Анёл шчучынскага палаца

- 10:51Людзі адукацыі

Усё лепшае — дзецям. Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі знаходзіцца зараз у адным з самых лепшых будынкаў горада. Адноўлены палац Друцкіх-Любецкіх стаў візітнай карткай горада, месцам, дзе таленты дзяцей развіваюцца ў атмасферы ўзнёсласці, традыцый і хараства. Больш за чвэрць стагоддзя кіруе творчай установай Ірына Пятроўна Дзегцярова. Усё яе жыццё прысвечана рабоце з дзецьмі.

Педагог па адукацыі — скончыла спачатку тагачаснае Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў і піянерскі важаты”, потым Калінінградскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Настаўнік геаграфіі”, перавагу аддала выхаваўчай рабоце. Пачынала піянерважатай у Жалудоцкай школе, потым працавала ў сярэдняй школе № 2 Шчучына, метадыстам у Доме піянераў і школьнікаў. Затым стала яго дырэктарам.

Зараз Шчучынскі палац творчаці дзяцей і моладзі наведваюць 2300 дзяцей, тут працуюць 80 педагогаў. Прыходзяць сюды дашкольнікі і дарослыя. Шматпрофільная ўстанова дае магчымасці ўсім развіваць свае таленты, цікава і з карысцю арганізаваць вольны час.

— Калі ў 2015 годзе мы атрымалі такі падарунак — сапраўдны палац, то, з аднаго боку, была вялікая радасць, што нашы таленавітыя дзеці і таленавітыя педагогі атрымалі дастойныя ўмовы для работы, з другога — была і вялікая адказнасць, як гэтую жамчужыну напоўніць адпаведным зместам, — гаворыць Ірына Пятроўна.

І напаўняюць: павялічылася колькасць аб’яднанняў па інтарэсах з 65 у мінулым навучальным годзе да 81 у бягучым. Толькі ў мінулым навучальным годзе творчыя калектывы і навучэнцы прынялі ўдзел у 47 міжнародных мерапрыемствах і атрымалі 47 узнагарод, былі ўдзельнікамі 69 рэспубліканскіх мерапрыемстваў і прывезлі ў Шчучын 49 дыпломаў, 56 адзнак атрымалі пасля ўдзелу ў 67 абласных мерапрыемствах. Па выніках работы за мінулы навучальны год Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам у рэйтынгу ўстаноў дадатковай адукацыі вобласці, а план пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 200 працэнтаў. Было праведзена 75 масавых мерапрыемстваў, удзел у якіх прынялі амаль 12 тысяч чалавек.

Ёсць сярод выхаванцаў палаца і чэмпіён свету. У жніўні 2017 года навучэнцы гуртка спартыўных адзінаборстваў Ілья Сырыцкі і Андрэй Варонік пад кіраўніцтвам Уладзіміра Шурупава ў складзе зборнай каманды Беларусі прынялі ўдзел у маладзёжным першынстве свету, якое праходзіла ў Тайландзе. Ілья стаў чэмпіёнам свету, Андрэй — бронзавым прызёрам у сваіх узроставых групах. А зусім нядаўна квартэт узорнай студыі “Красавік” стаў лаўрэатам І ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу NEW STYLE, квартэт у складзе Паліны Бекіш, Кацярыны Раманавай, Надзеі Санько і Валерыі Кос пад кіраўніцтвам Святланы Аляксеевай перамог таксама ў намінацыі “Эстрадны вакал. Ансамблі” Міжнароднага конкурсу “Крыштальны васілёк — 2017”.

— Вялікая заслуга ў гэтым нашых педагогаў, — гаворыць Ірына Пятроўна. — У нас зусім малая цякучасць кадраў, і мы гэтым ганарымся. Павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў таксама пад павышанай увагай — метадычная работа з педагогамі дадатковай адукацыі накіроўваецца на засваенне і выкарыстанне тэхналогіі педагагічнай дзейнасці па стварэнні эфектыўнай сістэмы выяўлення, падтрымкі і навучання адораных дзяцей у сферы дадатковай адукацыі. Рэалізавалі метадычны праект з аднайменнай назвай.

Тут працуюць з усімі дзецьмі, не дзелячы на таленавітых і не вельмі. Ахоп гуртковай работай дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, склаў 67 працэнтаў, якія стаяць на ўліку ў ІСН — 74 працэнты. Для іх створана аб’яднанне “Адносіны”. Для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Алены Калеснікавай працуе гурток “Арыгінальная лепка”.

— Ірына Пятроўна не загадвае, а прапаноўвае, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Карэцкая. — Яе ўласны прыклад — прыгожая, падцягнутая, заўсёды з ідэямі, ва ўсё ўнікае — натхняе калектыў. Напрыклад, калі ішоў рамонт палаца, выхад на сцэну быў прадугледжаны толькі з глядзельнай залы. Ірына Пятроўна шмат сіл прыклала для таго, каб перарабіць праект. Яна ўсё давядзе да таго, каб было зручна, прыгожа. Ну, як не адгукнуцца, калі размова з падначаленымі часта пачынаецца ў дырэктара са слоў: “Дарагія мае дзяўчаты…”?!

Таксама ў палацы ствараюць музей. Зараз тут ужо працуе некалькі экспазіцый, ёсць 113 экспанатаў. Экскурсіі для ўсіх жадаючых праводзяць выхаванцы палаца. Завяршыць работу плануюць у 2019 годзе.

А яшчэ Ірына Пятроўна танцуе. У палацы Друцкіх-Любецкіх праходзяць балі. Адроджаная традыцыя вельмі спадабалася гараджанам, і дырэктар палаца паказвае прыклад, абавязкова ўдзельнічае ў такіх святочных мерапрыемствах. Яшчэ адна традыцыя Шчучына — гэта танец выпускнікоў школ на цэнтральнай плошчы, а вучаць іх прыгожа танцаваць таксама ў палацы творчасці. Для кожнай навучальнай установы — свой танец. Але самы любімы ў дзяцей і ў Ірыны Пятроўны — вальс.

— Люблю назіраць, як па вечарах хлопцы і дзяўчаты развучваюць класічныя танцы, якія яны прыгожыя, — гаворыць Ірына Пятроўна. — Палац напаўняецца аўрай маладосці і творчасці. Радуюся поспеху кожнага дзіцяці. Я вельмі люблю сваю работу. А калі любіш сваю работу, то будзеш шчаслівы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.