У новай лічбавай эканоміцы будзе запатрабавана здольнасць да ўяўлення і фантазіі
У Парку высокіх тэхналогій адбыўся круглы стол “ІТ-адукацыя і ІТ-індустрыя: стратэгія развіцця”, які сабраў прадстаўнікоў вядучых ІТ-кампаній і ўніверсітэтаў краіны. Спецыялісты абмеркавалі пытанні, што стаяць перад сучаснай ІТ-адукацыяй.
— У новай лічбавай эканоміцы галоўнай стане здольнасць да ўяўлення і фантазіі. Магчымасць прыдумаць новую ідэю, прапанаваць іншы падыход і стварыць новы прадукт — тое, што будзе запатрабавана. Гэта вельмі адрозніваецца ад таго, што было ўчора і ёсць сёння. У гэтым і заключаецца галоўная задача новай сістэмы ІТ-адукацыі, — выказаў думку дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі.
Усевалад Вячаслававіч адзначыў, што паміж універсітэтамі і кампаніямі павінен заўсёды адбывацца абмен інфармацыяй, і падкрэсліў, што адукацыя выступае ключавым аспектам развіцця ІТ-галіны.
Вынікі мінулага года падвёў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч. Паводле яго слоў, Беларусь увайшла ў топ-9 краін, дзе створаны лепшыя ўмовы для развіцця ІТ-індустрыі. Акрамя таго, паркам было створана 5160 працоўных месцаў, 1805 з якіх занялі студэнты (82% вучацца за кошт бюджэту). Найбольшая коль-касць работнікаў прыходзіць у ПВТ з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.
— Аўтсорсінгавая мадэль не з’яўляецца ключавой для ПВТ — яна займае толькі 40% нашай дзейнасці. Больш аб’ёму вытворчасці належыць прадуктовай мадэлі, — адзначыў намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ. — Пры гэтым вялікая доля ў вытворчасці належыць рэзідэнтам з замежным капіталам. А гэта ўжо іншыя патрабаванні да ведаў.
Аляксандр Міхайлавіч перакананы, што праз 3—4 гады ІТ-галіна павінна быць гатова да таго, што колькасць людзей, якія захочуць звязаць з ёй жыццё, павялічыцца.
На абмеркаванне ўдзельнікаў круглага стала былі вынесены тры асноўныя выклікі сучаснасці: дэфіцыт кампетэнтных спецыялістаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі (старэйшае пакаленне выкладчыкаў сыходзіць, а моладзь не імкнецца да выкладчыцкай дзейнасці), нізкі ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў ІТ-спецыяльнасцей і адставанне матэрыяльнай базы.
У дакладзе “Узаемадзеянне сістэмы вышэйшай адукацыі і ІТ-індустрыі: цяжкасці і шляхі вырашэння” супрацоўнік кампаніі “ЭПАМ Сістэмз” Святаслаў Кулікоў агучыў асноўныя патрабаванні работадаўцаў да сваіх будучых спецыялістаў. З аспектаў, якія тычацца вучэбнага працэсу, ён выдзеліў валоданне англійскай мовай (нягледзячы на значную колькасць гадзін, узровень застаецца не самым высокім) і засваенне фундаментальных дысцыплін. Не менш важным, на думку прадстаўніка ІТ-сферы, з’яўляюцца і жыццёвыя навыкі: фарміраванне ў будучых спецыялістаў такіх якасцей, як самастойнасць, дысцыплінаванасць, зацікаўленасць і матываванасць.
Асноўным выклікам для ўніверсітэтаў Святаслаў Кулікоў назваў інтэрнэт-трэнінгі і анлайн-курсы, якія складаюць моцную канкурэнцыю традыцыйнай адукацыі.
— Ва ўстановах вышэйшай адукацыі прысутнічае боязь змен. Некаторыя ўвогуле не хочуць атрымаць дапамогу, а чакаюць, калі за іх нешта зробяць іншыя. Нам жа хочацца рабіць усё разам. Да таго ж ёсць адчуванне, што за спінамі прадстаўнікоў ІТ-кампаній стаяць тысячы людзей, якія таксама гатовы дапамагаць, — падзяліўся малады чалавек.
Вырашэннем акрэсленых праблем, на думку выступоўцы, стане стварэнне філіялаў кафедр пры кампаніях, выкарыстанне бясплатных інструментаў (трансляцыя на YouTube) і далучэнне людзей з вытворчасці, якія хочуць дзяліцца вопытам.
Па словах Святаслава Кулікова, энтузіястам з кампаній вельмі цяжка ўкараняць новыя метады ў вучэбны працэс. Малады чалавек лічыць, што яны могуць прыжыцца, калі такіх людзей у сістэме адукацыі стане больш. Але важна не адбіць ахвоту спецыялістаў празмерным рэгламентаваннем іх дзейнасці.
Рэзідэнты ПВТ актыўна ўзаемадзейнічаюць з сістэмай адукацыі: створаны шэраг сумесных лабараторый ІТ-кампаній і ўстаноў адукацыі, у кампаніях адкрыты філіялы кафедр, дзе студэнты набываюць практычныя навыкі.
У мэтах прафарыентацыі Парк высокіх тэхналогій разам з Міністэрствам адукацыі рэалізоўвае праект па навучанні мове праграмавання Scratch у сярэдніх школах. У ім задзейнічана больш за 560 настаўнікаў і 6420 вучняў.
Прысутным былі прапанаваны наступныя варыянты вырашэння агучаных праблем. Адносна англійскай мовы высветлілася, што ва ўніверсітэце немагчыма павялічыць колькасць гадзін, бо гэта прывядзе да скарачэння гадзін на вывучэнне іншых дысцыплін. Найбольш дзейсным метадам у такім выпадку бачыцца ўвядзенне курсаў па выбары, якія будуць выкладацца на англійскай мове.
Наконт цяжкасцей ва ўкараненні новых падыходаў у вучэбным працэсе выступоўцу апаніравала дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лівак.
— Ніхто не забараняе весці лекцыі або практычныя заняткі інакш, чым усе прывыклі. Зараз для гэтага шмат магчымасцей: вядуцца заняткі на англійскай мове, раскладам прадугледжаны не толькі традыцыйныя лекцыі, але і вэбінары, студэнты займаюцца ў філіялах ІТ-кампаній.
Загадчык лабараторыі адкрытых інфармацыйных тэхналогій факультэта вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі МДУ імя М.В.Ламаносава Уладзімір Сухамлін адзначыў, што сістэма адукацыі баіцца не інавацый, а звышінавацый. Па словах Уладзіміра Аляксандравіча, гэты страх сыходзіць менавіта ад бесплатформенных пляцовак, якія імкнуцца замяніць універсітэты.
— Стандарт павінен быць адзіным і зразумелым як школьніку, так і яго бацькам, — перакананы спецыяліст.
На думку дырэктара кампаніі “Эполь Софт” Валерыя Цыліндзя, калі існуе сістэма, якая дапамагае бакам стаць лепшымі, яна павінна базіравацца на дзяржаўным узроўні.
Кіраўнік трэнінгавага і сертыфікацыйнага цэнтра Workfusion Юрый Шыляеў падкрэсліў неабходнасць фундаментальнай адукацыі спецыялістаў у сферы аналізу і матэматыкі:
— Ва ўніверсітэтах вучаць рашаць закрытыя задачы, а ў жыцці мы сутыкаемся з адкрытымі, — правёў паралелі малады чалавек.
Вялікую ролю Юрый Шыляеў адвёў дысцыплінаванасці, расказаў, што на базе ПВТ створана больш за 30 спецыялізаваных курсаў, якія прайшлі 13 тысяч чалавек, 11 тысяч з якіх — студэнты.
Па словах спецыяліста, аднаго праведзенага семінара недастаткова, трэба, каб ён ператварыўся ў паўнавартасны курс. Малады чалавек адзначыў, што са свайго боку цэнтр гатовы прадастаўляць для карыстання ўніверсітэтамі бясплатны інструментарый, а таксама вучыць выкарыстоўваць тыя сродкі, якімі валодаюць самі ўстановы.
Прысутныя таксама абмеркавалі аспекты стымулявання працы выкладчыкаў ІТ-факультэтаў. Удзельнікі круглага стала вырашалі наступныя пытанні: ці не створыць стымуляванне выкладчыкаў асобных прадметаў “выбух” незадаволенасці сярод астатніх? Як выбраць прадстаўнікоў універсітэта, якіх можна стымуляваць? Хто будзе адказ-ваць за гэты працэс?
Госці круглага стала выказаліся, што неабходнасць такой падтрымкі існуе, і прапанавалі праводзіць адбор кандыдатаў праз конкурс, улічваючы рэйтынг іх навуковых работ, якія цытуюцца. У ходзе конкурсу пытанне “Чаму гэты чалавек, а не іншы?” знікне. Было прапанавана, каб універсітэт выконваў заказ ад фірмы, і па выніках работы вырашалася, чыю дзейнасць можна стымуляваць.
— Калі ўніверсітэт будзе займацца толькі выкладчыцкай дзейнасцю, ён загіне, і следам знікнуць ІТ-кампаніі, — рэзюмавалі прысутныя.
Дэкан факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР Валерый Прыткоў выказаў думку, што пры выбары выкладчыкаў, дзейнасць якіх плануецца прастымуляваць, для большай аб’ектыўнасці неабходна прыслухоўвацца да выпускнікоў канкрэтнай установы, якія працяглы час працуюць у ПВТ.
Удзельнікі круглага стала адзначылі, што існуе таксама праблема размеркавання падобных інвестыцый на ўзроўні вышэйшых навучальных устаноў.
— Для таго каб сістэма працавала, яна павінна быць замкнутай. Парку высокіх тэхналогій варта арганізаваць маніторынг, як гэтыя інвестыцыі ўплываюць на развіццё магчымасцей таго ці іншага выкладчыка. І не важна, у якой форме выкладчык будзе праводзіць заняткі (традыцыйныя лекцыі або вэбінар), галоўнае, каб гэта было карысна студэнту, — адзначыў генеральны дырэктар кампаніі “IBA IT Park” Сяргей Акуліч. — ІТ-кампаніі павінны вызначыць, якія дысцыпліны ў будучыні будуць найбольш запатрабаванымі.
У ходзе дыскусіі было вырашана стварыць орган маніторынгу ПВТ, куды ўвойдуць таксама дэканы і загадчыкі кафедр вядучых універсітэтаў.
Удзельнікі круглага стала акрэслілі найбольш буйныя праблемы. Згодна з меркаваннем прадстаўнікоў ІТ-кампаній, пры навучанні студэнтаў недастаткова ўвагі ўдзяляецца праграмнай архітэктуры, сучасным праграмным сродкам і тэхналогіям. Бізнесмены лічаць, што праграмы часта далёкія ад патрэб рынку працы, носяць “затэарэтызаваны” характар і амаль не маюць практычнай скіраванасці.
Паколькі прыярытэтным напрамкам для ІТ-краіны сёння выступае распрацоўка ўласных ІТ-прадуктаў, чакаецца, што патрабаванні да якасці падрыхтоўкі кадраў у найбліжэйшы час узрастуць. Акрамя гэтага, у ПВТ плануюць актыўна развіваць найноўшыя напрамкі інфармацыйных тэхналогій: DataScience, Blockchain, новыя галіны штучнага інтэлекту і інш. Работадаўцы адзначылі, што па шэрагу спецыяльнасцей патрэбна ўзмоцненая падрыхтоўка ў тых сферах, развіццё якіх адбываецца хутчэй, чым на гэта паспяваюць рэагаваць універсітэты. Удзельнікі круглага стала заўважылі, што падобная праблема існуе ва ўсім свеце.
— У наш час веды абясцэньваюцца. Каштоўнасць набіраюць тыя спецыялісты, якія могуць прымяніць іх на практыцы, — падвёў вынікі дырэктар Адукацыйнага цэнтра ПВТ Вадзім Зелянкоў.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.