У краін адзіныя погляды на сусветны парадак дня

- 10:09Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае ў найбліжэйшы час зрабіць візіт на Кубу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з паслом Кубы Херарда Суарэсам Альварэсам, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.

“Прасіў бы вас вельмі перадаць майму сябру Раулю (Старшыня Дзяржаўнага савета і Савета Міністраў Кубы Рауль Кастра. — Заўв. БелТА.) самыя цёплыя пажаданні. Я думаю, што мне ўдасца ў найбліжэйшы час пабываць на Кубе. У мяне ёсць абавязак перад Фідэлем. Я павінен пабываць у яго на магіле”.

Паводле слоў прэзідэнта, візіт павінен садзейнічаць актуалізацыі тэматыкі двухбаковых адносін. “Але вы павінны заўсёды ведаць: калі Беларусь нечым можа дапамагчы і нешта зрабіць для Кубы, мы заўсёды адкрыты і гатовы гэта зрабіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“У нас устанавіліся нядрэнныя адносіны ў сферы эканомікі. У палітыцы ў нас наогул няма ніякіх праблем. У нас адзіныя погляды на сусветны парадак дня. Практычна няма разыходжанняў па пытаннях, якія ў яго ўваходзяць”, — адзначыў беларускі лідар.

Палітычныя адносіны Беларусі і Кубы характарызуюцца супадзеннем пазіцый па ключавых міжнародных праблемах. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін даволі развіта — заключана каля 30 міжурадавых і міжведамасных дагавораў, пагадненняў і пратаколаў, якія рэгулююць адносіны ў галіне гандлю і эканомікі, транспарту, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, аховы здароўя, адукацыі, сертыфікацыі, у консульска-прававой і іншых сферах.

Аб’ём двухбаковага гандлю ў студзені — жніўні 2017 года склаў $50,4 млн. Асноўнымі экспартнымі пазіцыямі былі грузавыя аўтамабілі, трактары і седлавыя цягачы, шыны, калійныя ўгнаенні, прычэпы і паўпрычэпы, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў.