У падарунак дзецям — сям’я

- 14:15Навіны рэгіёнаў

Ад навагодніх свят дзеці заўсёды нязменна чакаюць цудаў. Для тых, хто па розных прычынах пазбаўлены сямейнага цяпла, лепшым з цудаў становіцца ўтульны дом, клопат і ўвага дарослых. Менавіта такі падарунак атрымалі нядаўна амаль 20 дзяцей Гомельшчыны. У вобласці адкрыліся два новыя дамы сямейнага тыпу — у Лоеве і Гомелі.

У раённым цэнтры гэта ўжо другі па ліку дом сямейнага тыпу. Цяпер у ім бацькі-выхавальнікі Галіна і Алег Антонавы будуць гадаваць і рыхтаваць да жыцця дзяцей, якіх ужо закранулі жыццёвыя нягоды. Пакуль у доме 5 прыёмных сыноў, але хутка сям’я папоўніцца. Як правіла, у дзіцячых дамах сямейнага тыпу могуць пражываць 10 дзяцей. І бацькі-выхавальнікі гатовы даць ім сваю цеплыню і любоў.

Галіна Мікалаеўна — вопытны педагог, яна працуе прыёмным бацькам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Лоеўскага райвыканкама з 2002 года. Нядаўна атрымала спецыяльную ўзнагароду Лоеўскага аддзела адукацыі ў намінацыі “Сэрца аддаю дзецям”. 15 гадоў жанчына прысвяціла дзецям, для якіх стала сапраўднай матуляй. Васьмёра з іх ужо сталі самастойнымі, але бацькоўскі дом не забываюць, любяць прыязджаць у госці, бо ведаюць, што ім заўсёды рады.

У хлопчыкаў, якія прыйшлі ў сям’ю, радасна-разгублены выгляд. Іх уражвае і захапляе прасторны двухпавярховы дом, утульныя пакоі, камфортная мэбля, вялікі тэлевізар і падарункі, што чакалі іх пад прыбранай ёлкай. Але да шчаслівых пачуццяў прымешваецца разгубленасць: яны яшчэ не да канца вераць у тое, што цяпер у іх ёсць сям’я, што з’явяцца ўсе неабходныя рэчы, што яны будуць збірацца разам за сталом на смачны дамашні абед.

Двухпавярховы дом амаль у 200 квадратных метраў размясціўся на вуліцы Сонечнай. Як адзначыў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын, гэта вельмі сімвалічна.

— Няхай у гэтым доме заўсёды будзе мір і паразуменне, а на тварах дзяцей — сонечныя ўсмешкі, — пажадаў Сяргей Іванавіч навасёлам. — Для дарослых няма большага шчасця, чым бачыць дзяцей здаровымі і ў добрым настроі. Вельмі рады за дзяцей, якія сёння знайшлі сям’ю.

Навагодніх цудаў дачакаліся таксама 5 дзяўчынак і 4 хлопчыкі з абласнога цэнтра. Святочныя дні яны сустрэлі ў новым утульным двухпавярховым катэджы са сваімі прыёмнымі бацькамі Людмілай і Анатолем Казачэнка. Муж і жонка выгадавалі 4 дзяцей, але кажуць, што ў сэрцы яшчэ шмат нерастрачанай любові, яны хочуць падзяліцца ёй з тымі, хто пазбаўлены бацькоўскага цяпла.

Бацькі-выхавальнікі разумеюць, што напачатку бываюць складанасці і шлях да стварэння сапраўднай сям’і няпросты. Дзеткі розныя, з рознымі жыццёвымі праблемамі: 6 тры месяцы ўтрымліваліся ў гарадскім сацыяльна-педагагічным цэнтры, 1 знаходзіўся ў прыёмнай сям’і, 2 — у доме малюткі. Але Людміла Аляксандраўна і Анатоль Міхайлавіч спадзяюцца, што хутка яны і іх выхаванцы навучацца будаваць адносіны адно з адным.

Сёння ў Гомельскай вобласці адкрыты 45 дамоў сямейнага тыпу, 5 з іх узведзены ў мінулым годзе. Дом сямейнага тыпу ў Лоеве пабудаваны за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а ў Гомелі — за пазабюджэтныя сродкі, прычым інвестар не толькі ўзвёў сцены, але і цалкам абставіў пакоі неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай.

У дамах сямейнага тыпу на Гомельшчыне пражывае больш за 290 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. У хуткім часе лічба ўзрасце: у гэтым месяцы запланавана адкрыццё дома сямейнага тыпу ў Рагачове, будаўніцтва падобных аб’ектаў будзе разгорнута ў Ельску і Жлобіне.

Наталля ЛУТЧАНКА.