Напярэдадні калядных свят на Міншчыне адбылася вялікая размова аб духоўнасці. Прадстаўнікі розных сфер дзейнасці сабраліся разам на ІІІ Барысаўскіх калядных рэгіянальных адукацыйных чытаннях, каб абмеркаваць тэму “Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва”.
Мерапрыемствы трэці год запар праводзяцца Мінскім аблвыканкамам і Барысаўскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы. Першыя чытанні праходзілі ў Барысаве, другія — у Жодзіне. Трэція гасцінна прымалі Смалявічы.
Пытанне маральнасці, духоўнасці нашага грамадства хвалюе многіх, таму ў чытаннях прыняло ўдзел шырокае кола спецыялістаў: прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, сілавых структур, святары, дзеячы культуры, навукі і адукацыі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі і інш. У рамках мерапрыемства працавала некалькі секцый — секцыя ўстаноў культуры, “Царква і СМІ”, “Вопыт супрацоўніцтва з установамі аховы здароўя”, “Вопыт сацыяльнага служэння”. Для работнікаў сферы адукацыі працавалі адразу дзве секцыі: сямейнага выхавання і дашкольных устаноў, а таксама агульнаадукацыйных устаноў, устаноў пазашкольнага выхавання і навучання, сацыяльна-педагагічных устаноў.
Поспех — ва ўзаемадзеянні
На Міншчыне вядзецца актыўная і шырокамаштабная работа па прывіцці маладому пакаленню маральных каштоўнасцей. Галоўны памочнік і надзейная апора ў гэтым — Беларуская Праваслаўная Царква. Мінскім аблвыканкамам і Мінскай мітраполіяй БПЦ падпісана і рэалізоўваецца праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2015—2020 гады. У аддзелах адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў вобласці і ва ўстановах адукацыі распрацаваны праграмы супрацоўніцтва з епархіямі і благачыннямі. Падпісаныя пагадненні прадугледжваюць шэраг мерапрыемстваў.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці па запытах навучэнцаў і іх бацькоў арганізаваны факультатыўныя заняткі па асновах праваслаўнай культуры і духоўна-маральным выхаванні, праводзяцца тэматычныя тыдні, прысвечаныя ролі сям’і ў маральным выхаванні дзяцей, бацькоўскія сходы, кансультацыі для бацькоў па пытаннях выхавання духоўнай культуры моладзі. На гэтыя мерапрыемствы запрашаюцца служыцелі БПЦ.
У кожным раёне Мінскай вобласці і ў Жодзіне створаны рэсурсныя цэнтры па духоўна-маральным выхаванні. Навукова-метадычная работа такіх цэнтраў накіравана на папулярызацыю інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі па выхаванні падрастаючага пакалення, абагульненне і апісанне вопыту інавацыйнай дзейнасці. У вобласці рэалізоўваецца 3 інавацыйныя і 5 педагагічных праектаў па духоўна-маральным выхаванні.
Актыўна далучаюцца да гэтай работы педагогі. Для іх арганізаваны раённыя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў факультатыўнага курса “Асновы праваслаўнай культуры”. За гэту справу бяруцца людзі з чыстымі сэрцамі і думкамі, гатовыя працаваць самааддана, шчыра. Адна з іх — Наталля Аляксееўна Белікава, настаўніца ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава. Яна ўзнагароджана граматай Патрыяршага Экзарха за ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе ў галіне педагогікі, выхавання і работы з дзецьмі і моладдзю да 20 гадоў “За маральны подзвіг настаўніка”, які ўпершыню быў арганізаваны ў Беларусі.
Функцыю інфармацыйных цэнтраў духоўна-маральнага выхавання выконваюць бібліятэкі ўстаноў адукацыі, якія пастаянна папаўняюць свае фонды літаратурай адпаведнай тэматыкі. Штогод яны ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Па выніках конкурсу ў гэтым годзе бібліятэка Салігорскага дзяржаўнага каледжа заняла 3-е месца ў адной з намінацый.
Рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні
На базе ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. Аб яго дзейнасці расказала ўдзельнікам чытанняў дырэктар ВПК Таццяна Мікалаеўна Пракапенкава.
Яслі-сад — сярэдняя школа № 24 Барысава з 2003 года з’яўляецца эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі для рэалізацыі праектаў духоўна-маральнага зместу. Сёння ўстанова працуе над рэалізацыяй рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.
У рабоце над праектамі ствараўся і назапашваўся вопыт правядзення факультатыўных заняткаў і арганізацыі сістэмы выхаваўчай работы калектыву. Падчас правядзення факультатываў у падлеткаў фарміруецца культура адносін у сям’і, яны вучацца спосабам узаемадзеяння з навакольнымі на аснове традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, што сталі нацыянальнымі рысамі характару беларускага народа, такіх як любоў да блізкага, талерантнасць, працавітасць, законапаслухмянасць і інш. Заняткі праводзяцца па праграмах, распрацаваных сумесна з Цэнтрам праваслаўнай асветы прападобнай Ефрасінні Полацкай.
Работа рэсурснага цэнтра накіравана на выхаванне маральных асноў, традыцыйных каштоўнасцей у дзяцей, педагогаў і бацькоў. І гэтая работа шматгранная. Так, у мінулым навучальным годзе на базе рэсурснага цэнтра арганізавана правядзенне курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў раёна ў рамках падрыхтоўкі іх да выкладання факультатыву “Асновы праваслаўнай культуры”. Курсы праходзяць і сёлета — у вочнай форме ў канікулярны час. Значная ўвага ўдзяляецца таксама рабоце па павышэнні псіхолага-педагагічнай культуры бацькоў, прапагандзе вопыту паспяховага сямейнага выхавання. Мноства праграм, мерапрыемстваў адрасавана навучэнцам.
Сумесна з адукацыйным Цэнтрам прападобнай Ефрасінні Полацкай супрацоўнікі рэсурснага цэнтра працуюць над вучэбна-метадычным комплексам для факультатыўных заняткаў па асновах праваслаўнай культуры. Ужо створаны рабочыя сшыткі для вучняў 1—4 класаў, дапаможнік для настаўнікаў “Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў на праваслаўных традыцыях беларускага народа”, электронны сродак навучання “Дыдактычныя матэрыялы для настаўнікаў і вучняў 1—4 класаў”.
Паспяхова рэалізоўваецца для навучэнцаў і педагогаў сумесны праект па праваслаўным краязнаўстве “Святыні Беларусі”. Навучэнцы, бацькі і педагогі ўстаноў адукацыі маюць магчымасць удзельнічаць у экскурсіях і паломніцкіх паездках. Школьнікі раёна ўжо больш за 10 гадоў могуць адпачыць і аздаравіцца летам у профільных лагерах праваслаўнага краязнаўства. Дзякуючы гэтаму назапашваецца вопыт духоўнага, псіхічнага і фізічнага аздараўлення дзяцей: знаёмства з духоўнымі і гістарычнымі святынямі Беларусі, фарміраванне паняцця “святыні”, выхаванне паважлівага стаўлення да людзей і да прыроды, прывіццё навыкаў сумеснага пражывання на аснове правіл хрысціянскай маралі, развіццё творчай ініцыятывы і актыўнай жыццёвай пазіцыі.
З мэтай захавання і падтрымання лепшых нацыянальных і сямейных традыцый для навучэнцаў кожны год праводзяцца адукацыйныя Стрэчанскія чытанні “Мой род — мой народ”. Традыцыйнымі сталі і штогадовыя адукацыйныя Свята-Уваскрасенскія барысаўскія педагагічныя чытанні, што ладзяцца ў рамках месячніка “Дні праваслаўнай кнігі”.
Педагогі рэсурснага цэнтра ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне навучэнцаў і педагогаў раёна пры падрыхтоўцы да ўдзелу ў разнастайных міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах па асновах праваслаўнай культуры. Напрыклад, з 2016 года рыхтуюць сумесную каманду школ Барысаўскага раёна і нядзельных школ Барысаўскай епархіі для ўдзелу ў міжнародных турнірах па інтэлектуальных гульнях “Фавор” для школьнікаў-знаўцаў асноў праваслаўнай культуры і хрысціянскай этыкі. Аналагічны турнір, але для навучэнцаў школ Барысаўскай епархіі, прайшоў у пачатку гэтага года ў рэсурсным цэнтры ў Барысаве. Ідзе падрыхтоўка да другога епархіяльнага-інтэлектуальнага турніру. Сумесна з прыходам храма ў імя Святога Георгія Перамаганосца рэсурсны цэнтр вядзе работу ў рамках лігі “Здаровая маладосць”, якая ўключае ў сябе 10 навучальных устаноў горада, дзе займаюцца 250 навучэнцаў. Праводзяцца пяць турніраў, прымеркаваных да дзён праваслаўных свят: Пакроўскі, Калядны, Велікодны турніры і інш.
У дні вясновых канікул цэнтр праводзіць штогадовы кінафестываль “Прамяністы Анёл” у рамках тыдня “Дні добрага кіно”. Для паказу выбіраюцца кінастужкі духоўна-маральнай тэматыкі, якія сцвярджаюць ідэалы дабра, справядлівасці, прыгажосці і чалавекалюбства.
У абласным рэсурсным цэнтры назапашана вялікая колькасць карысных матэрыялаў, якімі цэнтр ахвотна дзеліцца з педагогамі вобласці.
Вопыт рэгіёнаў
На чытаннях быў прадстаўлены вопыт работы розных раёнаў і ўстаноў адукацыі вобласці. Так, у пачатковай школе №1 Беразіна для духоўна-маральнага выхавання дзяцей выкарыстоўваюць праектна-даследчую дзейнасць. Аб гэтым расказала намеснік дырэктара школы Таццяна Іванаўна Яфіменка. У гэтым навучальным годзе ўстанова ўключылася ў работу інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўна-маральнай і культурнай спадчыны”. Дзеці даследуюць святыні сваёй малой радзімы — Бярэзінскага раёна, сямейныя праваслаўныя традыцыі, дзіцячую праваслаўную літаратуру. Зараз працуюць над дзвюма работамі: “Абліччы Багародзіцы ў храмах Бярэзіншчыны” і “Здабытыя святыні”. Правёўшы анкетаванне сярод навучэнцаў, бацькоў, а таксама дзядуляў і бабуль, стваральнікі праектаў высветлілі, што многія з апытаных ведаюць мала або наогул нічога не ведаюць аб мясцовых храмах. Гэта падштурхнула да ідэі распрацоўкі экскурсійнага маршруту па храмах Бярэзінскага раёна. Завяршэннем работы стала створаная Google-карта святынь Беразіна і раёна. Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей не будзе паспяховым, калі ў яго не прыцягваць сям’ю. Таму ў школе быў таксама распачаты праект “Праваслаўны каляндар маёй сям’і”.
Яшчэ адна цікавая ініцыятыва, якая з’явілася ў згаданай установе, — акцыя “15 хвілін духоўна-маральнага чытання”. Яна праводзіцца штотыдзень усімі класнымі кіраўнікамі школы. Для гэтага падабрана спецыяльная літаратура. Вынікам акцыі будзе стварэнне творчых праектаў рознага ўзроўню складанасці, якія навучэнцы прадставяць падчас правядзення Тыдня праваслаўнай кнігі.
Было чым падзяліцца з калегамі і прадстаўнікам Смалявіцкага раёна. Напрыклад, у Азярыцкаслабадской сярэдняй школе наладжаны цесны кантакт з прыходам храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы, што знаходзіцца ў аграгарадку Азярыцкая Слабада. Служыцелі храма — частыя госці школы і актыўныя ўдзельнікі і ініцыятары разнастайных мерапрыемстваў. А іх праводзіцца мноства. Стала добрай традыцыяй ярка і цікава адзначаць святы праваслаўнага календара — Пакровы, Каляды, Вялікдзень. Да гэтых дат прымеркаваны выставы, канцэрты, тэатралізаваныя прадстаўленні, вечары, літаратурна-мастацкія кампазіцыі і інш. А ў дзень памяці Святых Пятра і Фяўронні школьнікі і педагогі арганізавалі для ўсіх жыхароў аграгарадка сапраўднае свята сям’і, якое прайшло на Цэнтральнай плошчы.
Цудоўным прыкладам для мясцовых школьнікаў з’яўляюцца настаўнікі — годныя, шчырыя людзі. З ліку школьных педагогаў быў створаны царкоўны хор. Спяваюць настаўнікі не толькі на службах у храме, але і часта выступаюць перад школьнікамі.
Адзін з найцікавейшых праектаў школы — праваслаўны відэачасопіс “Перазвон”, які выдаюць навучэнцы. У ім гаворка ідзе пра святыя месцы Смалявіччыны і наогул нашай краіны, школьнікі расказваюць аб сваіх падарожжах па іх, аб праваслаўных святах і традыцыях, аб святых, якіх ушаноўвае царква, і інш.
Значнасць работы па духоўна-маральным выхаванні складана пераацаніць, бо што можа быць важнейшым, чым выхаваць Чалавека — добрага, шчырага, сумленнага. Удзельнікі чытанняў не раз падкрэслівалі, што іх чаканні і мэты ў рабоце не звязаны з выхаваннем рэлігійнасці навучэнцаў і іх бацькоў, а накіраваны на фарміраванне ў іх духоўна-маральных каштоўнасцей. А што можа паслужыць для гэтага лепшым падмуркам, чым праваслаўныя традыцыі беларускага народа, якія выкрышталізоўваліся на працягу стагоддзяў?
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.