Дэкан дыктуе…

- 11:48Навіны рэгіёнаў

Адна справа — пісаць дыктоўку ў школе і зусім іншая — ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, калі ў ролі настаўніка выступае дэкан факультэта. Удзельнікі профільнага аздараўленчага лагера “Настаўнік Next” напісалі работу, якую прадыктавала ім дэкан педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Якаўлеўна Кострыца.

Лагер “Настаўнік Next” дзейнічаў на базе педагагічнага факультэта ГрДУ. Яго ўдзельнікі — вучні сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска, якія плануюць звязаць свой прафесійны лёс з педагогікай. У гэтым годзе ў Гродна прыехалі 20 вучняў і 4 настаўнікі. Ініцыятарамі правядзення такога лагера сталі ўпраўленне адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама і педагагічны факультэт ГрДУ.

— Наша супрацоўніцтва з ваўкавыскай школай № 7 не абмяжоўваецца летнім часам, — гаворыць адна з каардынатараў праекта дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання педагагічнага факультэта Алена Мікалаеўна Лапкоўская. — Вучні прыязджаюць ва ўніверсітэт на асенніх і вясновых канікулах, наведваюць заняткі, паглыбляюцца, так бы мовіць, у новае асяроддзе, а настаўнікі праводзяць майстар-класы для студэнтаў. У сваю чаргу нашы выкладчыкі таксама бываюць у школе з рознымі мерапрыемствамі.

Праграма лагера складзена так, каб вучні маглі больш даведацца аб прафесіі педагога. Сярод мерапрыемстваў — ток-шоу “Настаўнік — гэта гучыць горда?”, трэнінгі “Мая будучая прафесія”, “Інавацыйная стратэгія развіцця асобы: праз самакіраванне — да канкурэнтаздольнасці”, лекцыя-гутарка “Роля педагога ў сучасным грамадстве”, а таксама інтэлектуальныя, творчыя і спартыўныя конкурсы. Арганізоўваюцца заняткі па матэматыцы, рускай і беларускай мовах.

— Мне падабаецца рытм, актыўнасць нашай работы ў лагеры, — гаворыць Яўген Шэндзік, вучань сярэдняй школы № 7, член Рэспубліканскага савета маладзёжных парламентаў Міністэрства адукацыі, старшыня камісіі па развіцці валанцёрскага руху. — А яшчэ мы маем магчымасць акунуцца ў студэнцкае жыццё, жывём у інтэрнаце; у нас праводзяць заняткі выкладчыкі ўніверсітэта.

Вучаніца педагагічнага класа Кацярына Якалцэвіч дапаўняе расказ Яўгена сваімі ўражаннямі:

— Да нас вельмі ўважліва ставяцца, паказваюць усё жыццё ўніверсітэта. У лагеры я першы раз, а вось у ГрДУ была на асенніх і вясновых канікулах. Такое знаёмства з прафесіяй і студэнцкім жыццём дапаўняе веды, якія я атрымліваю ў педагагічным класе.

Дырэктар лагера настаўнік рускай мовы і літаратуры Таццяна Сцяпанаўна Закарына гаворыць, што цікавасць сярод вучняў да такой формы летняга адпачынку ў гэтым годзе была вельмі вялікай — удзельнікаў лагера адбіралі на конкурснай аснове.

Акрамя заняткаў, былі арганізаваны сустрэчы з дэканамі факультэтаў і членамі прыёмнай камісіі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый ГрДУ. Школьнікі наведалі музей гісторыі ўніверсітэта, студэнцкі медыяцэнтр, а таксама гарадскія музеі, тэатр.

У гэтым годзе ўдзел у мерапрыемствах лагера “Настаўнік Next” прымалі і вучні сярэдняй школы № 39 Гродна, на базе якой створаны педагагічны цэнтр ГрДУ.

Ну а ўніверсітэцкую дыктоўку школьнікі пісалі ў аўдыторыі, якая носіць імя першага рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы А.В.Бадакова.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.