Святам прыгажосці, грацыі і творчасці стаў фінал ІІ Адкрытага раённага фестывалю-конкурсу “Арт-подыум”, які прайшоў у Ганцавіцкім гарадскім Доме культуры.
У рамках мерапрыемства былі праведзены майстар-класы па пастаноўцы дэфіле, стварэнні цэласнага вобраза мадэлі, асновах сцэнічнага макіяжу і фотасесіі. Майстар-класы сталі пляцоўкай для знаёмства юных мадэлей і мадэльераў, творчых зносін і абмену вопытам.
На суд гледачоў і журы былі прадстаўлены 16 арыгінальных калекцый адзення, падрыхтаваных установамі адукацыі Ганцавіцкага і Баранавіцкага раёнаў. Калекцыі прэзентавалі 101 юная мадэль і 11 фатографаў. Убачанае нікога не пакінула раўнадушным, бо ў аснове паказаных мадэлей адзення ляжалі сумесная праца і бязмежная фантазія педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Акцёрскаму майстэрству і ўмеламу дэфіліраванню ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу маглі пазайздросціць нават зоркі мадэльнага бізнесу. Кожнае дэфіле ўяўляла сабой невялікую тэатралізацыю, накіраваную на раскрыццё аўтарскай задумы. Вобразы мадэлей удала дапаўнялі дызайнерскія аксесуары, адмысловыя прычоскі і макіяж.
Лепшыя калекцыі падрыхтавалі прадстаўнікі ясляў-сада № 7 Ганцавіч (“Рознакаляровы карагод”), Навамышскага ясляў-сада Баранавіцкага раёна (“Палітра прыроды”), Любашаўскага ясляў-сада — пачатковай школы Ганцавіцкага раёна (“Чырвона-белая феерыя”), сярэдняй школы № 3 Ганцавіч (Jardin floreciente і “Чырвонае і чорнае”), Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч (“Сінявокая Беларусь” і “Міраслава”), Будчанскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна (“Вясняначка”) і Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці (“Сны Мірскага замка”).
Лепшымі мадэлямі сталі Паліна Кнурэнка з ясляў-сада № 4 Ганцавіч, Ганна Бялова з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч і Хрысціна Бондар з Круговіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна. Лепшымі фатографамі прызнаны Іна Каркотка з сярэдняй школы № 2 Ганцавіч, Любоў Ясько з Люсінскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Якуба Коласа Ганцавіцкага раёна і Настасся Вайцешык з гімназіі Ганцавіч.
Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама.