У плоскасці беларускіх культурных традыцый і кітайскіх мудрасцей

- 10:59Адукацыйная прастора

Цікава вучыцца ў школе з багатай гісторыяй. Неверагодныя адчуванні застаюцца нават ад наведвання такой школы. Будучы ў камандзіроўках, перажывала гэта не раз. Адно з такіх адчуванняў шмат гадоў назад пакінула сталічная гімназія № 23 з беларускай мовай навучання. Вяртаючыся ў тыя першыя ўражанні, я і цяпер хачу гаварыць пра атмасферную камернасць і беларуска-кітайскі дух адметнай установы. Дарэчы, гэта адзіная беларускамоўная гімназія ў краіне, дзе вывучаецца кітайская мова.

Думаю, не памылюся, калі адзначу, што 23-я гімназія адна з нямногіх, дзе можна адчуць дух цэлай эпохі. На мінулым тыдні навучальная ўстанова адсвяткавала 95-гадовы юбілей. Восенню 1922 года пачала працаваць 23-я яўрэйская школа. У 1931 годзе на шыльдзе школы з’явіўся надпіс “Мінская політэхнічная фабрыка-заводская сямігадовая школа № 23”. Будынак, у якім зараз знаходзіцца гімназія, узведзены ў 1936 годзе.

З 1940 года ў будынку было размешчана вучылішча па падрыхтоўцы ваенных лётчыкаў, курсанты якога ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічалі ў абароне Мінска. У гады вайны ў будынку школы быў размешчаны ваенны шпіталь. У справаздачы ГАРАНА па выніках работы школ горада за 1945/1946 навучальны год у ліку найлепшых дырэктараў названы дырэктар школы № 23 Георгій Мікітавіч Лявонаў.

16 кастрычніка 1946 года школа № 23 стала 23-й рускамоўнай жаночай сярэдняй школай. Пасля 1950 года навучанне вялося на беларускай мове, таксама вывучаліся руская, нямецкая і французская мовы. А з 1955 года ў школе пачалі вучыцца і юнакі. Ішоў час. Разам са зменамі ў грамадскім жыцці краіны мяняліся і падыходы да навучання. Мянялася і школа. Рашэннем Мінгарвыканкама ад 18 чэрвеня 2002 года на базе сярэдняй школы № 23 Савецкага раёна Мінска была адкрыта гімназія з беларускай мовай навучання, у якой таксама невялікі юбілей — 15 гадоў.

Гімназія сёння — гэта зладжаны вучнёўска-педагагічны калектыў з шырокімі замежнымі сувязямі. 11 гадоў прайшло з таго моманту, як у гімназіі пачалі вывучаць кітайскую мову. Лепшыя вучні ў вывучэнні кітайскай з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэта ўжо выпускнікі Софія Яблонская і Касандра Шахаб. Спецыяльным фондам адзначана і настаўніца кітайскай мовы Кацярына Уладзіміраўна Макоска, якая актыўна дапамагае гімназістам заваёўваць медалі на алімпіядах і конкурсах. Сёлета навучэнка гімназіі Лізавета Гаруновіч прадстаўляла нашу краіну на Міжнародным конкурсе “Мост кітайскай культуры”.

У гімназіі дзейнічае кабінет Канфуцыя, працуе кабінет кітайскай мовы. Асноўнымі кірункамі дзейнасці кабінета Канфуцыя з’яўляюцца выкладанне кітайскай мовы, правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных вывучэнню кітайскай культуры і традыцый, арганізацыя паездак у Кітай па абмене вопытам, распрацоўка метадычных матэрыялаў і электронных сродкаў навучання па кітайскай мове.

Дзеці кітайскую мову ўспрымаюць, разумеюць, карыстаюцца ёй, а педагагічнаму калектыву навучальнай установы на чале з Ірынай Пасюкевіч ужо шмат гадоў удаецца гарманічна спалучаць беларускія культурныя традыцыі і кітайскую мудрасць. Віншуючы гімназію з юбілеем, і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, і работнікі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, і прадстаўнікі камітэта па адукацыі, МГІРА, кіраўніцтва упраўлення адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, і бацькі гаварылі пра непаўторны дух гімназіі — гасціннасці, сяброўства і глыбокай узаемапавагі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.