VI Міжнародны фестываль “Знаўцы Расіі і рускай мовы” прайшоў у Маскве і аб’яднаў школьнікаў з усяго свету, якія вывучаюць рускую мову. Свае веды на мерапрыемстве прадэманстравалі і навучэнцы з Беларусі.
Фестываль складаецца з двух тураў. Спачатку свае работы ўдзельнікі прадставілі на завочны тур, а потым самыя годныя (з больш чым 280 заяўленых) праекты трапілі ў вочны тур, які прайшоў у Маскве. У вочным этапе ўзялі ўдзел 70 школьнікаў з 18 краін свету (Аўстраліі, В’етнама, Турцыі, Даніі, Італіі, Балгарыі, Расіі, Беларусі, Эстоніі, Казахстана і іншых).
Фестываль уключаў у сябе тры конкурсы: “Знаўцы рускай мовы, гісторыі і культуры Расіі”, дзе школьнікі, выконваючы розныя заданні, дэманстравалі свае веды па тэме, а таксама пісалі эсэ і сачыненні; конкурс чытальнікаў-выканаўцаў “Вялікае рускае слова”; конкурс малюнкаў “Душа Расіі”. Беларусь прадстаўлялі каманды з Магілёўскай і Мінскай абласцей.
У статусе пераможцаў конкурсу вярнуліся дадому навучэнкі гімназіі № 4 Магілёва Анастасія Латоціна, якая атрымала дыплом І ступені ў намінацыі “Вялікае рускае слова”, Елізавета Агінская, якая ўдастоена дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Знаўцы рускай мовы, гісторыі і культуры Расіі”. Дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Душа Расіі” ўзнагароджана навучэнка сярэдняй школы № 9 Маладзечна Анастасія Чаркасава.
Годна выступілі ў розных конкурсных намінацыях фіналу навучэнцы Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Ангеліна Слабко, Аляксандра Шаманава, Віталіна Віннік, Уладзіслаў Прымакоў і Мікалай Наруць. Таксама фіналістамі сталі Паліна Нікановіч, Кацярына Пашкевіч, Вікторыя Ушакевіч з сярэдняй школы № 9 Маладзечна. У ліку фіналістаў заслужана апынуліся навучэнцы гімназіі № 4 Магілёва Аляксандра Баравікова, Міхаіл Лепля, Дар’я Нікіпарава, Ульяна Гаўрылава, Сабіна Зубец, Марыя Прасмыцкая, Аліна Махаўцова, Данііл Феакцістаў.
Дайсці да фіналу і годна выступіць вучням дапамагалі іх настаўнікі: педагогі Сноўскай сярэдняй школы Іна Рычардаўна Віннік, Вольга Уладзіміраўна Гуціева, Аляксей Аляксандравіч Дунчанка. Канкурсантаў з Маладзечна падрыхтавала Інеса Львоўна Верамей, а магілёўскую каманду — Алена Міхайлаўна Анішчанка.
На фестывалі беларускія школьнікі змаглі не толькі паказаць свае веды, але і атрымаць новыя ўражанні: арганізатары падрыхтавалі надзвычай цікавую і пазнавальную праграму. Так, навучэнцы наведалі 3D- майстар-класы і выставу “Тэхнасфера сучаснай школы”, урок у музеі “Мастацкая культура і сядзібны побыт Расіі XVIII стагоддзя”, пабывалі ў цэнтры “Мастерславль”, музеі хлеба і жывым музеі народных мастацтваў у Ізмайлаўскім крамлі, паглядзелі спектакль у Цэнтральным акадэмічным тэатры Расійскай арміі.
Завяршыўся фестываль гала-канцэртам і выставай творчых работ пераможцаў і фіналістаў. На гала-канцэрце беларускія ўдзельнікі прадэманстравалі, што ведаюць і паважаюць і рускую культуру, і родную. Ангеліна Слабко, Аляксандра Шаманава і Віталіна Віннік прадставілі на сцэне творчы нумар у беларускіх нацыянальных касцюмах.
Дар’я РЭВА.
Фота з архіва ўдзельнікаў фестывалю.