Тыдзень педагагічнага майстэрства прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Удзельнікі аўтарскага курса доктара педагагічных навук А.Д.Караля “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава” падзяліліся вопытам выкарыстання ў вучэбнай дзейнасці тэхналогіі эўрыстычнага навучання.
— Сёння ў ГрДУ рэалізоўваецца праграма ўдасканалення педагагічнага майстэрства выкладчыкаў, у вучэбны працэс укараняюцца сучасныя тэхналогіі адукацыі. Сярод іх тэхналогія эўрыстычнага навучання на аснове дыялогу — навучанне праз адкрыццё, — гаворыць начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення дацэнт Марына Калацэй. — Вясной гэтага года ва ўніверсітэце быў арганізаваны аргдзейнасны курс “Методыка навучання праз адкрыццё: як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”. Дыялогавая прадукцыйная дзейнасць кожнага ўдзельніка семінара прывяла да стварэння ўласных адукацыйных прадуктаў, якія арыентаваны на творчую самарэалізацыю студэнтаў і развіццё эўрыстычных якасцей асобы.
Падчас тыдня педагагічнага майстэрства, які стаў працягам гэтай практыкі, прайшлі майстар-класы ў анлайн-рэжыме, што дазволіла прыняць у іх удзел вялікай колькасці студэнтаў і выкладчыкаў на розных факультэтах.
Кандыдат эканамічных навук дацэнт кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Таццяна Гараева па выніках удзелу ў аргдзейнасным аўтарскім курсе распрацавала эўрыстычныя заняткі “Заработная плата: даход ці расход”. Майстар-клас “Што такое камп’ютар?” для студэнтаў 1 курса спецыяльнасці “Гісторыя” правёў загадчык лабараторыі адукацыйных інавацый Алег Каляга. З першакурснікамі спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” старшы выкладчык кафедры музычнага мастацтва Ганна Брагіна правяла майстар-клас “Як размаўляць з музыкай на адной мове”. Як адзначыла студэнтка 3 курса Марта Афанасьева, гэты майстар-клас прымусіў яе задумацца, што ёсць музыка для яе асабіста, якую музыку яна будзе несці дзецям у далейшым і як гэта паўплывае на іх жыццё, светаадчуванне.
— Яшчэ раз упэўнілася, як важна прыцягваць спецыялістаў-практыкаў да навучання студэнтаў, а нам, выкладчыкам, бачыць дзейнасць, якой будуць займацца нашы выпускнікі, — выказала сваё меркаванне па выніках майстар-класа выхавальніцы ДЦРД № 89 Гродна Алесі Кнігі дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Ганна Крофта.
Фіналіст заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2017” А.М.Кніга правяла заняткі “Скрынка з алоўкамі”, дзе прадэманстравала гульнявыя формы работы з дзецьмі па фарміраванні ў іх першапачатковых навыкаў мастацкага ўспрымання навакольнага свету.
На заключным мерапрыемстве тыдня прысутнічалі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і начальнік аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлана Кавалеўская.
— Асаблівасцю праекта стала тое, што кожны яго ўдзельнік працаваў над сабой, у камандзе і ствараў уласны адукацыйны прадукт, які зараз можа паспяхова прымяняць у сваёй выкладчыцкай і педагагічнай дзейнасці, — адзначыла Ірына Кітурка. — Сёння нельга даць адны веды на ўсё жыццё, таму практыка такіх развіццёвых мерапрыемстваў будзе мець працяг ва ўніверсітэце.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.