Нацыянальная акадэмія навук Беларусі назвала топ-10 вынікаў за 2017 год, паведамілі ў прэс-службе НАН.
Бюро Прэзідыума НАН вызначыла топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных акадэміі за 2017 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Сярод тых, што трапілі ў дзясятку, — калектыў вучоных Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (за фундаментальныя даследаванні і распрацоўку малагабарытнага мабільнага суперкамп’ютара для апрацоўкі вялікіх масіваў даных і вырашэння задач высокадакладнага мадэлявання і праектавання), аўтарскі калектыў НПЦ па матэрыялазнаўстве (за распрацоўку і сінтэз кампазіцыйных і нанаструктурных магнітных матэрыялаў, што забяспечваюць высокія функцыянальныя ЗВЧ-характарыстыкі і абарону вырабаў мікраэлектронікі ад дэстабілізуючых знешніх удзеянняў).
Вучоныя Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” ўвайшлі ў дзясятку лепшых за стварэнне метадаў і праграм разліку аптычных сячэнняў атамных ядзер з гарантаванай дакладнасцю, якія прымяняюцца пры вырашэнні навуковых і інжынерных задач атамнай энергетыкі.
Калектыў вучоных Інстытута біяарганічнай хіміі будзе ўзнагароджаны за ўстанаўленне малекулярнага механізма падаўлення імунітэту чалавека мікабактэрыямі Mycobacterium tuberculosis з мэтай стварэння процітуберкулёзных прэпаратаў новага пакалення, аўтарскі калектыў Інстытута біяарганічнай хіміі — за выяўленне новага ўніверсальнага індыкатару антыаксідантнага патэнцыялу для дыягностыкі ўстойлівасці чалавека да акісляльнага стрэсу. Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Сяргей Федаровіч адзначаны за ўстанаўленне механізма парушэнняў сінаптычнай перадачы ў нейронах у жывёл пры гіпаксіі, карэкцыя якіх дазваляе засцерагчы мозг ад пашкоджанняў пры ішэмічным інсульце.
За выяўленне і інактывацыю генаў рэгуляцыі біясінтэзу антымікробных метабалітаў у бактэрый, што дазваляе істотна павысіць прадукцыю мэтавых біялагічна актыўных злучэнняў і стварыць сродкі аховы раслін новага пакалення, адзначаны калектыў аўтараў Інстытута мікрабіялогіі.
Вучоныя Інстытута глебазнаўства і аграхіміі стварылі мікробную кампазіцыю, што спалучае ўласцівасці біяўгнаення, рэгулятара росту і біяфунгіцыду.
Аўтарскі калектыў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі распрацаваў метадалогію канверсавання электроннага арфаграфічнага запісу беларускіх слоў у фанетычную транскрыпцыю і стварэнне першага поўнага беларускага лінгвістычнага даведніка.
Вучоныя Інстытута гісторыі ўвайшлі ў лік пераможцаў за адкрыццё ў Палессі ўнікальных для сусветнай гістарычнай навукі славянскіх паселішчаў, а таксама раскрыццё працэсу фарміравання і развіцця раннеславянскай агульнасці на тэрыторыі Беларусі.
Узнагароджанне пераможцаў будзе прымеркавана да святкавання Дня беларускай навукі ў канцы студзеня 2018 года.