Новае жыццё старой школы

- 13:03Навіны рэгіёнаў, Рознае
Новы год вучні і педагогі Ржаўскай базавай школы Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці сустрэлі ў абноўленым і сучасным будынку. Напярэдадні свят у навучальнай установе была паспяхова завершана маштабная рэканструкцыя.

Ржаўская школа размяшчаецца ў будынку 1980 года пабудовы. Дагэтуль ён не адпавядаў сучасным патрабаванням да арганізацыі навучальнага працэсу, і таму ў 2010 годзе было прынята рашэнне аб рэканструкцыі старога будынка, а таксама ўзвядзенні прыбудовы.
На будаўнічыя работы было выдаткавана больш за дванаццаць мільярдаў рублёў. Але, па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Слаўгарадскага райвыканкама Аляксандра Леанідавіча Аўчыннікава, такое значнае ўкладанне бюджэтных сродкаў цалкам апраўдала сябе. Бо зараз у ржаўскіх школьнікаў з’явіліся пашыраны харчаблок, абсталяваная ўсім неабходным спартыўная зала, а таксама тры новыя добраўпарадкаваныя вучэбныя класы. Акрамя таго, у ходзе рэканструкцыі ў школе было поўнасцю заменена цепла- і водазабеспячэнне, аконныя і дзвярныя блокі.
Доўгачаканае адкрыццё абноўленай школы вучні і педагагічны калектыў сустрэлі агульнашкольнай лінейкай. Ва ўрачыстай абстаноўцы была перарэзана чырвоная стужка, не абышлося і без падарункаў да наваселля. Ад мясцовай выканаўчай улады і спонсараў навучальная ўстанова атрымала камп’ютар, прынтар, бытавую тэхніку, спартыўнае абсталяванне.
Пасля віншавальных прамоў расчыніліся школьныя дзверы, прымаючы навасёлаў. Парадкам і ўтульнасцю сустрэлі вучняў прасторныя класы, не пакідаючы ніякіх сумненняў у тым, што ў такіх камфортных умовах яны дасягнуць самых высокіх поспехаў у вучобе.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Слаўгарадскага райвыканкама.