Гавораць экспанаты

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Музей у сельскай школе — гэта сапраўдны даследчы цэнтр, дзе праходзяць урокі любові да сваёй радзімы, павагі да яе людзей і традыцый. Кожны экспанат праходзіць тут праз рукі і сэрца настаўнікаў і вучняў. Гісторыка-краязнаўчы музей Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна называецца “Дубненшчына і яе людзі”.

— Мы хацелі, каб дзеці ведалі свой край і яго гісторыю праз людзей, а любоў да малой радзімы заставалася ў сэрцы незалежна ад таго, дзе будуць жыць нашы выпускнікі, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таісія Мікалаеўна Бутэнка.

Ад 1557 года да нашага часу — такі гістарычны адрэзак адлюстраваны ў 372 экспанатах школьнага музея. “Дубненскія грунты” ўпамінаюцца ў “Пісцовай кнізе Гродзенскай эканомікі”, складзенай у 1557 годзе. Пры апісанні сяла Панямонне (Занёманск) сказана: “Першая бакавая мяжа пачынаецца пад ракою Нёман, уздоўж на поўнач ля засценку да валокаў, дадзеных гэтаму сялу, і ля грунтаў дубненскіх, заканчваецца ля валок Малых Сцяпанішкаў”. Вось з такога факта маленькія дубненцы даведваюцца пра гісторыю сваёй мясцовасці. І было гэта 460 гадоў назад.

Экспазіцыя і экскурсаводы прывядуць яшчэ і такія факты: у 1883 годзе ў Дубне налічвалася 100 дамоў, 590 жыхароў. У 1862 годзе тут адкрылася народнае вучылішча. І было гэта 155 гадоў назад.

Музей складаецца з некалькіх раздзелаў: “Старонкі даўніны”, “Погляд у мінулае”, “Час і людзі”, “Мясцовая гаспадарка ўчора і сёння”, “Дубеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Этнаграфія”, “Свята-Мікалаеўская царква вёскі Дубна”.

Калі вы не ведаеце, чым адрозніваецца гляк ад збана, то ў дубненскім школьным музеі вам не толькі растлумачаць, але і пакажуць і збан, і гляк. А яшчэ раскажуць мясцовыя лягенды “Паходжанне царкоўнага возера”. “Адкуль цыбуля ў вёсцы Дубна”.

— Дзецям ХХІ стагоддзя старажытныя рэчы з хатняга ўжытку незнаёмыя, але ім вельмі цікава знайсці незвычайны экспанат з ранейшага сялянскага побыту, даведацца аб яго прызначэнні ад старэйшых членаў сям’і і прынесці ў музей. Потым з дапамогай настаўніка знайсці матэрыял аб ім, каб цікава правесці экскурсію, — гаворыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Людміла Сцяпанаўна Астапчэня. — Адзін з апошніх экспанатаў — кошык дла захавання вяндліны і іншых мясных прысмакаў на час летніх работ у полі, на сенажаці.

Сучасным выглядам музей абавязаны настаўнікам школы. Афармленне ажыццявіла выхавальнік групы прадоўжанага дня Алёна Раманаўна Яскевіч, чалавек з умелымі рукамі і творчай фантазіяй. Не застаюцца ўбаку і бацькі вучняў. Бацька Данілы Радзюка зрабіў драўляныя макеты танка, кулямёта і падарыў музею — яны вельмі цікавяць самых юных наведвальнікаў.

Прыходзяць у музей вучні і з іншых школ Мастоўскага раёна, абавязкова прыводзяць сюды гасцей мясцовай гаспадаркі, аб станаўленні і развіцці якой, знакамітых працаўніках таксама раскажуць школьныя экскурсаводы.

— Пошукавая і даследчая работа, падрыхтоўка матэрыялаў для правядзення экскурсій — без гэтага немагчыма дзейнасць музея, — гаворыць дырэктар школы Лілія Канстанцінаўна Пусь. — У школу прыходзяць лісты ад сваякоў людзей, ваенны лёс якіх звязаны з нашымі мясцінамі. Мы вядзём з імі перапіску і дапамагаем адшукаць звесткі аб іх блізкіх.

Заснавальнікам музея з’яўляецца Марыя Іванаўна Габец, былая настаўніца гісторыі, а зараз пенсіянерка. Падчас збору матэрыялу для экспазіцый, якія паказваюць часы Вялікай Айчыннай вайны, яна наладзіла перапіску з ветэранамі 348-й Бабруйскай ордэнаў Чырвонага Сцяга і Кутузава 2-й ступені стралковай дэвізіі Лазарам Абрамавічам Агранатам і Уладзімірам Уладзіміравічам Палонскім. Гэтая дывізія ўдзельнічала ў баявых аперацыях па вызваленні Мастоўскага раёна ад нямецкіх акупантаў, у тым ліку і дубненскай зямлі.

Старшакласніцу Аляксандру Сядач зацікавіла гісторыя мясцовых ручнікоў. У выніку была зроблена даследчая работа “Асаблівасці дубненскага ручніка” і падрыхтавана экскурсія, а яшчэ зроблены цікавы каляндар з выявамі вырабаў, якія прадстаўлены ў музеі.

— Я пазнаёмілася з дубненскім ручніком як прыкладам высокамастацкага ткацтва, выявіла шмат асаблівасцей дубненскага ручніка, а таксама пазнаёмілася з тэхналогіяй вырабу і яго прызначэннем, — расказвае Аляксандра. — Раней ручнік абавязкова прысутнічаў на найбольш важных, пераломных этапах жыццёвага шляху чалавека. Але, на жаль, зараз яго рэдка сустрэнеш у штодзённым жыцці моладзі. Таму гэтая навуковая работа была вельмі цікавай і захапляльнай для мяне і пакінула глыбокі адбітак у маім сэрцы.
Музей у Дубненскай сярэдняй школе развіваецца. У планах — арганізоўваць “Выставы аднаго дня” з паказам экспазіцыі паштовак, навагодніх цацак.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.