У рамках святкавання 135- гадовага юбілею народнага пісьменніка Якуба Коласа вучні гімназіі Ганцавіч прынялі ўдзел у раённым конкурсе літаратурнага дзіцяча-юнацкага мастацтва “Нас слова паэта да творчасці кліча”. Спаборніцтва праходзіла ў літаратурна-этнаграфічным музеі імя Якуба Коласа ў вёсцы Люсіна.
Перад конкурсам педагогі правялі вялікую работу па вывучэнні творчай спадчыны пісьменніка. Так, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяна Мікалаеўна Шуляк і Ала Іванаўна Клявец падрыхтавалі ўрокі беларускай літаратуры “На паклон да песняра” і “Яшчэ раз пра “Новую зямлю”. Дзякуючы сучасным відэа- і аўдыяматэрыялам, гімназісты азнаёміліся з дакументамі, чарнавікамі, рукапісамі і прыжыццёвымі выданнямі твораў Якуба Коласа, якія знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага архіва Беларусі. Трэба адзначыць, што некаторыя архіўныя дакументы дэманстраваліся ўпершыню, бо доўгі час былі недаступнымі нават для даследчыкаў творчасці пісьменніка. Вучні ўбачылі, што народны пясняр быў не толькі паэтам і празаікам, адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, але і актыўным грамадскім дзеячам, выдатным педагогам, акадэмікам.
Настаўнікі прапанавалі дзецям напісаць вершы і лісты-звароты да пісьменніка, у якіх неабходна было выказаць свае адносіны да яго творчасці. Вось урывак з адной вучнёўскай работы: “Якуб Колас… Для нас гэта не проста выдатны беларускі пісьменнік. З яго імем звязаны дарагія ўспаміны. Канстанцін Міхайлавіч працаваў у нашым палескім куточку, у вёсцы Люсіна. За той час ён пакінуў у памяці нашых землякоў толькі самыя добрыя ўспаміны. Штогод мы з цікавасцю наведваем Літаратурна-этнаграфічны музей імя Якуба Коласа: знаёмімся з цікавымі экспанатамі, слухаем захапляльны аповед пра народнага пісьменніка. Вельмі ўдзячныя юным экскурсаводам за магчымасць дакрануцца да творчай спадчыны таленавітага аўтара…”
Лепшыя чытальнікі вершаў Якуба Коласа сталі ўдзельнікамі раённага конкурсу “Нас слова паэта да творчасці кліча”, дзе паказалі добрыя вынікі. Так, 1-е месца занялі Кірыл Грыцкевіч і Вера Амельяновіч у намінацыі “І каб кожны пачуў тваё слова” (настаўнікі А.І.Клявец і Л.В.Чыркун), Юлія Шкут і Ягор Муха ў намінацыі “Крыніца натхнення” (настаўніца Т.М.Шуляк). На 2-м месцы апынулася Дана Ільіна ў намінацыі “І каб кожны пачуў тваё слова” (настаўніца Ж.А.Падгайская).
З асаблівай цікавасцю гімназісты ўдзельнічалі ў конкурсе буктрэйлераў (кароткіх відэаролікаў), якія рэкламуюць творы Якуба Коласа і заахвочваюць іх прачытаць. Так, Антон Кузьмін, Мікіта Гушчын, Настасся Вайцешык і Кацярына Муха пад кіраўніцтвам бібліятэкара гімназіі Святланы Валянцінаўны Чэкун стварылі кароткаметражны фільм паводле трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. З дапамогай камп’ютарнай графікі хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі перадаць адметнасць мастацкіх вобразаў вядомага твора, каларыт сакавітай коласаўскай мовы. Гэтыя відэаматэрыялы абавязкова будуць выкарыстоўвацца падчас правядзення рэкламных чытацкіх акцый у гімназічнай бібліятэцы.
Прыемна, што, дзякуючы сучасным формам правядзення мерапрыемстваў, абуджаецца цікавасць вучняў да твораў пісьменніка, якія і сёння з’яўляюцца надзвычай актуальнымі.
Наталля АНІШЧАНКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Ганцавіч.