Прадаўжальнікі ліцэйскіх традыцый

- 11:19Адукацыйная прастора

У ліцэі № 1 імя А.С.Пушкіна Брэста шмат адметных традыцый, якія адыгрываюць важную ролю ў выхаванні моладзі. Сярод іх — “Пушкінская ліцэйская восень”. Сёлета яна 27 раз сабрала аматараў творчасці вядомага паэта.

— Штогадоваму святочнаму мерапрыемству папярэднічаў тэматычны тыдзень “Сябры мае, цудоўны наш саюз!”, які пачаўся з канцэрта камернага аркестра Брэсцкай абласной філармоніі, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ліцэя С.І.Прохарава. — Для вучняў былі арганізаваны пушкінскія інфармацыйныя гадзіны, кніжная выстава, радыёгазета і канцэрт візітовак ліцэістаў. Юнакі і дзяўчаты вывучалі клятву і сімволіку ўстановы адукацыі.

165 новых вучняў атрымалі ліцэйскія білеты і прынялі ўдзел у касцюміраваным балі, прысвечаным аднаму дню з жыцця А.С.Пушкіна сярод сваіх сяброў. На сцэне была падрабязна адноўлена эпоха пачатку ХІХ стагоддзя, атмасферу якой выдатна перадавалі тагачасныя прыгожыя мужчынскія касцюмы і жаночыя сукенкі, вырабленыя сваімі рукамі, манера паводзін і мова. Надзвычай цікава прайшлі ў класах пушкінскія ўрокі (“Жанчыны ў жыцці і паэзіі А.С.Пушкіна”, “Ліцэйскія гады А.С.Пушкіна”, “Казкі А.С.Пушкіна”, “Прырода ў паэзіі А.С.Пушкіна” і інш.), дзе вучні чыталі і складалі вершы, расказвалі пра пушкінскія традыцыі ў ліцэі. Гэтыя ўрокі дзеці рыхтавалі пад кіраўніцтвам педагогаў.

На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай дню нараджэння ліцэя, прысутнічала кіраўніцтва Брэста і шэфскіх арганізацый. Сярод запрошаных былі і вядомыя выпускнікі. Першы намеснік старшыні гарвыканкама В.В.Краўчук пажадаў вучням з гонарам захоўваць і прымнажаць ліцэйскія традыцыі, якія выхоўваюць у чалавеку важныя маральныя якасці.

Шмат гледачоў сабраў у Брэсцкім абласным палацы культуры конкурс “Яўгеній Анегін і Таццяна Ларына — 2017” сярод ліцэістаў. 7 пар спаборнічалі ў вальсавым майстэр-стве, веданні бальнага этыкету і ўменні рабіць кампліменты. Пераможцай конкурсу стала пара дзесяцікласнікаў Аліны Кажэўка і Яраслава Дзям’янава. А завяршылася мерапрыемства вялікім ліцэйскім балем.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.