Як павысіць працэнт маладзёжных інавацыйных праектаў

- 16:03Навука і інавацыі
Маладыя беларускія вучоныя атрымалі новую магчымасць для прасоўвання сваіх інавацыйных праектаў і практычнага навучання інавацыйнаму менеджменту: цягам 2013 года прайшла серыя мерапрыемстваў у межах беларуска-расійскага форуму “Маладзёжны інавацыйны цэнтр”.

Увогуле Маладзёжны інавацыйны цэнтр — гэта расійская ініцыятыва, якая рэалізоўваецца ў суседняй краіне некалькі гадоў. Летась да яе далучыліся беларусы, і форум стаў беларуска-расійскім.
Форум уяўляе сабой шэраг мерапрыемстваў. Найперш, пошук і прыцягненне перспектыўных інавацыйных праектаў, актуальных для нацыянальных эканомік Расіі і Беларусі. Далей — фарсайт, семінар-трэнінг па падрыхтоўцы інавацыйных праектаў, непасрэдна сам беларуска-расійскі форум “МІЦ-2013” і Investor Demo Day.
Фарсайт (у шырокім сэнсе — гэта тэхналогія доўгатэрміновага прагназавання, спосаб пабудовы ўзгодненага і ўзважанага вобраза будучыні. — Заўв. аўт.) і семінар-трэнінг прайшлі ў Мінску на пачатку жніўня. Удзельнікі фарсайта зрабілі спробу ацаніць доўгатэрміновыя перспектывы ў рамках трох заяўленых напрамкаў навукі і тэхнікі — інфармацыйныя тэхналогіі і тэлекамунікацыі, медыцынскія тэхналогіі і фармацэўтыка, энергаэфектыўнасць і энергазберажэнне. Мэтай мерапрыемства было сфарміраваць у вучоных-пачаткоўцаў бачанне таго, якія тэхналогіі будуць запатрабаваны рынкам у будучыні. Перад маладымі інаватарамі (студэнтамі, аспірантамі, супрацоўнікамі ўніверсітэтаў і навуковых арганізацый), інавацыйнымі менеджарамі выступілі эксперты з вышэйназваных галін — прадстаўнікі навуковай супольнасці і прадпрыемстваў. Быў наладжаны дыскусійны клуб з удзелам экспертаў і носьбітаў ідэй, аўтараў распрацовак.
Праграма семінара-трэнінгу ўключала навучанне бізнес-планаванню інавацыйных праектаў, практыку іх прэзентацыі і падрыхтоўку да абароны перад інвестарам, а таксама кансультацыі экспертаў.
Напрыканцы жніўня ў Ніжнім Ноўгарадзе прайшоў непасрэдна сам форум “Маладзёжны інавацыйны цэнтр”. Ён уключаў, па-першае, інтэнсіўную вучэбную праграму па дапрацоўцы бізнес-планаў, а па-другое, адбор лепшых праектаў для апошняга этапу Investor Demo Day, дзе іх прэзентавалі інвестарам.

— Важна, што ў форуме, паводле правіл, маглі ўдзельнічаць не толькі аўтары інавацыйных праектаў, але і інавацыйныя менеджары, — зазначае кіраўнік Міжуніверсітэцкага цэнтра маркетынгу навукова-даследчых распрацовак Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” (арганізатара мерапрыемстваў форуму на беларускай тэрыторыі) Таццяна Тацьянка. — Для іх гэта сапраўдная ўдача — папрактыкавацца, папрацаваць над рэальнымі праектамі ў складзе каманд-удзельніц. Як вядома, інавацыйных менеджараў у нашай краіне не хапае, а тым, што ёсць, бракуе практычных навыкаў.
Па словах Т.Тацьянка, у Беларусі для ўдзелу ў форуме адабралі 8 інавацыйных праектаў, а таксама чатырох менеджараў.
Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” прадставіў пяць праектаў. Гэта, напрыклад, такія работы, як стварэнне высокатэхналагічнай вытворчасці медыцынскіх вырабаў і абсталявання для правядзення сардэчна-сасудзістых аперацый; стварэнне вытворчасці абсталявання для электралітна-плазменнай апрацоўкі металічных матэрыялаў; палімерныя дабаўкі для мадыфікацыі асфальта-бетонных сумесяў; выраб алюмініева-крэмніевых сплаваў на аснове алюмінію з лому; устаноўка для ўтылізацыі энергіі лішняга ціску прыроднага газу “Турбасфера”.
Яшчэ па адным праекце на форуме ў Ніжнім Ноўгарадзе прадставілі маладыя распрацоўшчыкі з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Дарэчы, праект БДМУ, выкананы сумесна з Мінскім гадзіннікавым заводам, — праграмна-апаратны комплекс радыётэлеметрыі рухальнай актыўнасці пацыента і біяэлектрычных працэсаў у сэрцы — у выніку ацэнкі экспертаў заняў другое месца. Ён атрымаў права ўдзельнічаць у Investor Demo Day.
Аб медыцынскім праекце, які заняў другое месца на форуме “МІЦ-2013” і атрымаў магчымасць прэзентацыі на Investor Demo Day, расказвае яго суаўтар урач Ягор Лемяшко:

Ягор Лемяшко— Мы прадстаўлялі на форуме прыладу манітарыравання месцазнаходжання пацыента і яго фізічнай актыўнасці, якая прызначана для кардыялагічных хворых. Гэта дыягнастычны прыбор. Як ён працуе? Па месцы лячэння пацыент атрымлівае і ўсюды носіць з сабой манітор, які мае адваротную сувязь з урачом. На аналітычны цэнтр, напрыклад у паліклініку, перадаюцца даныя пацыента: артэрыяльны ціск, электракардыяграма, стан цела ў прасторы, рух і г.д. Дзякуючы GPS-сувязі ўрачу вядома знаходжанне пацыента, і ў выпадку крытычных падзей, што пагражаюць жыццю хворага, можна выклікаць хуткую дапамогу.
Мы мяркуем, што такія сістэмы будуць запатрабаваны ў дзяржаўных і прыватных установах аховы здароўя. Акрамя таго, іх прымяненне ў лячэбнай практыцы дазволіць зменшыць колькасць койка-дзён, таму што з такім прыборам пацыент можа займацца сваёй звычайнай дзейнасцю, жыць звычайным жыццём у той час, як ідзе аналіз працэсаў яго сардэчна-сасудзістай сістэмы. Канечне, мы чакаем, што будзе попыт на нашу распрацоўку ў іншых краінах.
Мы працуем над гэтым праектам даўно: у 2010 годзе атрымалі патэнт, а з 2012 года прыступілі, так бы мовіць, да яго матэрыяльнага ўвасаблення. У праекце задзейнічана 8 чалавек — урачы, інжынеры-праграмісты, інжынеры-канструктары. Гэта супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Мінскага гадзіннікавага завода.
На форуме “Маладзёжны інавацыйны цэнтр” асабіста я атрымаў шмат карыснага з пункта гледжання кіраўніцкіх навыкаў. Гэта тое, чаго не хапае маладым вучоным. Абавязкова будзем удзельнічаць у заключным этапе форуму Investor Demo Day. Наша мэта — знайсці партнёра, які зможа арганізаваць продажы нашай распрацоўкі за мяжой і адначасова выдзеліць дадатковае фінансаванне. Інвестыцыі нам патрэбны, каб працягнуць удасканальваць прыладу — пашырыць яе функцыянальныя магчымасці.
На сёння мы маем два станоўчыя водгукі наконт нашага праекта: ад Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія” і Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Гэтыя ўстановы ўжо зацікаўлены ў набыцці распрацоўкі. Першыя серыйныя сістэмы плануецца выпусціць у 2015 годзе. Калі атрымаецца ўключыць гэты метад дыягностыкі ў нацыянальныя пратаколы дыягностыкі і лячэння захворванняў сістэмы кровазвароту, то мы атрымаем гарантаваны збыт ва ўсе ўстановы аховы здароўя, якія вядуць кардыялагічных хворых.

Для астатніх інаватараў з Беларусі форум быў карысны адукацыйнай праграмай, сустрэчамі з экспертамі, абменам вопытам.
— Навучальныя семінары па розных напрамках доўжыліся чатыры дні, — расказаў удзельнік адной з беларускіх каманд прадстаўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ “Палітэхнік” Максім Журкевіч. — Наша распрацоўка хоць і не ўвайшла ў першую пяцёрку, але набрала 66 балаў са ста магчымых падчас экспертнай ацэнкі. Форум дапамог пазнаёміцца з людзьмі, якія ўжо працавалі з падобнымі праектамі: яны падзяліліся вопытам, у тым ліку і вопытам памылак, дапамаглі шырэй паглядзець на патэнцыяльныя рынкі. Цікава было пачуць экспертнае меркаванне наконт нашай распрацоўкі.
М.Журкевіч прадстаўляў праект стварэння вытворчасці на аснове тэхналогіі атрымання алюмініева-крэмніевых сплаваў. Гэтая новая тэхналогія, прызначаная для прадпрыемстваў маторабудавання, авіябудавання, для вытворчасці чыгуначных саставаў, — вынаходка спецыялістаў тэхнапарка БНТУ “Палітэхнік”, вучоных механіка-тэхналагічнага факультэта ўніверсітэта. Па словах Максіма, рапрацоўка яшчэ толькі запатэнтавана і знаходзіцца ў самым пачатку прасоўвання. Па сутнасці, вопыт прэзентацыі на форуме “Маладзёжны інавацыйны цэнтр” стаў першым. Адначасова праект прэтэндуе на грант Мінгарвыканкама ў межах конкурсу інавацыйных праектаў.

— На жаль, частка аўтараў праектаў і інавацыйныя менеджары, якіх мы адабралі для ўдзелу ў форуме, удзельнічалі толькі ў мерапрыемствах на тэрыторыі Беларусі. А ў Ніжні Ноўгарад паехаць не змаглі, таму што не было фінансавання, — гаворыць Таццяна Тацьянка. — Адна справа, калі за праектамі стаяць індывідуальныя распрацоўшчыкі, і зусім іншая — калі калектывы, універсітэты, навуковыя арганізацыі — словам, юрыдычныя асобы. Паколькі яны ініцыіруць распрацоўку, фінансуюць яе, то, напэўна, павінны даводзіць справу да канца — укладваць сродкі і ў яе прасоўванне шляхам такіх вось форумаў. Яшчэ хацелася б, каб нашы міністэрствы і ведамствы больш актыўна падтрымлівалі такія ініцыятывы ці хаця б не стваралі бюракратычныя перашкоды. Так, гэта затратныя ініцыятывы, але хто возьме на сябе выдаткі, акрамя дзяржавы, якая рэалізоўвае інавацыйную палітыку?
Давядзенне інавацый да рынку — вельмі складаная рэч, канстатуе эксперт. Канечне, гэты рух развіваецца, і тэхнапарк БНТУ “Палітэхнік” — добры таму прыклад. Але ў агульнай колькасці рэалізаваных праектаў — маладзёжных меншасць.
— Мы імкнёмся забяспечыць маладых навукоўцаў эканамічнымі, кіраўніцкімі навыкамі, каб яны маглі пралічыць фінансава-эканамічныя паказчыкі, спажывецкі попыт на распрацоўку яшчэ да таго, як пачынаецца работа над праектам. Сёння трэба распрацоўваць тое, што патрэбна рынку, — падкрэслівае кіраўнік Міжуніверсітэцкага цэнтра маркетынгу НДР.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.