Генетычны код — педагогіка

- 12:29Якасць адукацыі

Настаўніца біялогіі і хіміі Ушацкай сярэдняй школы Вольга Жыткая з кагорты тых педагогаў, якія, не зважаючы на працоўную нагрузку і сямейныя клопаты, імкнуцца спасцігаць новае. Яна з задавальненнем “прымервае” на сябе новыя тэхналогіі і методыкі, шукае цікавыя, сугучныя з захапленнямі сучасных вучняў формы работы. Вольга Анатольеўна атрымлівае задавальненне ад кожнага дня, праведзенага ў школе. І гэта не ўменне, гэта адчуванне любімай прафесіі.

У 1994 годзе Вольга Жыткая закончыла біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і прыйшла працаваць у сельскую школу. Ва Ушацкі раён прыехала даглядаць бабулю. Але, як вядома, няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Ушаччына не проста прыняла маю сённяшнюю гераіню, на гэтай зямлі Вольга Анатольеўна пусціла свае карані.

Цягу да педагогікі патлумачыла проста: настаўнікамі былі маці і дзядуля. Праўда, яны абралі гуманітарныя напрамкі. Мама выкладала рускую мову і літаратуру, дзядуля — гісторыю. А Вольга, калі была маленькай, вельмі любіла жывёл. Цягнула ў хату ўсіх, каго магла. Бацькі не супраціўляліся, таму лёгка ўжываліся не толькі з катамі ды сабакамі, хамякамі і папугаямі, але і з уюнамі. “Мама ў мяне была вельмі добрай і заўсёды заахвочвала маю цягу да жывёльнага свету”, — адзначыла суразмоўніца.

Любоў да прыроды Вольга пранесла праз усё жыццё і стала настаўніцай біялогіі і хіміі. На гэтай ніве працуе ўжо больш за 20 гадоў без шкадаванняў і расчараванняў. “Напэўна, у мяне спрацавалі педагагічныя гены. Мне лёгка было працаваць з дзецьмі з першага дня. Ніколі не ўзнікала праблем з наладжваннем кантакту і даверлівых адносін з вучнямі.

Адзінае, першы час узнікалі цяжкасці з методыкай, бо вучылася я ў БДУ, дзе больш увагі ўдзялялася навуковай дзейнасці. Педагагічная практыка прадугледжвалася толькі на 5 курсе, а мне давялося заканчваць універсітэт завочна. Тым не менш практыка ў мяне была, з якой, дарэчы, вельмі пашчасціла, бо праходзіла яе ва Ушацкай сярэдняй школе пад кіраўніцтвам Міхаіла Паўлавіча Сісковіча. Ён быў дырэктарам гэтай школы і настаўнікам біялогіі. Свае першыя педагагічныя, метадычныя навыкі я атрымала пад яго кіраўніцтвам: праводзіла ўрокі, арганізоўвала выхаваўчыя мерапрыемствы”, — падзялілася Вольга Анатольеўна.

Усё, чаму навучылася маладая настаўніца ў Міхаіла Паўлавіча, паступова адточвалася і пераасэнсоўвалася. Штодзённая праца, пастаянны кантакт з калегамі і вучнямі спрыялі педагагічнаму станаўленню і арыентавалі на свой шлях у прафесіі.

***

“Мая педагагічная дзейнасць грунтуецца на класічным уроку, які дае аснову для далейшага развіцця. Цяпер працую па стратэгіі актыўнай ацэнкі, з’яўляюся ментарам на дыстанцыйных курсах. Мне падабаецца адкрытасць гэтай стратэгіі. Мае вучні заўсёды ведаюць, пра што я буду пытацца, што буду правяраць на наступным уроку. Яны ведаюць каляндар кантрольных і праверачных работ. У выніку ў іх няма страху перад невядомасцю. Усе ведаюць крытэрыі ацэнкі, якія лёгка суадносяцца з узроўнем падрыхтаванасці вучняў. Усё зразумела і празрыста, таму кожны навучэнец спакойна і ўпэўнена рушыць па сваім адукацыйным маршруце. Дарэчы, нізкіх адзнак не стаўлю: адзнака вучня — гэта адзнака і настаўніка, якая дэманструе яго педагагічныя здольнасці.

Канечне, да такіх заняткаў настаўніку трэба сур’ёзна рыхтавацца, прадумваць іх. Урокі з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі не падобны адзін да аднаго. Найбольш пытанняў выклікае зваротная сувязь, калі педагогу неабходна зрабіць пісьмовы аналіз вучнёўскай работы. Але гэта можна рабіць выбарачна і найперш пісаць каментарыі для тых дзяцей, якія зацікаўлены ў сваім росце”, — адзначыла Вольга Анатольеўна.

Актыўная ацэнка паўплывала і на настаўніцу. Яна ўпэўнілася, што стала больш цікавай для сваіх вучняў, а гэта, у сваю чаргу, адбілася і на яе педагагічнай матывацыі. Вольга Анатольеўна імкнецца пашыраць свае метадычныя гарызонты, таму пасля актыўнай ацэнкі пачала цікавіцца медыяадукацыяй, якая праз некаторы час стала часткай урокаў педагога. “Неяк мы разбіралі з дзецьмі, што такое фэйк і тролінг і як яны могуць паўплываць на біялагічныя з’явы і працэсы, стасункі ў сацыяльных сетках. Дзецям усё гэта цікава. Іх захапляюць нестандартныя падыходы да арганізацыі ўрока, змена прывычных арыенціраў у навучанні, таму калі мая новая ідэя ўспрымаецца, то мы яе рэалізоўваем разам з вучнямі, а калі не, значыць, шукаю нешта іншае”, — працягнула суразмоўніца.

Упэўнена, што вучні на ўра ўспрымаюць усе ідэі Вольгі Анатольеўны. Насамрэч, класна, калі падчас вывучэння пэўнай тэмы па заалогіі табе даюць магчымасць прааналізаваць фота з інтэрнэту і адказаць: на выяве фэйк ці ўсё ж біялагічная рэальнасць. Настаўніца вучыць крытычна ставіцца да інфармацыі.

***

У арсенале Вольгі Анатольеўны зусім нядаўна з’явіўся ўрок па біялогіі для 9 класа па тэме “Гігіена скуры. Прынцыпы загартоўвання”. Ідэю ўрока настаўніца патлумачыла наступным чынам: “На тэлебачанні ёсць шмат ролікаў, якія рэкламуюць мыйныя сродкі для скуры і валасоў, а на ўроку мы якраз разглядаем пытанні гігіены. Рэклама — добры падручны матэрыял, таму заняткі можна было будаваць на прынцыпах медыяпісьменнасці, што я і зрабіла”.

Гэта быў урок вывучэння новай тэмы. Пры яго распрацоўцы педагог улічыла праграмныя патрабаванні, а таксама прадумала вучэбна-метадычнае і тэхнічнае забеспячэнне. “У новай праграме па біялогіі для навучэнцаў 8—9 класаў напісана: “Важным аспектам навучання з’яўляецца арганізацыя і стымуляванне настаўнікам актыўнай пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. У ходзе вучэбных заняткаў рэкамендуецца стварыць сітуацыі, у якіх вучні будуць не толькі засвойваць веды, але і спрабаваць выкарыстоўваць іх пры вырашэнні розных жыццёвых сітуацый”. У праграме таксама ўказана, што на ўроках біялогіі настаўніку неабходна ствараць умовы для фарміравання ў вучняў інфармацыйнай і здароўезберагальнай кампетэнцый. Акрамя таго, дзевяцікласнік павінен абгрунтаваць неабходнасць выканання правіл асабістай гігіены, прымяніць веды для арганізацыі здаровага ладу жыцця, рацыянальнай арганізацыі працы і адпачынку.

На ўроку вучні працавалі з падручнікам, карткамі для дэкадзіравання рэкламы. Мы карысталіся мультымедыйнай устаноўкай, выходзілі ў інтэрнэт, глядзелі прэзентацыю “Гігіена скуры чалавека”, а таксама рэкламны ролік шампуню Clear man з удзелам сусветна вядомага футбаліста Крышціяну Раналду”, — расказала настаўніца.

Вольга Анатольеўна прапанавала вучням інтэрактыўныя метады работы. Дзеці працавалі ў парах. Акрамя таго, прымяняліся метад “1 х 2 х 4”, правіла непадымання рукі, для зваротнай сувязі — правіла вялікага пальца (можна выкарыстоўваць замест “Святлафора”), правіла паважлівага стаўлення да меркавання і выказвання аднакласнікаў. Медыйнай задачай урока стаў адказ на пытанне “Ці змагу я зрабіць дэкадзіраванне рэкламы?”, а ключавым пытаннем — “Скура — адкрытая кніга нашага арганізма і… душы чалавека?”.

На працягу ўрока дзевяцікласнікі шмат гаварылі пра правілы гігіены скуры, у тым ліку галавы. Абмяркоўваліся правілы і карысць загартоўвання. Пераломным момантам заняткаў стаў прагляд рэкламнага відэароліка. Пасля яго аналізу (па загадзя распрацаваным настаўніцай плане) вучні прыйшлі да высновы, што, каб карыстацца прадуктам, які рэкламуецца, неабходны веды. Іх у падручніку недастаткова, таму прабелы неабходна запоўніць самастойна, у тым ліку пры дапамозе інтэрнэту. І самае галоўнае, навучэнцы ўсвядомілі, што рэкламаванне вядомым футбалістам яшчэ не паказчык якасці прадукту.

“Выкарыстанне такой формы работы стымулюе пазнавальную актыўнасць навучэнцаў не толькі на ўроку. Яны фарміруюць уласнае меркаванне, якое матывуе іх да дзеянняў: быць дасведчаным карыстальнікам прадукцыі, каб не нашкодзіць свайму здароўю і здароўю родных.

Тэма ўрока зацікавіла школьнікаў, і яны працягнулі працу дома, дзе шукалі інфармацыю пра перхаць, выкарыстоўваючы розныя крыніцы і параноўваючы іх. Аб праведзенай рабоце сведчылі выказванні вучняў, напісаныя ў лістах настаўніку. Напрыклад: “Раней я не аналізаваў рэкламу, але зразумеў, што дарэмна. Мае адносіны да навучання змяніліся. Аналіз рэкламы навучыў мяне таму, што рэкламадаўцы мала клапоцяцца пра спажыўцоў”, — адзначыла Вольга Анатольеўна.

***

Нягледзячы на актыўны зварот да медыяадукацыі, не ўсе ўрокі Вольгі Анатольеўны адпавядаюць яе ідэям. Ёсць тэмы, на якія медыяадукацыя не кладзецца. “Вельмі складаная біялогія ў 10 класе, таму звяртаюся да лекцый, урокаў разбору і рашэння задач. Задачы па генетыцы, на пабудову нуклеінавых кіслот вельмі цяжкія, і іх трэба садзіцца і рашаць, трэніравацца, інакш ёсць рызыка не набыць адпаведныя навыкі. Няпростымі для засваення з’яўляюцца мітоз і меёз, рашэнне задач на гэтыя тэмы, таму я іх тлумачу па класічнай схеме, тым больш што пытанні пра гэтыя з’явы ёсць на ЦТ.

А вось элементы актыўнай ацэнкі выкарыстоўваю пастаянна. Напрыклад, каб зматываваць, у пачатку ўрока часта стаўлю вучням ключавое пытанне. Яно можа мець дэманстрацыйны характар (фотаздымак, відэаролік). Пошук адказу на пытанне дапамагае паказаць практычную (жыццёвую) значнасць матэрыялу, які вывучаецца”, — паведаміла педагог.

Актыўная ацэнка ў гэтым годзе дапамагла Вользе Анатольеўне заваяваць давер і ў вучняў 6 класа. Як прызналася настаўніца, яна даўно не працавала з шасцікласнікамі (у апошнія гады на яе ўроках у асноўным займаліся вучні старшых класаў, у тым ліку профільных). Але педагог не разгубілася, а пачала заахвочваць сваіх шасцікласнікаў цікавымі формамі работы. Напрыклад, пры вывучэнні якасцей жывых арганізмаў дзеці будавалі карту памяці. Працуе Вольга Анатольеўна і з ментальнымі картамі, прымяняе метад гексаў (падгледзела яго на стажыроўцы ў Польшчы), інтэрактыўныя метады. Акрамя таго, арганізоўвае работу ў парах і групах, што сёння вельмі актуальна. Сучасныя школьнікі ўсё больш сядзяць у сацыяльных сетках — кожны ў сваёй “норцы” — і будаваць узаемаадносіны не ўмеюць. Вольга Анатольеўна сацыялізуе вучняў, ствараючы групы зменнага складу.

***

Для настаўніцы вельмі важнай з’яўляецца эмацыянальная сувязь з вучнямі. Узаемны давер матывуе ўсіх: дзецям хочацца браць, а педагогу — аддаваць свае веды, вопыт, дзяліцца захапленнямі і эмоцыямі.

Вольга Анатольеўна яшчэ і класны кіраўнік. Сёлета ў яе зноў пяцікласнікі, з якіх настаўніца цяпер лепіць калектыў аднадумцаў. Не сумняваюся, што ўсё ў яе атрымаецца, бо роля класнага кіраўніка Вользе Анатольеўне таксама даспадобы. Жывыя стасункі з дзецьмі яна прыраўновае да эліксіру маладосці. Ёй цікавы ўсе дзеці, нягледзячы на іх здольнасці і захапленні. У кожнага вучня свая важная роля. Калі, напрыклад, класу прапаноўваюць паўдзельнічаць у конкурсе, то да гэтага далучаюцца ўсе. Статус кожнага ўдзельніка аднолькава высокі: маляваць гэтак жа пачэсна, як і манціраваць відэаролік.

Нядаўна Вольга Анатольеўна вярнулася з Мінска, дзе на працягу двух тыдняў самааддана працавала ў камандзе Віцебскай вобласці на конкурсе “Настаўнік года — 2017”. У каманду падтрымкі яе запрасіла настаўніца біялогіі гімназіі № 5 Віцебска Марына Юр’ева. Выбар памочніцы аказаўся ўдалым. Марына Валянцінаўна здолела стаць суперфіналісткай.

Настаўніцы сустрэліся і пазнаёміліся на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года” ў 2014 годзе. Марына Юр’ева тады стала першай у сваёй намінацыі, а Вольга Жыткая — трэцяй. З таго часу сувязі яны не страчваюць, падтрымліваючы сваё прафесійнае сяброўства, якое пасля конкурсу стала яшчэ мацнейшым. Прынамсі, Вольга Анатольеўна атрымала добры зарад бадзёрасці. “Нам даводзілася працаваць на мяжы нашых здольнасцей, але мы былі камандай, якая дасягнула пастаўленых мэт. Праца ў коле аднадумцаў вельмі натхняе”, — заўважыла педагог.

Трэба адзначыць, што ва Ушацкай школе Вольга Жыткая таксама працуе ў асяроддзі аднадумцаў — творчых і цікаўных педагогаў, адміністрацыі, якая клапоціцца не толькі пра вынікі дзейнасці, але і пра ўмовы работы. Магчымасць без складанасцей выйсці ў інтэрнэт падчас урока, папрацаваць з інтэрактыўнай дошкай, безумоўна, матывуе.

У канцы нашай размовы Вольга Анатольеўна сціпла заўважыла, што вядзе ў сваёй школе факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, і я гэтаму не здзівілася. Педагогіка закладзена ў ёй на генетычным узроўні. На апошнім факультатыве вучні Вольгі Жыткай адказвалі на пытанні, якія задавалі канкурсантам падчас суперфіналу конкурсу “Настаўнік года — 2017”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.