць партрэты, перанесці на фотакарткі моманты сямейных свят.

З таго часу фотаапарат з’яўляецца нязменным спадарожнікам у жыцці Вячаслава Віктаравіча. Прайшоў ён з ім не толькі школьнае жыццё, але і армейскае. “У арміі я быў штабным пісарам, выпускаў баявы лісток, для якога патрэбны былі і фотаздымкі. Іх рабіў з дапамогай выдадзенага мне “Зеніту”, — згадаў Вячаслаў Віктаравіч. Пасля арміі была вучоба ў Магілёўскім педагагічным інстытуце, супрацоўніцтва з факультэцкай газетай, на старонках якой фотаілюстрацыі Вячаслава Бабко асвятлялі студэнцкае жыццё. “У 1987 годзе нас, чацвёртакурснікаў, накіравалі на забруджаную радыенуклідамі тэрыторыю, якая падлягала высяленню. Не ўсе жыхары пагаджаліся пакідаць пасля аварыі на ЧАЭС абжытыя мясціны. Разам з дарослымі заставаліся і дзеці, якіх неабходна было вучыць. Вось з імі я і арганізаваў свой першы фотагурток”, — падзяліўся настаўнік.

Чуласць і ўседлівасць

У 1988 годзе выпускнік Магілёўскага педінстытута вяртаецца ў родную Галынкаўскую школу і літаральна ў першы дзень працы стварае фотагурток. Сёння гэта адзін з найстарэйшых школьных фотагурткоў краіны. 30 гадоў Вячаслаў Віктаравіч далучае навучэнцаў да здаровага ладу жыцця і чароўнага свету фота-, а крыху пазней і відэамастацтва. Для нашага суразмоўцы мастацкае фатаграфаванне прыроды — гэта не толькі блуканне па знаёмых з дзяцінства палявых і лясных сцяжынках у пошуку цікавых момантаў жыцця прыроды. Гэта чаканне цуду. Як жа па-іншаму назавеш тыя імгненні, калі, скажам, на лясной сцяжыне ты раптоўна сустракаеш берасцянку, а тая, заўважыўшы цябе, не спяшаецца ўзляцець на дрэва, як звычайна робяць птушкі пры сустрэчы з чалавекам, а нібыта знарок чакае, што ты навядзеш рэзкасць і зробіш удалы кадр. А вечаровае сонца, якое хаваецца за даляглядам і дорыць на развітанне феерверк з соцень адценняў аранжавага колеру? Як тут не дастаць фотаапарат і не перанесці на “лічбу” гэты цуд!

У пацвярджэнне сваіх слоў Вячаслаў Віктаравіч правёў экскурсію па выставе фотаработ удзельнікаў гуртка (ролю выставачнай залы выконваюць калідоры і вучэбныя класы Галынкаўскай сярэдняй школы, выстаўляюцца фотаздымкі перыядычна і ў Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці). Тут і берасцянка, і вечаровы феерверк на небасхіле, і старадаўняя царква ў першых промнях новага дня. Нельга не пагадзіцца з педагогам у тым, што дзякуючы фотаапарату можна не толькі навучыцца заўважаць прыгажосць роднага краю, але і зрабіць сваё сэрца больш чулым. Сапраўды, хіба можа быць жорсткім чалавек, які гатовы бясконца любавацца заходам сонца або россыпам кропель ранішняй расы, слухаць спеў птушак, назіраць за цікавым жыццём насякомых.

Фотаработы навучэнцаў Галынкаўскай школы высока ацэньваюць не толькі жыхары Клецкага раёна. Выхаванцы Вячаслава Віктаравіча рэгулярна ўдзельнічаюць у фотаконкурсах Рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, пры гэтым рэгулярна займаюць прызавыя месцы на абласным і рэспубліканскім узроўні. Кожная перамога даецца няпроста. Нягледзячы на тое, што з надыходам эры лічбавай фатаграфіі апрацоўваць здымкі стала ў тэхнічным плане прасцей, гэты працэс усё роўна пад сілу толькі ўседлівым навучэнцам. “Раней неабходна было круціць плёнкі, потым іх праяўляць, сушыць здымкі. Не ўсім гэта падабалася, заставаліся толькі самыя зацікаўленыя. Аднак і цяпер толькі самыя ўседлівыя могуць некалькі гадзін праводзіць за камп’ютарам, апрацоўваючы зняты матэрыял. Гэта фарміруе ў дзяцей засяроджанасць, жаданне дабівацца пастаўленых мэт. Яскравы прыклад — адзін з маіх навучэнцаў, які стварыў у Маскве сваю кінакампанію. Гэтае захапленне ў яго з’явілася дзякуючы заняткам у школьным фотавідэагуртку”, — паведаміў Вячаслаў Віктаравіч.

Палітра захапленняў

Каб зрабіць класічны партрэт настаўніка фізічнай культуры і здароўя Галынкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна Вячаслава Віктаравіча Бабко, які б найбольш поўна сведчыў аб прафесійнай дзейнасці і захапленнях нашага героя, не абавязкова выкарыстоўваць свісток, мяч, а ў якасці месца здымак выбіраць школьны стадыён. Можна сфатаграфаваць настаўніка разам з фотаапаратам на фоне маляўнічых мясцін яго роднага краю, можна, напрыклад, з тортам (Вячаслаў Віктаравіч любіць ствараць салодкія кулінарныя шэдэўры), можна з гармонікам (у любую хвіліну настаўнік гатовы сыграць танцавальную і сам пусціцца ў скокі), можна з кошыкам грыбоў, у якія педагог адпраўляецца ў лес пры любой нагодзе. А можна (як на фотаздымку, які вы бачыце) з фотаработамі, на якіх адлюстраваны часцінкі яго роднага краю. З класічным фотапартрэтам нашага героя можна доўга эксперыментаваць. Усе гэтыя эксперыменты будуць апраўданымі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва В.В.Бабко.