З вялікай любоўю да малой радзімы

- 12:15Калегіі, пасяджэнні

Для наведвальнікаў ХХІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі” “Настаўніцкая газета” падрыхтавала насычаную праграму, галоўным лейтматывам якой стала тэма малой радзімы. “Вывучэнне малой радзімы: вопыт, праблематыка, перспектывы” — так называўся круглы стол, які наша выданне правяло ў рамках выставы ў Год малой радзімы па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі сумесна з Выдавецкім домам “Звязда”. Што значыць для кожнага з нас малая радзіма? Як захаваць яе адметнасць? Як вывучаць і папулярызаваць гэтую адметнасць? Як перадаць любоў да любага куточка будучым пакаленням? Адказы на гэтыя пытанні шукалі выкладчыкі, педагогі, навучэнцы, журналісты.

Пытанні вывучэння роднага краю, папулярызацыі гісторыка-культурнай, этнаграфічнай спадчыны малой радзімы рэгулярна асвятляюцца на старонках “Настаўніцкай газеты” ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”, тэматычных рубрыках “Краязнаўства”, “Музейная педагогіка”, праекце “Родная зямля”. Нашы чытачы аператыўна інфармуюцца аб выніках конкурсаў і ходзе рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Сёлета з нагоды Года малой радзімы была аб’яўлена адпаведная рубрыка “Малая радзіма”. На старонках нашага выдання рэгулярна ўзнімаецца і тэма супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з грамадскімі арганізацыямі, установамі сістэмы культуры, міністэрствамі і ведамствамі ў справе папулярызацыі спадчыны малой радзімы.

Педагогі вядуць актыўную краязнаўчую работу, рэгулярна з’яўляюцца метадычныя напрацоўкі па краязнаўстве, цікавыя знаходкі, якія становяцца прадметамі музейных экспазіцый. Журналістам важна валодаць гэтай інфармацыяй і аператыўна даносіць яе да чытачоў. Таму для нас (прадстаўнікоў “Настаўніцкай газеты”, “Звязды”, а таксама часопіса “Народная асвета”, якія таксама прынялі ўдзел у круглым стале) вельмі важна як мага часцей сустракацца з педагогамі ў падобным фармаце, дзяліцца думкамі, пераймаць вопыт, шукаць тэмы для сваіх будучых матэрыялаў.

А.Я.Кравец: “Год малой радзімы — гэта наш з вамі год. Наогул, для педагога-краязнаўца кожны год — гэта год малой радзімы, бо краязнаўства — гэта і ёсць пазнанне малой радзімы. Краязнаўства немагчыма без турызму. Тут часта ўзні­каюць жартаўлівыя спрэчкі: турысты з’яўляюцца краязнаўцамі ці краязнаўцы з’яўляюцца турыстамі. Аднак нельга ўбачыць адметнасці малой радзімы, не хо­дзячы па роднай зямлі. Турысты — гэта і ёсць краязнаўцы, а краязнаўцы — гэта і ёсць турысты. Калі мы будзем апантанымі, будзем, вобразна кажучы, гарэць, вывучаючы малую радзіму, то ад нас будуць запальвацца і дзеці”.

Кожны педагог выдатна ведае, што ва ўстановах адукацыі краіны праводзіцца актыўная, маштабная, сістэмная краязнаўчая работа. На жаль, пра гэтую работу не ведае шырокае кола грамадства. І да сённяшняга часу застаецца адкрытым пытанне папулярызацыі работы сістэмы адукацыі сярод прадстаўнікоў не сістэмы адукацыі. Неаднаразова даводзілася бываць на мерапрыемствах, прысвечаных вывучэнню роднага краю, праўда, з удзелам ужо не педагогаў. І кожны раз, калі пачынаюць прапаноўваць актывізаваць работу па вывучэнні малой радзімы ва ўстановах адукацыі, ствараць у школах і гімназіях краязнаўчыя гурткі, цябе перапаўняе крыўда, асабліва калі ведаеш, што ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае 2599 аб’яднанняў па інтарэсах турыстычна-краязнаўчага кірунку, дзе займаюцца 33 589 навучэнцаў.

П.Я.Сухарукаў, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”: “Усе мы родам з малой радзімы. Для кагосьці Мінск — малая радзіма, а для большасці з нас малая радзіма — гэта ціхі куточак Беларусі, які заўсёды чакае нас. Я сам родам з Мастоў і заўсёды гавару сваёй маме, калі прыязджаю дадому, што па-сапраўднаму выспацца магу толькі ў Мастах. Тэма малой радзімы бясконцая, а любоў да малой радзімы — галоўная рэч, на якой грунтуецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Важна, каб падчас круглага стала мы не проста паразважалі над тым, што для кожнага з нас значыць малая радзіма, але і неабходна, каб нешта важнае засталося ў нас у сэрцы пасля сустрэчы”.

Здаецца, яшчэ ўчора ты быў у камандзі­роўцы, слухаў цікавы працяглы аповед настаўніка пра тое, як разам з вучнямі ён вандруе па малой радзіме, вывучае яе, знаёмішся з багацейшай скарбонкай сабранага краязнаўчага матэрыялу, а сёння людзі, для якіх тэма краязнаўства не з’яўляецца чужой, гавораць, што пытанням вывучэння роднага краю ў школах не ўдзяляецца належная ўвага. Крыўдна? Канечне. Развеяць гэта і паспрабавала загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, якая паведаміла пра сістэму краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі краіны.

— Падчас сустрэч з педагогамі-краязнаўцамі мы заўсёды даносім думку, што вывучэнне роднага краю павінна весціся комплексна, доўгатэрмінова, а не разава. Краязнаўчая работа ва ўстановах адукацыі краіны вядзецца даўно. У савецкі час акцэнт рабіўся на вывучэнне вялікай краіны СССР, а вось на малой радзіме акцэнт пачаў рабіцца ў 1992 годзе, калі пачала дзейнасц­ь усебеларуская турыстычна-краязнаўчая экспедыцыя “Наш край”. Былі выпрацаваны кірункі, з’явіліся здабыткі. Час ішоў, і краязнаўчую работу ва ўстановах адукацыі неабходна было выводзіць на новы ўзровень. І ў 2006 годзе ў Крычаве быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі навучэнскай мола­дзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна.

Ужо 12 гадоў “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” крочыць па краіне. У рамках конкурсаў і праектаў акцыі праводзіцца пошукавая дзейнасць, накіраваная на даследаванне малой радзімы, яе малавядомых аб’ектаў, славутых мясцін і каштоўнасцей па такіх напрамках, як “Мой род, мая сям’я”, “Мая вёска, мой горад”, “Мая школа — часцінка майго жыцця”, “Мая Радзіма — Беларусь”. Акцыя доўгатэрміновая і можа праводзіцца бясконца. Напрыклад, па напрамку “Мой род, мая сям’я” складаюцца радаводы. Адны дзецівыпускаюцца, прыходзяць іншыя — такім чынам, вывучэнне радаводаў ідзе бесперапынна.

А.М.Загідулін: “У нашым універсітэце рэалізоўваецца канцэпцыя практыка-арыентаванага навучання. Мы імкнёмся, каб студэнты пісалі навуковыя работы, звязаныя з гісторыяй малой радзімы. Цяпер мая студэнтка піша работу пра гісторыю сацыяльна-эканамічнага і грамадска-культурнага жыцця Малога Мажэйкава. Аднак у вывучэнні малой радзімы (для большасці з нас гэта сельскія населеныя пункты) узнікаюць праблемы. Калі хочаш, скажам, знайсці інфармацыю пра гісторыю адкрыцця Калумбам Амерыкі, то тут дастаткова зайсці ў інтэрнэт. Калі ж ты хочаш знайсці гісторыю Малога Мажэйкава, то тут ужо трэба ісці ў архіў. Па некаторых аб’ектах вельмі мала літаратуры або зусім няма”.

Акцыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, якая з’яўляецца асновай краязнаўчай работы ва ўстановах адукацыі, — гэта не толькі конкурсы, але і праекты. Як адзначыла Аляксандра Яўгенаўна, па выніках праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы” навучэнцамі сабраны багаты відэаматэрыял па адметнасцях населеных пунктаў Беларусі. Дык чаму б на аснове гэтых матэрыялаў не стварыць інтэрактыўную карту нашай краіны? Клікаеш, скажам, па значку, што абазначае Полацк, і на экране з’яўляецца відэаролік, які расказвае пра адметнасці гэтага старажытнага горада. Ды нават не адзін відэаролік! І так па кожным райцэнтры. Відэакалекцыя багатая. Застаецца толькі стварыць электронную карту Беларусі. Аднак тут супрацоўнікам Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства самім не справіцца, патрэбны зацікаўленыя партнёры.

— Тэма партнёрства, супрацоўніцтва з міністэрствамі і ведамствамі, грамадскімі арганізацыямі ў справе вывучэння малой радзімы надзвычай актуальная. Найбольш актыўна такая работа вядзецца з Міністэрствам культуры, асобнымі ўстановамі сістэмы культуры, напрыклад, Нацыянальным гістарычным музеем, Нацыянальным мастацкім музеем. Акрамя таго, традыцыйныя краязнаўчыя чытанні, якія з’яўляюцца выдатнай пляцоўкай для папулярызацыі педагогамі-краязнаўцамі свайго вопыту, рэгулярна праводзяцца або ў ратушах, або ў палацах, або ў музеях сістэмы культуры. У цэлым работа з партнёрамі зладжаная, аднак менавіта ў рабоце музеяў у нас якраз і з’яўляюцца непаразуменні. З 2016 года, калі прыняты Кодэкс аб культуры, уведзены змены ў дзейнасць музеяў, у тым ліку музеяў устаноў адукацыі, якіх сёння налічваецца 1415. Усе яны сталі дзяржаўнымі. Аднак школьным, у адрозненні ад музеяў сістэмы культуры, складана выконваць усе патрабаванні дзеючага заканадаўства. Таму работа па вырашэнні пытанняў, якія тут узнікаюць, працягваецца. Цеснае супрацоўніцтва ў краязнаўчым плане наладжана і з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Стала традыцыйным праводзіць Калядныя чытанні, Свята-Ефрасіннеўскія чытанні ў Полацку, — паведаміла Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Сапраўды, у сістэме адукацыі краіны створана эфектыўная сістэма краязнаўчай работы. Ёй ахоплены навучэнцы ўсіх ступеней адукацыі: дашкольнай, пачатковай, базавай, сярэдняй. Не застаецца ўбаку і вышэйшая школа. Пра гістарычнае і філалагічнае краязнаўства як вучэбна-выхаваўчы напрамак работы УВА паведаміў выкладчык Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксей Мікалаевіч Загідулін.

— У нашым універсітэце зацверджаны спецыяльны план мерапрыемстваў у Год малой радзімы, якія рэалізоўваюцца на ўсіх факультэтах: і айцішнікамі, і інжынерамі, і будаўнікамі, і філолагамі, і гісторыкамі. У кожнага свая спецыфіка. Для нас, выкладчыкаў і студэнтаў факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, краязнаўства — гэта жыццё. На факультэце працуе студэнцкі гісторыка-краязнаўчы гурток, удзель­нікі якога актыўна займаюцца краязнаўчымі даследаваннямі, кожны год вы­даюць зборнік матэрыялаў “Рэха мінуўшыны”. У нашым універсітэце краязнаўства засяроджваецца на двух кірунках: філалагічным і гістарычным. Калі гаварыць пра філалагічнае краязнаўства, то тут варта адзначыць даследаванні па фразеалогіі, якія заклаў прафесар Іван Якаўлевіч Лепешаў, аўтар фразеалагічных слоўнікаў. Яго справу працягвае Мікалай Аляксандравіч Даніловіч, ён займаецца рэгіянальнай фразеалогіяй і з’яўляецца аўтарам “Слоўніка дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны”. Наогул, у ГрДУ імя Янкі Купалы выдаецца вялікая колькасць краязнаўчай літаратуры. Напрыклад, нядаўна сумесна з Польшчай і Украінай быў выдадзены зборнік маршрутаў па вывучэнні каля 20 мястэчак Гродзеншчыны з акцэнтам на яўрэйскую культуру. Гэтая кніга будзе цікавай у першую чаргу для экскурсаводаў, якія займаюцца настальгічным турызмам, — паведаміў Аляксей Мікалаевіч.

В.А.Кнышаў, галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”: “У нашай журналісцкай прафесіі ёсць адна прыемная асаблівасць: магчымасць мець зносіны з апантанымі людзьмі. Сёння за круглым сталом сабраліся тыя, для каго словы “малая радзіма” — гэта і прафесія, і хобі, і сэнс жыцця. Краязнаўства, этнаграфія, культура малой радзімы, часткі вялікай радзімы — гэта тое, чаму вы прысвячаеце прафесійнае і асабістае жыццё. Мы і нашы чытачы вам за гэта вельмі ўдзячны. Удзячны, безумоўна, і вашы вучні, з якімі вы падымаеце тыя пласты, якія потым фарміруюць патрыятызм, любоў, без якой немагчыма будаваць ні цяперашнюю, ні будучую Беларусь. Таксама мы ўдзячны “Звяздзе”, з якой разам арганізавалі круглы стол. Нам важна, каб пазіцыя вучнёўскага, настаўніцкага краязнаўства прагучала на старонках не толькі прафесійнага, але і такога паважанага грамадска-палітычнага выдання”.

Ёсць розныя формы краязнаўчых даследаванняў. Нехта адпраўляецца разам з вучнямі ў паход, нехта запісвае ўспаміны старажылаў, нехта фатаграфуе аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна Ірына Іосіфаўна Дубейка пры вывучэнні малой радзімы актыўна выкарыстоўвае інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт-рэсурсы. Гэта адзін з перспектыўных кірункаў краязнаўчай дзейнасці, паколькі вучні значную частку свайго дня праводзяць за камп’ютарам, у віртуальным свеце. Дык чаму б гэты час не праводзіць з карысцю?

Падчас круглага стала неаднаразова закраналася пытанне канкрэтных спраў на карысць малой радзімы. Вывучэнне — гэта добра, папулярызацыя ведаў — таксама выдатна. А ці могуць настаўнікі-краязнаўцы разам з вучнямі зрабіць сваю малую радзіму больш утульнай і прыгожай? Разгорнуты адказ на гэтае пытанне дала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 25 Мінска Аліна Казіміраўна Пахвалёная. Калі Ірына Іосіфаўна Дубейка расказвала пра вывучэнне сельскіх населеных пунктаў Баранавіцкага раёна, то Аліна Казіміраўна тэму свайго выступлення абазначыла так: “Вялікі горад як малая радзіма”. Малой радзімай у вялікім горадзе для яе навучэнцаў з’яўляецца Заводскі раён, які сёлета адзначае 80-гадовы юбілей. Выхаванцы Аліны Казіміраўны ведаюць гэты раён да драбніц, да самага маленькага завулачка. Усё тут ім блізкае, дарагое, а дапамагло сфарміраваць гэтую любоў краязнаўства.

І.І.Дубейка: “Выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў у краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца перспектыўным напрамкам. Толькі дзякуючы інтэрнэту, мне ўдалося знайсці рэдкія матэрыялы. Напрыклад, цікавае паведамленне англійскага карэспандэнта газеты “Таймс” Роберта Уілтана пра падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Баранавіцкага раёна. На тэматычных сайтах мы з вучнямі знайшлі вялікую колькасць інфармацыі пра па­дзеі 1941 года пад Баранавічамі. Інтэрнэт — гэта агромністая скарбонка карыснай інфармацыі. Важна гэтую інфармацыю правільна знаходзіць. І яшчэ: на жаль, у інтэрнэце амаль нельга знайсці мультфільмы, займальныя праграмы для дзяцей па гісторыі Беларусі. А іх так карысна было б выкарыстоў­ваць у краязнаўчай дзейнасці з навучэнцамі”.

Яшчэ ў 2009 годзе, які быў аб’яўлены Годам роднай зямлі, настаўніца зрабіла з вучнямі шмат карысных спраў для ўшанавання Заводскага раёна. Многія гады ў гімназіі рэалізоўваецца праект “Памяць сэрца”, у рамках якога створаны 28 навуковых работ, аўдыя-, відэаматэрыялы, малюнкі, распрацаваны экскурсіі, гульні. Асаблівае месца ў рабоце адводзіцца тэме Вялікай Айчыннай вайны. Недалёка ад гімназіі, на вуліцы Ташкенцкай, была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Зіновія Рыгоравіча Калабанава — у доме, дзе жыў ветэран. Праект працягваецца. У яго ўключыліся прадстаўнікі калегіяльнага органа тэрытарыяльнага самакіравання на чале са старшынёй Барысам Анатольевічам Герашчанкам, які разам з вучнямі і адміністрацыяй змагаюцца за прысваенне скверу каля гімназіі і адной з вуліц Заводскага раёна імя З.Р.Калабанава. Сумеснымі намаганнямі ўжо высаджаны дрэўцы ў скверыку каля гімназіі, праводзяцца рэгулярныя суботнікі. Акрамя таго, плануецца стварэнне кінафільма пра легендарнага танкіста-аса і ўстанаўленне помніка герою.

— Выпушчаны зборнік пра ветэранаў “Гісторыя ў асобах і дакументах”. Таксама праведзена вялікая пошукавая работа па выяўленні жыццёвага шляху непаўналетніх вязняў. Пастаянна папаўняецца банк даных пра ветэранаў вайны і тылу, непаўналетніх вязняў, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мы прымаем актыўны ўдзел у акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у рамках якой напісалі работу “Сем цудаў Заводскага раёна” і выявілі восьмы цуд. Большасць вучняў, сярод якіх мы праводзілі апытанне, напісалі, што гэта мемарыяльны комплекс “Трасцянец”, які мы часта наведваем, — падзялілася Аліна Казіміраўна.

А.К.Пахвалёная: “Улічваючы захапленне моладзі камп’ютарамі, новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, мы зрабілі выснову, што трэба выкарыстоўваць патэнцыял інтэрнэту. Цяпер, каб апынуцца ў атмасферы Вялікай Айчыннай вайны, стац­ь сведкамі яе незабыўных падзей, неабавязкова выходзіць з дому, можна наведаць тэматычны сайт гімназіі № 25 Мінска і пазнаёміцца з кнігай “І помніць свет выратаваны”, дзе прадстаўлены тры вялікія раздзелы, сярод якіх “Летапіс Вялікай Айчыннай вайны ў вучнях даваеннай 25-й школы імя Чарвякова”. Асаблівае месца ў гэтым спісе займае аповед пра Рэму Іванаўну Шаршнёву, якая закрыла сабой амбразуру нямецкага дзота на любанскай зямлі і чыё імя носіць наша гімназія. Кожны жадаючы можа выбраць сабе тэму і здзейсніць віртуальную экскурсію па кнізе памяці”.

Калі для многіх вучняў настаўніцы малая радзіма — гэта сталічны Заводскі раён, то для самой Аліны Казіміраўны такім месцам з’яўляецца вёска Сноў Нясвіжскага раёна. У рамках конкурсу на лепшы летапіс населенага пункта акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” была створана даследчая работа “Зямля жыцця, зямля стваральнікаў”, прысвечаная Снову. Разам з вучнямі настаўніца распрацавала гісторыка-краязнаўчы маршрут, аформіла ў гімназічным народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Невычэрпная крыніца гісторыі” раздзел экспазіцыі пра мясціны дзяцінства. Такім чынам педагог унесла свой уклад у папулярызацыю спадчыны малой радзімы. А пра вучнёўскі ўклад паведамілі падчас круглага стала самі выхаванцы сталічнай 25-й гімназіі. Яны расказалі пра работы “А з узростам ён толькі маладзее”, прысвечаную мікрараёну Чыжоўка, і “Асаблівасці найменняў вуліц Заводскага раёна Мінска”. І яшчэ адзін прыемны нюанс падчас выступлення Аліны Казіміраўны: аказваецца педагог больш за 30 гадоў сябруе як з “Настаўніцкай газетай”, так і з газетай “Звязда”. Калі б падчас выставы ўзнагароджваліся самыя адданыя падпісчыкі, то, безумоўна, Аліна Казіміраўна стала б уладальніцай двух дыпломаў.

У адрозненні ад сталічнай 25-й гімназіі, якая размешчана сярод шматпавярховікаў, двор вілейскай гімназіі № 2 выхо­дзіць у лес. Атрымліваючы адукацыю ў такім маляўнічым месцы, нельга не любіць малую радзіму. З усіх кірункаў краязнаўчай дзейнасці, якую разам з вучнямі право­дзіць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мікалай Міхайлавіч Іваненка, вылучаецца сямейнае краязнаўства. І гэта не толькі вывучэнне радаводаў. Ёсць такая цікавая з’ява, як узаемаадносіны ў сям’і. Яны таксама маюць гісторыю і падмурак, а яшчэ часта напоўнены цяжкасцямі, непаразуменнямі. Вывучаючы сямейныя ўзаемаадносіны, Мікалай Міхайлавіч адначасова прапагандуе сярод вучняў і бацькоў традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

М.М.Іваненка: “Мы з калегамі сутыкаемся з такой праблемай: дзеці часта не ведаюць імёны па бацьку сваіх дзядуляў і бабуль, не ведаюць дзявочыя прозвішчы бабуль. Таму вывучэнню радаводаў мы ўдзяляем значную ўвагу. Нашы дзеці добрыя, аднак перад імі адкрыты такі шквал, такое бяздонне інфармацыі, з якой цяжка выйсці чалавекам, але пры гэтым яны захоўваюць чалавечыя якасці. І калі прадстаўляюць свае радаводы, то нярэдка плачуць. Толькі жывая душа можа заплакаць, калі расказвае пра сваіх бабулю або дзядулю, прабабулю або прадзядулю, іх гаротны лёс”.

— На жаль, сёння сямейныя адносіны паміж мужам і жонкай часцей за ўсё будуюцца так, што ніхто нікому не хоча саступаць, барацьба ідзе ўсё жыццё, на гэта трацяцца гады, а пакутуюць у першую чаргу дзеці. Яны не толькі жывуць паміж двух агнёў, але і ўбіраюць у сябе традыцыі такіх узаемаадносін, пераносяць іх потым на свае сем’і. Адкрыццё ў гімназіі цэнтра па духоўна-маральным выхаванні з’яўляецца актуальнай справай. У гэтым годзе мы працавалі над праектам стварэння вясельных лялек-неразлучнікаў (падрабязна пра гэта можна пачытаць у “НГ” № 74 ад 08.07.2017. — Заўв. аўт.). Аднак мы не закладваем у іх нейкі магічны сэнс, паколькі мы хрысціяне. Падчас стварэння такіх лялек дзецям і бацькам мы расказваем, што шлюб — гэта калі ты ідзеш служыць іншаму чалавеку і нічога не чакаеш ад яго, прымаеш яго такім, які ён ёсць. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць на сямейнае шчасце. На жаль, далёка не ва ўсіх сем’ях разумеюць гэта, — паведаміў Мікалай Міхайлавіч.

Што ж ляжыць у аснове ладу ў сям’і? Вучні вілейскай гімназіі № 2 ведаюць, што гэта ў першую чаргу вера ў Бога, тое, што дае чалавеку энергію жыццёвую і ўсё для жыцця. Потым аўтарытэт бацькоў, які цяпер таксама скасаваны, у першую чаргу ўзаемаадносінамі паміж мужам і жонкай, іх паво­дзінамі. Працавітасць і адносіны да працы як да асновы жыцця. Цнатлівасць. Дысцыпліна жыцця. Радасць жыцця. На думку Мікалая Міхайлавіча, у выхаваўчай рабоце важна навучыць дзяцей калыханкам і забаўлянкам, на якіх вырасталі многія пакаленні. “Хлопчык і дзяўчынка, асабліва ў падлеткавым узросце, — гэта два асобныя светы. Было б добра, калі б хоць на нейкім этапе мы мелі магчымасць асобнага выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак”, — падзяліўся педагог сакрэтамі сямейнага шчасця.

На падвядзенні вынікаў круглага стала было адзначана, што для людзей, якія працуюць у галіне адукацыі, стаіць задача не толькі ў вывучэнні малой радзімы, як было абазначана ў тэме круглага стала, але і ў выхаванні моладзі праз вывучэнне роднага краю. І з гэтай задачай удзельнікі круглага стала паспяхова спраўляюцца. З вялікай любоўю да малой радзімы яны выхоўваюць сапраўдных грамадзян.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.