Стаіць у Жодзіне “Церамок”, а жыхарамі яго будуць не мышкі і зайчыкі, а хлопчыкі і дзяўчынкі. Так пачынаецца не казка, а гісторыя новага ясляў-сада, што адкрыўся ў горадзе.
Жодзіна можна смела назваць горадам машынабудаўнікоў, і свята людзей гэтай прафесіі — свята для ўсяго горада. Менавіта да Дня машынабудаўніка было прымеркавана адкрыццё новай дашкольнай установы. Яслі-сад размясціўся ў будынку былога дзіцячага дома. Выхаванцы дзіцячага дома знайшлі прытулак дзякуючы сямейным формам уладкавання, і двухпавярховы будынак быў незапатрабаваны. Яго перапрафілявалі, абсталявалі і адкрылі дашкольную ўстанову.
Яслі-сад № 3, што атрымаў казачную назву “Церамок”, разлічаны на 154 маленькіх выхаванцаў. Іх ужо чакаюць 18 педагогаў. Тут будуць функцыянаваць дзевяць груп, у тым ліку інтэграваная група і спецыяльная, музычная і спартыўная залы, жывыя куткі. У хуткім часе тут будзе адкрыты рэсурсны цэнтр для прафадукацыі педагогаў.
Сад знаходзіцца ў мікрараёне горада, дзе жыве мноства маладых сем’яў з дзецьмі, і дапаможа забяспечыць крокавую даступнасць дашкольных устаноў горада для маленькіх наведвальнікаў сада і іх бацькоў. Гэтай жа мэце паслужыць яшчэ адзін новы дзіцячы сад, які пабудаваны ў Жодзіне і ўжо рыхтуецца да адкрыцця.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама.