Да навагодніх свят дзеці атрымалі мноства розных падарункаў. А 25 хлопчыкаў і дзяўчынак на Міншчыне атрымалі падарунак асаблівы — званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2017”. І гэта не проста падарунак, а заслужаная ўзнагарода, бо кожны з іх у мінулым годзе дасягнуў нечага значнага. У новы год яны ўваходзяць у новым статусе.
Ініцыятыва вызначэння і ўшанавання лепшых дзяцей накіравана на іх адрасную падтрымку і заахвочванне, спрыяе выяўленню і мэтанакіраванаму суправаджэнню таленавітых, працавітых, ініцыятыўных і неардынарных юных жыхароў Мінскай вобласці. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці, куды прыехалі прадстаўнікі ўсіх раёнаў вобласці, горада Жодзіна, а таксама абласнога кадэцкага вучылішча і Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя.
Папярэдне кандыдатаў на званне “Вучань года Мінскай вобласці — 2017” вызначылі ў кожным раёне. Вылучэнне кандыдатаў маглі праводзіць установы адукацыі, грамадскія фарміраванні, аддзелы адукацыі, спорту і турызму райгарвыканкамаў, органы вучнёўскага самакіравання, дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні. Галоўныя патрабаванні — узрост ад 8 да 16 гадоў і дасягненне па выніках каляндарнага года высокіх паказчыкаў на абласным, рэспубліканскім, міжнародным узроўнях у розных напрамках дзейнасці.
Узнагароды дзецям уручылі начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак і яе першы намеснік Т.В.Апраніч. Кожны вучань года на сцэне атрымаў пасведчанне, спецыяльны значок і падарунак.
Ганаровае званне прысуджалася тым, хто дасягнуў поспехаў у розных кірунках дзейнасці. Так, у кірунку “Адукацыйная дзейнасць” былі адзначаны навучэнцы, якія вынікова ўдзельнічалі ў алімпіядах, конкурсах, навукова-даследчых канферэнцыях. Як, напрыклад, Карына Клачко, навучэнка гімназіі № 1 Валожына, якая стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, атрымала дыплом III ступені Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыi) вучняў у секцыі “Геаграфія”, стала пераможцай Міжнароднага конкурсу ГІС-праектаў.
Навучэнцы, якія ўдзельнічалі ў распрацоўцы і ўкараненні аўтарскіх інавацыйных праектаў былі ўзнагароджаны ў кірунку “Інавацыйная дзейнасць”. Сярод іх — Мацвей Ягораў з клецкай сярэдняй школы № 3, дыпламант адкрытай алімпіяды навучэнцаў “Крок да інавацый” і конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці. Дзякуючы свайму праекту “Вырабы з другаснай сыравіны”, Мацвей стаў прызёрам Нацыянальнага конкурсу “Прадпрымальнік года”, які праводзіцца Дэпартаментам па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Вучні года могуць ганарыцца і шматлікімі творчымі талентамі. Многія хлопцы і дзяўчаты былі ўзнагароджаны за выніковы ўдзел у творчых конкурсах рознай накіраванасці: мастацкай, дэкаратыўна-прыкладной, тэхнічнай і г.д. Напрыклад, Андрэй Маліноўскі, які вучыцца ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела, захоплены робататэхнікай і праграмаваннем, дзякуючы чаму стаў пераможцам абласнога і прызёрам рэспубліканскага этапаў конкурсаў “ТэхнаІнтэлект” і Нi-Tech, дыпламантам першага рэспубліканскага фестывалю па робататэхніцы “РобаФэст-Беларусь”.
Спартыўныя дасягненні — гэта таксама падстава для таго, каб атрымаць ганаровае званне “Вучань года”. Цяпер гэта ведае і Дар’я Ванькевіч, прадстаўніца сярэдняй школы № 3 Беразіна. Пералічыць медалі гэтай юнай спартсменкі надзвычай складана. Многа не толькі ўзнагарод, але і відаў спорту, у якіх яна дасягнула поспеху. Так, Дар’я заваёўвала медалі рознай вартасці ў першынствах Рэспублікі Беларусь па спартыўным арыентаванні і велаарыентаванні, лыжным арыентаванні і настольным тэнісе, таксама дзяўчына брала ўдзел у чэмпіянаце балтыйскіх краін і чэмпіянаце Еўропы па спартыўным арыентаванні.
Акрамя вучэбных і спартыўных спраў, многія юнакі і дзяўчаты паспяваюць займацца і справамі грамадскімі — становяцца ўдзельнікамі і лідарамі органаў вучнёўскага самакіравання, валанцёрскіх атрадаў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый. Як, напрыклад, Андрэй Сенчанка, які ў Мінскім абласным ліцэі не толькі вучыцца, але і ўзначальвае орган навучэнскага самакіравання “РЫТМ”, арганізоўвае і ўдзельнічае ў разнастайных ліцэйскіх праектах і мерапрыемствах. Такія актыўныя і ініцыятыўныя навучэнцы, як Андрэй, сталі вучнямі года ў кірунку “Грамадская дзейнасць”.
Большасць тых, хто атрымаў ганаровае званне, — старшакласнікі. Але быў сярод іх і зусім юны вучань года — пяцікласніца Марыя Ізбавіцель, якая вучыцца ў сярэдняй школе аграгарадка Касіна Лагойскага раёна. Яна дыпламант абласнога агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачыма дзяцей” і абласнога этапу Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”. Марыя — цудоўны прыклад таго, што станавіцца лепшым ніколі не рана.
Адметна, што большасць навучэнцаў, хоць і атрымалі ганаровае званне за пэўны кірунак дзейнасці, маглі б быць узнагароджаны адразу ў некалькіх. Таму што яны канцэнтруюць у сабе самае лепшае і паспяваюць усё — добра вучыцца, займацца спортам, дапамагаць людзям. Няхай жа права звацца вучнем года прынясе ім не толькі радасць і гордасць, але і натхненне, энергію развівацца далей.
Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.