Сёння робаты працуюць на прадпрыемствах, дапамагаюць ваенным, праводзяць хірургічныя аперацыі, выступаюць на сцэне і нават лятаюць у космас. Робат-нянька, робат-прыбіральшчык, робат-футбаліст, робат-манекеншчык і робат-настаўнік — усё гэта ўжо зараз створана і працуе. Цікавасць да стварэння аўтаматызаваных памочнікаў чалавека існуе — аб гэтым сведчыць вялікая колькасць вучоных, інжынераў, якія працуюць над стварэннем робатаў. І цікавасць гэтая будзе расці — аб гэтым сведчыць вялікая колькасць дзяцей, якія спрабуюць сябе ў робататэхніцы. Менавіта іх сабраў абласны конкурс “Дарога ў будучыню”, які прайшоў на Міншчыне.
Абласны конкурс па робататэхніцы прайшоў трэці раз. 69 школьнікаў зноў сабраліся ў БНТУ, на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі — адзіным у нашай краіне цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай сферы. У канкурсантаў была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з работай факультэта падчас экскурсіі ў лабараторыі, дзе студэнты факультэта мадэлююць, ствараюць і праграмуюць робатаў.
Конкурс праводзіўся ў адкрытым фармаце і, акрамя навучэнцаў з Мінскай вобласці, яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі Брэсцкай вобласці і сталіцы.
Браць удзел у конкурсе маглі школьнікі любога ўзросту, але выступалі яны ў розных намінацыях. Самыя маленькія аматары робатаў — вучні пачатковых класаў — удзельнічалі ў конкурсе ў кірунку “Робататэхніка”. Кожнаму з іх выдалі аднолькавыя наборы дэталей і інструкцыю. Перад імі стаяла задача стварыць па інструкцыі мадэль так, каб яна выконвала пэўную праграму. Трэба было, каб мадэль і яе рух не толькі адпавядалі заданню, але і былі зроблены як мага хутчэй. Дарэчы, многія дзеці прадэманстравалі надзвычайны прафесіяналізм і спрытнасць, выканаўшы ўсе патрабаванні вельмі хутка. Ім прапанавалі дадатковае заданне павышанай складанасці — сабраць мадэль па малюнку. У гэтым кірунку пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І ступені сталі адразу трое: Аліна Голік, навучэнка санаторнай школы-інтэрната № 9 Мінска, Сямён Дарошка, які вучыцца ў сярэдняй школе № 11 Салігорска, і Кірыл Івановіч, навучэнец негарэльскай базавай школы № 2 Дзяржынскага раёна.
Кожную хвіліну зала напаўнялася крыкамі радасці і расчаравання — так праходзілі найбольш эмацыянальна напружаныя спаборніцтвы па міні-сумо. Робаты-сумаісты, загадзя сканструяваныя навучэнцамі, парамі выходзілі на круглую пляцоўку для барацьбы, каб паспрабаваць выціснуць праціўніка з гэтай пляцоўкі. Робат, якому гэта ўдавалася, станавіўся пераможцам. Стварыць такога робата няпроста, трэба ўлічыць мноства фактараў — вагу, памер, канструкцыю. На вынік бою магла паўплываць любая дэталь. Перамогу ў міні-сумо святкаваў Серафім Нікончык, навучэнец гімназіі-інтэрната Мядзела.
Самае складанае заданне прапаноўвалася канкурсантам у напрамку “Траекторыя”. Ім трэба было запраграмаваць загадзя сабранага робата так, каб ён мог прайсці па зададзенай траекторыі за як мага карацейшы адрэзак часу. Траекторыя прапаноўвалася няпростая: з прамымі, крывымі, зігзага- і дугападобнымі лініямі, скрыжаваннямі, паваротамі, перарывістымі і інверснымі элементамі. Найлепш з гэтым заданнем справіўся Максім Паньковіч, які вучыцца ў гімназіі № 1 Барысава.
На конкурсе сабраліся навучэнцы рознага ўзросту і з розным вопытам канструявання і ўдзелу ў конкурсах. Напрыклад, Маргарыта Тулуп, першакласніца гімназіі Фаніпаля, займалася канструяваннем дома разам з бацькамі. Яе маці, Таццяна Іванаўна, расказвае, што, заўважыўшы цікавасць дачкі да канструктараў, набылі спецыяльны набор для заняткаў. Пяцікласнік Мікіта Хмель, навучэнец сярэдняй школы № 2 Дзяржынска, таксама з ранняга дзяцінства цікавіўся канструктарамі. Ён некалькі месяцаў займаецца робататэхнікай у аб’яднанні па інтарэсах, якое працуе ў школе. На конкурсе дэбютаваў адразу ў самым складаным спаборніцтве — “Траекторыя” — і быў самым маладым яе ўдзельнікам. А трэцякласнік Валянцін Германовіч, нягледзячы на юны ўзрост, — вопытны канкурсант і робататэхнік. Ён ужо некалькі гадоў займаецца ў школе развіцця дзяцей “Калейдаскоп”, што дзейнічае ў МАІРА. Пачынаў з LEGO-канструявання і цяпер займаецца LEGO-праграмаваннем. Ён быў удзельнікам першага конкурсу “Дарога ў будучыню”, сёлета выступаў другі раз у міні-сумо. Усе канкурсанты вельмі розныя, але кожнаму з іх конкурс прынёс задавальненне і карысць. Таму конкурс будзе існаваць і развівацца далей.
— Пачынаючы конкурс тры гады назад, мы мелі пэўныя сумненні, наколькі актыўна будуць браць удзел у ім дзеці, — расказвае рэктар МАІРА Святлана Уладзіміраўна Сітнікава. — Але сёння відавочна, што такія спаборніцтвы запатрабаваны. Конкурс на вачах маладзее — канструяванне і робататэхніка цікавыя нават самым маленькім. Конкурс выйшаў за рамкі Мінскай вобласці, і мы рады вітаць на спаборніцтвах дзяцей з Брэстчыны і Мінска. Радуе, што наогул робататэхніка развіваецца ў вобласці. Актыўна ў гэтым кірунку працуюць Дзяржынскі, Мядзельскі, Салігорскі раёны. У той жа час у сувязі з узрастаючай цікавасцю да гэтага занятку мы разумеем, што неабходна вялікая работа па падрыхтоўцы педагогаў. І сёння для гэтага ўжо прымаюцца пэўныя меры, у планах іх яшчэ больш. Тым больш што ставім перад сабой амбіцыйныя мэты — удзел у міжнародных спаборніцтвах. Ёсць у нас і моцныя педагогі, і таленавітыя дзеці, і зацікаўленыя бацькі. Так што, упэўнена, усё ў нас атрымаецца!
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.